Меч у руцэ паэта, ці Эгаістычная рамантыка тэрору

                                                                                         Юкио Мисима. Скажите, Юкио Мисима,
                                                                                         кому вы оставили страшную вашу страну?
 
                                                                                         Марина Муляр "Японский календарь"
 
 
Беларусы ў Бельгіі дасылалі цацачную зброю расіянам, якія распальваюць нянавісць да ўкраінцаў, паказваючы, што гэтыя людзі, відавочна, не дагулялі ў вайну http://www.novayagazeta.ru/news/1684403.html . 

Сатыра датычылася тых, хто правакуе варожасць, седзячы на канапе, майструючы відэамантажы ці ў інтэрв'ю заклікаючы забіваць. Але ж зусім не хацелася б, каб цацачныя рэвальверы і салдацікі былі расцэненыя як здзек з іншай катэгорыі змагароў за шалёныя рускiя фантазіі - рамантыкаў, якія спачатку пісалі кнігі, а потым пачалі рэалізаваць... Во, палюбуйцеся: http://ru-bykov.livejournal.com/1960414.html . (Цікавую думку наконт данецкіх баевікоў/байцоў/бандытаў/тэрарыстаў/апалчэнцаў Д. Быкаў, выказаў і тут http://www.echomsk.spb.ru/projects/intervyu-na-ehe-moskvy/donetsk-rossiyskiy-izrail.html ).
 
Можа, ім дакладна бы лепей гуляцца ў цацкі; ва ўсялякім разе, то нясло бы меней бяды нон-камбатантам. Але ня буду здзеквацца з людзей, чыя гармонія пяра і мяча мне эстэтычна блізкая. 

 
Меч у руцэ паэта - дрэнная прыкмета, спявалася ў адной песні пра Юкіо Місіму... Місіма быў шалёны мужык: японскі пісьменнік на свае сродкі стварыў міні-армію, спрабаваў падняць бунт на базе; а калі салдаты японскіх сілаў самаабароны, перад якімі ён выступіў з палымянай прамовай, паслалі яго на, - зрабіў харакіры, трагедыйнае шматкроп'е. 
 
Болей удалы (але і горшы паводле наступствах кшталту смерці камбатантаў і нон-камбатантаў) прыклад драйва пяра і мяча - Патрык Пірс. У пачатку 20 ст. у Ірляндыі ідэя ўзброенай барацьбы падвыйшла з моды, - але паэт Патрык Пірс лічыў, што менавіта гэта ёсць шляхам да вызвалення, праштурхоўваючы ідэю, што нацыя будуецца на крывавым самаахвяраванні патрыятычных мужчын і жанчын (дзякуй спадару за фемінізм, шчэ ён так гожа пацісваў рукі дзяўчынкам на барыкадаў...). Захапіў спадар Пірс з паплечнікамі галоўпаштамт, гісторыя была рамантычная... ідэя здзейснілася. Але ж многа загінула, пакалечылася і атрымала пакуты людзей, якія, у адрозненне ад паэта Патрыка Пірса, зусім не марылі пра смерць дзеля ідэі, - шчэ болей трагічнае шматкроп'е. 

Заўважыла б у ехідных дужках, што Патрык Пірс са стрэльбай і Юкіо Місіма з самурайскім мячом - актыўнічалі ў межах сваіх дзяржаў, а не дэсантыраваліся ў суседніх... Хаця чыя б карова мычала, а мая салідарная з Украінай бы маўчала, дый у Данецку я не была і склад апалчэнцаў не магу зацаніць.
 
Распальванне вайны - эгаістычнае задавальненне... 

Трэба неяк рэалізаваць сваю патрэбу у змаганні, у тым самым "жахлівым харастве", пра якое пісаў, апяваючы дублінскае паўстанне 1916 г, Йетс:
 
Everything changed, changed utterly, 
A terrible beauty was born 
 
,- у мірным рэчышчы.
 
Не тое каб я марыла ўсім дагадзіць, - але ж хацелася б, каб мае мроі не разбуралі чыйсьці свет і тым болей не знішчалі чыесьці жыцці. Зусім не ахвота, каб гінулі людзі; і ўжо асабліва не жадаю смерці тым, хто пра гэта ніякім бокам не марыў.

Мо трэба і радавацца, што з'явіўся вораг, якога можна паважаць за ідэйнасць і гарачы вецер у галаве, з якога можна і пасмяяцца, - не прыніжальна, а з глыбокай павагай, як зазвычай пасмейваюся з храбрых актывістаў, у тым ліку з трагічнымі лёсамі... 

Але зусім не хацелася б, каб мае адзінадумцы раздавалі маім апанентам німбы трагедыйнасці, ці каб вобразы баевікоў ДНР і ЛНР апынуліся ў адным шэрагу з шаноўнымі Місімам і Пірсам. Спадар Місіма, вы ж іх не падтрымліваеце?.. - Цьху, а з яго станецца, ён паважаў усіх ахвярных маладзёнаў, ад камуністаў да ультраправых. Добра што хоць ірляндскі нацыяналіст Пірс бы не стаў падтрымліваць імперскую акупацыю.
 
Людзі, мо будзьма пісаць фантастыку пра мірнае змаганне?.. Мо тады "матэрыялізацыя"будзе несці меней небяспекі бліжнім.
 
 
 


.
09.07.14 18:09



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич