Пазітыўныя змены ў РБ

Лаяць  сваю краіну заўжды можна, што і буду рабіць, - але то асобна. Цяпер жа адзначу тое станоўчае, што звяртае на сабе маю ўвагу.

Дзяўчаты і жанчыны сталі лепей апранацца. Амаль пазнікалі “барбі” і “ракавЫя жанчыны”. Апранаюцца болей стылёва і з густам. Прыемныя ноткі рэтра, небанальныя дэталі... А адкрытыя адзенні – гожа-натуральныя, а не нарачыта-“сэксі”стыя.

На лецішчах сталася болей кветак і газонаў, зменшыліся плошчы агародаў. Значыцца, болей шануюць эстэтыку і адпачынак, і меньш ужо культу ежы. Лецішча ўжо не ператвараецца ў ідалішча.

Мае сябры, якім па +/- 30 год, якія, у вялікай сваёй частцы, маюць сем’і, - працягваюць цікавіцца рознымі рэчамі, кнігамі, музыкай, анімэ, фаітаграфіяй, кампутарнымі гульнямі і г.д.  Раней з сумам прыходзілася чуць ад старэйшых, што нейкія захапленні, хобі і інтарэсы былі ў іх у маладосці, а потым неяк “адышлі”, бо няма часу. А цяпер субкультуры перасталі быць прывілеям падлеткаў і студэнтаў, распаўсюдзіліся на розныя ўзросты.

У дызайне і архітэктуры сталася болей густу. Не, я не пра адыёзныя з’явы кшталту комплекса побач з цыркам… І ведаю, што прафесіяналы многа што крытыкуюць. Але ў агульным - ужо меньш безгустоўшчыны.

Радуе сацыяльная рэклама беларускай мовы і на беларускай мове. Уласна, патрыятычныя шыльды, якія радуюць, пачаліся яшчэ з дзяржаўнага пераймання брэнда Паўла Севярынца “Люблю Беларусь”.

Суб’ектыўнае адчуванне: беларуская мова ўспрымаецца болей абыякава. У добрым сэнсе абыякава, гэта значыць натуральна.

Горад выглядае меней паліцэйскім. Мо міліцыянераў паапраналі ў цывільнае? – А няхай. Усё адно гэта ж нашы, беларускія міліцыянеры (захінаючыся ад яек і памідораў), - што рабіць, ну, я так адчуваю!..

Такім чынам, некалькі фенаменаў, якія назіраеш тут і там у РБ, падштурхоўваюць да надзеі, што грамадства эвалюцыяніруе. Павольна, часам невідавочна, яно, мажліва, выпрацоўвае свае спосабы развіцця ў дадзенай сітуацыі.

А калі казаць пра негатыўныя… Ну, першай прыходзіць у галаву ўвядзенне аплаты за паліклінікі - як сімптом знікнення апошніх добрых рысаў саветчыны. Ёсць дзіўная тэндэнцыя на постсавецкай прасторы: па саветчыне настальгіруем, але бярэм ад яе толькі дрэннае (несвабоду, напрыклад), а ад добрага (ад дружбы народаў ці “бясплатнай” медыцыны) – адмаўляемся.

Узгадаю асобна шчэ адну змену, якую ацэньваю збольшага негатыўна, але не бяз прымесу “пазітыву”: непрыяцце ідэяў Майдану, вулічнага пратэсту, - з-за боязі "трупаў".

Негатыў ясна ў чым: расейскія прапагандысцкія міфы “із каждого утюга”.  Цяжка з гэтым змагацца. Бясконцае даводжанне свайго пункту гледжання прадстаўляецца не вельмі плённым. Абмяжоўваю свае высілкі, кажу сабе, што найлепшы рэцэпт тут – дзейнічаць, працаваць....

Яшчэ кажу сабе: супакойся, людзі не тупыя. Хлусня развеецца як дым, асабліва там, дзе людзі будуць нешта бачыць непасрэдна. Няправільнае (на мой погляд) тлумачэнне праблемаў ва Ўкраіне і іхніх прычын – гэта адно. А другое – другое больш каштоўнае: людзі ня хочуць трупаў, ня хочуць вайны і забойстваў.

Беларусы цэняць чалавечае жыццё – і гэта галоўнае. А час, які яны маглі аддаць разбіранню сітуацыі ва Ўкраіне, яны аддалі, напэўна, працы значна больш карыснай для сваіх сем’яў і грамадства.

У канкрэтных жа сітуацыях – разбяруцца, кожнаму ж з нас дадзеная галава, каб мы ёю думалі. Дый сэрца, якое часам правільна падказвае. І волю, якую мы можам прыкладаць, каб шукаць праўды, а не толькі болей прыемных міфаў.  

Дай Бог нам па жыцці правільна разабрацца. Адэкватна, з любоўю і плённа…

05.08.14 17:40



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич