З нагоды Еўрамайдану


Тры рэчы моцна радуюць сэрца з нагоды падзеяў ва Ўкраіне.

Па-першае – той эфект, які зрабіў начны разгон Майдану ў мінулую нядзелю; той факт, што эфект тут аказаўся роўна процілеглым таму, на які разлічвалі ўлады!.. Грамадства, абуранае жорсткім разгонам, хлынула на вуліцы і плошчы ў такіх вялізных колькасцях, якіх, мажліва, і не было бы, калі б не жорсткія дзеянні “Беркута”. Так трымаць!!!.. Самае цудоўнае пакаранне для прыхільнікаў жорсткіх метадаў – дазнацца, што падобныя метады ня дзейнічаюць, што вольналюбівыя праявы чалавечай душы не заўжды спыніш рэпрэсіўным апаратам... 

І, калі ўжо гаварыць пра гэткі маральны складальнік – адзначу, што цяперашні выбух грамадзянскае актыўнасці ўкраінцаў ні ў якім разе не з’яўляецца нагодай абвінавачваць беларусаў у недастатковай адвазе. Гэта ледзьве не тое ж самае, што абвінавачваць людзей ў тым, што не выходзілі на плошчы ў часы сталіншчыны. Нездарма, беларуска, якая апынулася ў гушчы падзеяў у ноч калі адбыўся разгон, кажа: усё адно нашмат меней страшна, чым у Беларусі...  

...Па-другое, нагодай для радасці ёсць усведамленне, што для ўдзелу ў гэтых пратэстах грамадзянам Украіны ну зусім не патрэбныя русафобскіх ці нават моцна “заходніцкіх” настрояў. Дастаткова жадання жыць у рацыянальна арганізаванай, прававой дзяржаве. 

На дадзеным этапе, мяркую, выбар “ЕЗ ці Расія” – не “цывілізацыйны”, а прававы. Нават калі ўкраінец з’яўляецца гарачым прыхільнікам расійскай культуры, святой Русі ці нат ідэі “Рускага свету”, - усё адно яму цяжка не зразумець, што з Расіяй – на дадзеным этапе! - ня варта ўступаць у палітычныя ці эканамічныя звязы. Цяперняя расійская дзяржава – гэта, на жаль, не Святая Русь, а алігархічная дыктатура, што імкліва робіцца ўсё больш рэпрэсіўнай. Таму - нават для пазначанага абстрактнага ўкраінца-славянафіла - лепей сваю любоў да Расіі выражаць у культурным і духоўным супрацоўніцтве, але ўступленне ў якіясьці саюзы адкласці да той пары, пакуль Расія эвалюцыяніруе ў адэкватную і вольную дзяржаву. 

Цяперашняя Еўропа – далёка не ідэал. Хапае праблем, багата і людзей, якія апынуліся ў экстрэмальнай сітуацыі, і з’яваў, якія змушаюць сумнявацца ў дэмакратычнасці, і антыхрысціянскіх выпадаў, і нерацыянальных і дзіўных рэчаў...  Але ўсё ж на еўрапейскім Захадзе сістэмы функцыяніруюць рацыянальна; ёсць апрыёрная павага да чалавека; быць карупцыянерам тут небяспечна, абкрадаць народ – складана; ёсць сацыяльныя гарантыі; а ў інстанцыях да чалавека ставяцца паважліва й ветліва. На ўсё гэта ёсць мноства брыдкіх выключэнняў, - але яны пакуль што не перакулілі правілаў.  

Што ж датычыцца хрысціянскіх каштоўнасцяў – цяжка сказаць, дзе з гэтым горай: ці ў секулярнай Еўропе, ці у Расіі, у якой праваслаўе часам выкарыстоўваецца як брэнд-антураж. Асабліва калі браць за крытэрый стаўленне да людзей... Ну ды гэта асобны сюжэт, не хапае ў мяне духоўнага разумення, каб вызначыць, дзе больш благадаці ці дэманізму... 

...Ну і трэцяе, што радуе, - падтрымка пратэстаў з боку прадстаўнікоў украінскіх уладаў і СМІ. Дарэчы, менавіта гэты паказальнік адлюстроўвае, наколькі розныя сітуацыі ва Ўкраіне і ў Беларусі. Парадуемся хаця б на такі (які паведамляе пра акцыю ў падтрымку Майдану перад украінскай амбасадай у Брусэлі):  “Але більшість часу українці співали народних пісень, які оцінила навіть бельгійська поліція. /.../ Наприкінці до активістів вийшов Посол України в Бельгії  /.../ Він подякував українцям, які прийшли під посольство і сказав, що розуміє їх прагнення, оскільки його донька в Києві теж на Майдані.” “Пра доньку мог бы і прамаўчаць”, - адкаментавала ў маёй галаве беларуская паранойя. 

У агульным жа, вельмі радасна бачыць цяперашні уздым грамадзянскай актыўнасці ў суседзяў. Спадзяюся, і на Беларусь перакінецца. Спадзяюся таксама, што гэты ўздым застанецца чыстым і радасным, вольным ад хлусні, страхаў і нянавісці. І што гэты імпульс ў любым выпадку выльецца ў стваральную працу, у дзеянні, якія ў розных адносінах палепшаць жыццё людзей.

.
05.12.13 19:39



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич