Прага да помсты

«Хай выстаіць Майдан!» - гэтыя словы сталіся для мяне адным з найпершых жаданняў сэрца. Начамі сніліся салодкія сны пра перамогу; потым уключала кампутар, баючыся… І няглядзячы на ўвесь жах, радавалася таму, што тыя храбрыя людзі яшчэ стаяць. 

Самае шчырае захапленне выклікала тое, што было бачна ў прамым эфіры з камеры ўкраінскага Радыё Свабода: гучаць стрэлы і выбухі - а людзі не разыходзяцца… 

Але як можна растлумачыць тыя заклікі з боку пераможцаў, якія часам гучаць? Настойлівае жаданне пакараць усіх-усіх вінаватых, словы і жаданні, што найбольш нагадваюць помсту?..

Я не кажу пра людзей, якія страцілі блізкіх - не паварочваецца язык разважаць на тэму іхніх пачуццяў… Я кажу пра ўсіх астатніх, хто спачуваў і дапамагаў Майдану. Няўжо не зразумела, што прыхільнікі жорсткасці ўжо атрымалі самае важкое пакаранне?

Я пра паразу. Пра тое, што прыхільнікі рэпрэсій і сілавых сцэнараў рознай ступені жорсткасці атрымалі самае значнае грамадскае пакаранне - яны прайгралі, пагарэлі на гэтым! Тыя, хто заахвочваў Януковіча да сілавога разгону, прапанаваў яму крывавыя рэцэпты змагання, жадалі перамогі праз чалавечы страх - з’елі на гэтым сабаку!  І хай ядуць яны гэтага сабаку. Пад самымі разнастайнымі соўсамі. Тыя, хто думалі, што людзі, у сэрцы якіх ёсць любоў да свабоды і Айчыны, разбягуцца як міленькія ад грому шыльдаў, ад дубінаў - ці ад стрэлаў… 

Смачна есці!.. Як па мне, дык іншых пакаранняў і не патрэбна.

Дакладней, патрэбна - але маюць быць пакаранымі толькі тыя, чыя віна бясспрэчная і даказаная, і хто сапраўды дакладна парушаў закон. Хто страляў у людзей, аддаючы выконваючы загады, беззаконнасць якіх бясспрэчная. Хай з гэтым бясстрасна разбіраюцца прафесіяналы. 

Прынамсі, асаблівая тэма - беркутаўцы. Хацелася б, каб да законнай адказнасці прыцягваліся толькі тыя, хто дакладна рабіў беззаконне - калі, напрыклад, нейкім чынам дакладна выявяць тых асобаў, якія распраналі чалавека на марозе, перашкаджалі медыкам ратаваць людзей. Зрэшты, баюся даваць ацэнкі, бо я не юрыст. А наконт маральных ацэнак - на тое ёсць інстанцыі многа вышэйшыя за зямныя… Што да зямных - можна ўлічыць і такі псіхалагічны фактар, як сістэма, у якой гадавалася гэтае спецпадраздзяленне. 

Ці давайце пасадзіце мяне ў турму на некалькі месяцаў за супрацоўніцтва з беларускай дыктатурай. Вось спіс правінаў: вадзіла дзяцей на прэзідэнцкія хакеі і іншыя мерапрыемствы, прызначаныя для псіхалагічнай апрацоўкі насельніцтва; агітавала ўступаць у піянеры і ў БРСМ. Ну, я пастараюся паапраўдвацца, тым што першае было выкананнем загаду, а ў стваральны патэнцыял другога я сапраўды верыла.

І яшчэ пра беркутаўцаў: чаму мы не шкадуем тых, хто загінуў з іхняга боку? Яны таксама ахвяры рэжыму. І не факт, што тыя, хто загінуў, збівалі медсясцёр ці распраналі чалавека на марозе. Мажліва, ніхто з тых, хто загінуў, не быў здольны на такія злачынствы. Тым больш, што злыя людзі часам бываюць хітрэйшыя і лепей ратуюць сабе. 

А калі і былі здольныя, і рабілі - што, ў нас саміх мала жорсткасці, каб мы былі так упэўненыя ва ўласнай няздольнасці да злачынства?..  

P.S. Калі Лукашэнка нарэшце страціць уладу (спадзяюся, што пасля таго ён будзе яшчэ доўга і нядрэнна жыць) - хацелася б, каб яму ўдалося збегчы. Трэці, чацьвёрты тэрмін улады трэба забараніць хаця б з-за той шкоды для псіхічнага здароўя, якую гэтая практыка нясе (паглядзіце на Пуціна - як ён змяніўся! Якія адыёзныя канструкцыі і колькі дэмагогіі з'явілася ў ягонай мове - а раней жа рэдка казаў дурное!). Дала б крыху, калі б якія людзі скідваліся беларускаму экс-прэзідэнту на квіток у нейкі санаторый на цёплым востраве, - хай бы там папраўляў здароўе, пашкоджанае пабочнымі эфектамі неабмежаванае ўлады. Тым больш што страта ўлады ў такой сітуацыі - надта жорсткае выпрабаванне. 

P.P.S. Патрыярх Кірыл дабраславіў усю Рускую Праваслаўную Царкву маліцца аб Украіне. Тут тэкст малітвы http://www.pravmir.ru/patriarx-kirill-blagoslovil-vsyu-russkuyu-cerkov-molitsya-ob-ukraine/  .
25.02.14 20:09



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич