Яшчэ пра тэракты, ці Нічога новага

У Парыжы адбылася трагедыя. Цяжка адэкватна выказацца пра чалавечы боль, таму прамаўчу.

Але што датычыцца высноваў, якія можна зрабіць з сітуацыі, то…

Дзіўна, але я не магу зрабіць ніякіх высноваў. Бо - нічога новага.

Расстрэл мастакоў у рэдакцыі Charlie не прадэманстраваў нічога такога, аб чым Еўропа не ведала раней.

Фенамен тэрарызму, які паразітуе на страхах інфармацыйнага грамадства з развітым асэнсаваннем каштоўнасці чалавечага жыцця, - вядомы ў дзесяцігоддзях. У тым ліку ў Заходняй Еўропе.

Што ёсць ісламавідныя экстрэмісты, якія ненавідзяць Захад з ягонымі свабодамі і хочуць навязаць свае правілы, што такіх хапае і ў ў Еўропе - тое даўно вядома.

Што гэтая пагроза можа набыць большыя маштабы - таксама вядома і лагічна. Хаця ня выключана, што ўзровень небяспекі для асобнага чалавека застанецца ранешым, г.зн. не вышэйшым за верагоднасць загінуць у аўтакатастрофе ці навярнуцца з лесвіцы (вы бачылі еўрапейскія лесвіцы? Жах!).

Што ні ў якім разе нельга дазволіць страху авалодаць, што тэрарысты (у тым ліку патэнцыйныя) маюць зразумець, што іх не баяцца, што іх метады ня дзейнічаюць, - такія высновы гучаць як мінімум з 11.09.2000.

Што гэта ёсць спецыфічнай інтэрпрэтацыяй ісламу, спецыфічным тыпам рэлігійнага менталітэту, а не арганічным складальнікам мусульманскай рэлігіі, - у тым пажадаем нашым сябрам-мусульманам паспяховага адбрэхвання. Тым больш што нібыта-праваслаўны фундаменталізм-лайт дазваляе нам адчуць сабе ў іхняй скуры.
Што, нарэшце, ніякія тэракты не павінныя пазбавіць Еўропу яе духу адкрытасці і павагі да розных людзей, - то для многіх як было відавочна, так і застаецца. Будзьма спадзявацца.

Наколькі “не гатовая” ці “гатовая” Еўропа да выпрабаванняў - паглядзім. Як мне падаецца - у гатоўнасці настолькі поўнай, наколькі ўвогулле можна быць “гатовым” да тэрактаў.

Я магла б зрабіць высновы з парыжскай трагедыі ў тым выпадку, калі б я разбіралася ў сістэмах аховы, у тэхнічных спосабах змяншэння верагоднасці поспеху чарговых прыдуркаў. Але пакольку я не паліцэйскі, адпаведных ведаў у мяне няма - то хай думаюць прафесіяналы.

А ў плане ідэй - нічога новага.

09.01.15 19:38

Маргарита Тарайкевич