"Чалавек-танк" - мадэль негвалтоўнае перамогі

Маленькая перамога на фоне жудаснай трагедыі - жорсткага задушэння кітайскіх студэнцкіх пратэстаў у 1989 г. у Кітаі. Фатаграфія, вядомая ва ўсім свеце і паўзабытая і забароненая ў Паднябеснай: чалавек з сумкамі, які закрывае сабой шлях танкавай калоне. Імя і далейшы лёс героя невядомыя, на гэты конт ёсць толькі здагадкі. http://ru.wikipedia.org/wiki/%CD%E5%E8%E7%E2%E5%F1%F2%ED%FB%E9_%E1%F3%ED%F2%E0%F0%FC


Відэа тут: http://www.youtube.com/watch?v=DRhtW0ySMWk . Вельмі вартае прагляду.

Здолеўшы спыніць калону танкаў, «невядомы пратэстоўца» стаўся адным з самых натхняльных у свеце вобразаў негвалотоўнага супраціву і нездарма ўвайшоў у спіс «100 самых уплывовых людзей у свеце» паводле “Тайм“ 1998 г. Якія б паразы не здарыліся з ім пасля, той момант мы лічым за момант маленькай (ці вялікай?) экзістэнцыйнай перамогі.

Але на відэа і на здымку ёсць і іншыя пераможцы! Іхнія твары таксама нам не бачны, і імёны таксама нам невядомыя. А разгледзець іх  яшчэ цяжэй…

Постаць «невядомага пратэстоўцы» хаця б добра бачная са спіны. А таго, хто кіраваў першым з танкаў - амаль і не відаць. Бачым амаль толькі баявую машыну, якая спынілася, а потым паспрабавала аб'ехаць, і зноў спынялася, калі дзівак з сумкамі зноў перагароджваў шлях.

Што б ні здарылася ў жыцці тых ваенных пасля гэтага інцыдэнту - доля чалавечае славы той маленькай перамогі павінна належаць і ім.  Некаторыя прадстаўнікі Кітая нават указвалі на эпізод з «чалавекам-танкам» як на доказ… гуманнасці кітайскага войска. Занятна. Але  не беспадстаўна ў кантэксце сітуацыі.

Тым не меньш, не толькі ў гэтым выпадку, але і ў мностве іншых, калі негвалтоўныя акцыі аказваюцца ўдалымі - мы ўслаўляем першага пераможцу і забываемся на другога. Між тым як прадстаўнікі ўлады, сілавых структур і інш., калі яны пайшлі на саступкі, калі ў іх хапіла розуму і/ці чалавечнасці не ўжыць ці стрымаць грубую сілу - таксама з'яўляюцца пераможцамі. Яны перамаглі ў сабе тыранію - хаця б на нейкі момант.

Маленькі дыктатар схаваўся ў душы амаль кожнага з нас; хто аднойчы пачуў ягоны тыранічны голас, той зразумее, якім выпрабаваннем ёсць улада і магчымасць ужыць сілу.

І таму, напрыклад, калі які дыктатар ўстрымаецца ад гвалту і пойдзе на саступкі - яму належыць як мінімум пахвала і добры кавалак павагі. І сумна, калі за эйфарычнымі крыкамі «мы перамаглі» людзі на гэта забываюцца. А часам такі ўчынак як устрыманне ад гвалту - проста нябачны. І часам гэта выпадак, калі чалавек зрабіў толькі адзін-два працэнты таго зла, якое мог бы зрабіць.

…Калі вядомы нам ветэран прэзідэнцкіх тэрмінаў раптам (чалавечы фактар непрадказальны) вырашыць пакінуць крэсла - гэта можна будзе лічыць за подзьвіг. Калі гэта раптам (чалавечы фактар не пралічваецца!) адбудзецца пад ціскам грамадскасці - палову славы перамогі можна смела аддаваць яму, а замест «ШОС» апісваць досвед тэрапіі і рэабілітацыі сіндрому прырастання да крэсла. Перамога над сабой заслугоўвае большага захаплення, чымсі перамога, напрыклад, над ракавай хваробай. Дапаможам?..

Канешне, мы не можам праверыць матывацыю. Саступкі могуць быць вынікам не чалавечнасці і нават не розуму, а толькі страху перад праблемамі. Але якое права мы маем думаць пра чалавека горш, калі можна падумаць лепшае?

А наконт «невядомага пратэстоўцы» - будзьма спадзявацца, што той кітаец жывы. Можам пафантазіраваць на тэму таго, як ён, ужо немалады чалавек, прымурыжвае звузелелыя ад узросту вочы, усміхаючыся мясцовым жыхарам і турыстам, для якіх смажыць свежую рыбу дзесьці ў Гонконге ці ў амерыканскім чайна-таўне, і маўчыць пра той досвед - не з-за страха, а з-за сціпласці, што робіць яго падобным да герояў азіяцкіх баевікоў, і яшчэ больш - з-за звычкі жыць не ў словах, а ў спакойным быцці, і толькі чыста і непасрэдна дзейнічаць паводле сітуацыі… Цьху, скончваю фантазіраваць, а то ад мянушкі «чалавек-танк» ужо вымалёўваецца ў галаве небяспечны сваім дуалізмам знак іньянь.


04.04.14 1:14



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич