Са святам, спадарыні і паненкі

Са святам усіх тых, хто святкуе. Хто не - да тых тыя ж самыя зычанні: хай нашая жаноцкасць вольна і стваральна раскрываецца ў самых розных праявах, дый нашыя сацыяльныя правы і роўнасць хай таксама… не толькі шануюцца, але з'яўляюцца нормай. І хай кожнае грамадства разумее, што нараджэнне і выхаванне дзяцей - самая важная для грамадства праца, і менавіта таму павінна даваць сацыяльныя плюсы і ўжо ніяк не з'яўляцца падставай для дыскрымінацыі. Уласна, што да выхавання - не буду тут замнога пра жанчыну, бо пра гэта многа сказана, затое замала сказана пра абавязкі мужчыны ў гэтай справе…

Мо я і не маю рацыі, але аргументы супраць гэтага свята мяне не пераконваюць. Ёсць аргументы супраць 8-га сакавіка і ў хрысціянскай парадыгме, і ў парадыгме абароны «традыцыйных каштоўнасцей» - і ў фемінісцкай парадыгме таксама. (Пра гэта пісала тут http://bchd.info/index.php?newsid=6333 ). Дарэчы, калі хто хоча крытыкаваць фемінізм, то можна найперш узгадаць, што ў фемінізме ёсць мноства накірункаў; ёсць хрысціянскі, ісламскі і нават пролайф-фемінізм…  

Канешне, гэтае грамадскае свята не мае той вышыні, каторую мае, напрыклад, Нядзеля жанчын-міраносіцаў. 8 сакавіка ўсхваляе не духоўную сілу, а больш празаічную рэч: роўнасць у сацыяльных правах. Але гэта таксама каштоўнасць, ва ўсялякім разе, практычная рэч у гэтым недасканалым свеце. Таму поўнасцю замяняць святкаванне 8 сакавіка святкаваннем Нядзелі жанчын-міраносіцаў для мяне - гэта тое ж, што замяняць вышыванне крыжыкам чытаннем малітваў: большая важнасць другога нармалёва спалучаецца з некаторай каштоўнасцю першага. 

…Доўгі час здавалася мне, што прырода нас, жанчын, пакрыўдзіла. Але потым неяк зразумела, што так можа падавацца толькі тады, калі мы знаходзімся ў прынцыпова мужчынскай сістэме каштоўнасцяў. Бо нямногія здольнасці, у якіх жанчына не асабліва вытрымлівае канкурэнцыю з мужчынай - гэта здольнасць біць і забіваць, ну ды яшчэ выконваць некаторыя віды цяжкай фізічнай працы. Дарэчы, і тое, і тое кампенсуецца (у некаторых выпадках напоўніцу) фізічнай падрыхтоўкай і механізмамі. Таму можна з большым поспехам казаць, што мужчыны болей «абдзеленыя», бо здольнасць вынасіць і нарадзіць дзіця паспрабуй кампенсуй.  Чым больш у нейкай супольнасці назіраецца дыскрымінацыя жанчын, тым больш падставаў падазраваць, што ў свядомасці гэтай супольнасці здольнасць забіваць набыла большую вагу, чым здольнасць даваць жыццё. 

Але ж навошта распаўсюджваць сэксізм, калі можна ўсім папросту атрымліваць асалоду: і ад рознасці, і ад роўнасці. Тым болей што дае жыццё як такое не жанчына, а Бог; а ў справе захавання і абароны жыцця, у розных яго праявах, кожны чалавек можа дапамагчы. 

Вершык - проста ў якасці віньшавання, менавіта казачнага. Спадзяюся, ніхто не ўспрыме як інструкцыю да дзеяння ці тым больш як маніфест патрыярхальных - ці фемінісцкіх - каштоўнасцяў. 


КАЗКА ПРА БОРШЧ

                                       Прысвячаецца Лідзіі Ярмошынай 

Гронка галоў апантаных,
шэраг паўузброеных сілаў…
А цераз пару кварталаў 
боршчык кабета варыла. 
Нож у руцэ скокаў спрытна
чэргай чырвоных удараў; 
рондаль сагрэў апетытна 
кухню салодкаю парай.
А з-пад нажа паляцелі
стрэлы, што сцены прабілі;
неба над плошчай трымцела,
сны з небяспекі паплылі. 
Склад сітуацыі гэнай 
трызнеў крывавым спляценнем…
Выбегла з рондалю пена,
і паляцелі старэнні. 
Промні чароўных законаў
рондаль, нібы генератар,
кідаў навокал. Са звонам
лопнулі шкляныя краты.
Тое што здарыцца мела - 
ушчэнт разбурылася раптам;
тое, што толькі дрыжэла
марай - зрабілася фактам…
Радасць на тварах. Ды сціпла
ледзь адгукнулася прэса:
выйшла без крывапраліцця,
значыць, і меньш інтарэсу. 
Знікла жахлівасць нарацый 
бездапаможнага гета - 
нат не дайшло інфармацый 
да апалітычнай кабеты. 

.
07.03.14 22:48



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич