Пенсійны букет для Лукашэнкі (палітычная мроя)

Мо і не маю права пісаць такія рэчы. Бо знаходжуся за мяжой, а значыць не падпадаю пад некаторыя з небяспекаў беларускае барацьбы за свабоду. Ну ды па-першае гэта (месцазнаходжанне) - рэч прынцыпова змяняльная; па-другое ж - гэта не павінна замінаць дыскусіі. Дый па-трэцяе - удзел у беларускім грамадскім жыцці я азначу не столькі словам "змаганне", колькі словамі "дзейнасць", "творчасць" і "праца". А на якую ступень рызыкі ісці, кожны сам для сабе вырашае, ёсць варыянты... Таму перайду да дыскусіі.

Мне мрояцца нататкі сцэнару для Беларусі. Звязаная гэтая мроя з дзьвума рэчамі.

Па-першае, з нечакана анекдатычным кантэкстам, у якім усё небяспечна, прычым не толькі для жыцця, але і для краіны і яе суверэнітэту. Небяспечная традыцыйная Плошча - але так жа небяспечна адсутнасць барацьбы за свабоду. Небяспечная актыўнасць  - але і пасіўнасць смяротна небяспечная. Што ж, сітуацыя "куда не кінь всюду клін" дае пэўную свабоду. Але трэба думаць, як яе лепей рэалізаваць, каб была карысць а не шкода.

І па-другое - з нечакана правільнымі дзеяннямі Лукашэнкі адносна ўкраінскай сітуацыі. Пакуль што ён працягвае, хоць і ў сваёй асаблівай манеры, супрацьстаяць пуцінскай экспансіі. Ва ўсялякім разе, анэксію Крыма і расійскую агрэсію не падтрымаў, нават акупанцкую сімволіку забараніў, дый нават вымавіў свае першыя за дваццацігоддзе праўлення словы на беларускай... Застаецца спадзявацца, што нягледзячы на пуцінскія ўзнагароды і дзяжурныя словы пра брацтва з Расіяй, - ён зноўку падмане імперскія спадзевы Пуціна.  

Сцэнарый-мроя, пра які я пішу - менавіта ў гэтым кантэксце. Жыццё пакажа, наколькі ён наіўны ці смешны. А гучыць гэтая мроя так...
У Беларусі ўзнікае негвалтоўны рух за свабоду, беларускасць і канстытуцыйны парадак. Прынцыпова негвалтоўны, паводле Гандзі. Гэта значыць, нас я... б''юць а мы крэпчаем - здачы не даем; не шпурляем кактэйлямі Молатава, а спрабуем браць неадступнасцю.

Рух узнікае ўжо недзе зараз, узімку-увёсну, і заканамерна набірае сілу да беларускага традыцыйнага свята Выбараў, якое заканамерна святкуецца зборам на Плошчы дзеля атрымання Чароўных Звездзюлёў, у сакральны сэнс якіх не перастаем верыць... Але гэта будзе потым, а напачатку - спрытна фармуецца негвалтоўны рух. У яго з'яўляецца сімвал - да прыкладу, чырвоная ружачка на белым фоне. Тыя, хто стаў пад гэты сімвал, вырашаюць не шпурляцца Молатавым, а дзейнічаць негвалтоўна, праз любоў і ахвярнасць.

Да руху нечакана далучаецца мноства народу. У тым ліку звыклых дзеячаў апазіцыі, кшталту Рымашэўскага і Мілінкевіча.

Афармляюцца дзьве ідэі. Першая - у тым, што, яшчэ раз паўтараем калі не чутна з кабінетаў ці праз тоўстыя шлемы ці праз моцныя чэрапы - рух не-гвал-тоў-ны. Падстаўляем другую шчаку, а хто не ўтрымаецца на гэтым высакародным шляху - той канешне не меньш паважаны чалавек, але ружачку тую насіць не мае права.

Другая ідэя - уваходжанне ў кантакт з Лукашэнкам. І не толькі з ім, але і з усімі, хто мае ўладу ў Беларусі. У тым ліку з таемнымі алігархамі і бізнэсмэнамі, беларускімі і расійскімі. Прапанова такая: тым, хто падтрымае рэвалюц... ой, я хацела сказаць, эвалюцыю, - тым будуць абяцаныя розныя каўрыжкі, напрыклад налогавыя ільготы ці амністыі па здзейсненых злачынствах.

Прынамсі, асаблівая гаворка з Лукашэнкам. Яму шчыра дзякуюць за некаторую падтрымку беларускіх нацыянальных інтарэсаў і Ўкраіны. Дзякуюць за ўсё добрае, што ён зрабіў. Тым болей што пры ўсіх недахопах і дыктатах, дзякаваць ёсць за што: ён як-ніяк умацоўваў армію; ён не даў Расіі эксплуатаваць гераічны "міф" Другой Сусветнай, а актыўна эксплуатаваў яго сам, прычым у беларускіх інтарэсах; ён "замарозіў" крызісныя з'явы эканомікі 90-х (то было няблага як часовая мера); ён не толькі нарасціў сілавыя структуры, але і крыху іх добра дысцыплінаваў, так што яны змагаліся і з крыміналам (а не толькі з апазіцыяй) ; зрэшты, ён не зусім прагнуўся пад Пуціна; ён падтрымаў незалежнасць і цэласнасць Украіны, а не павёўся на расійскі крымнаш; нарэшце, ён узяўся за розум і пачаў прапагандаваць беларускі нацыяналізм, і нават, за што асаблівы дзякуй, за 20 год мы пачулі ягоныя першыя нясмелыя словы на беларускай мове.

Закон аб "тунеядцах" і ўсе іншыя практыкі абірання народу, ды ўсе іншыя дурасці ды жорсткасці ўладаў - узгадваць зараз не буду, бо гэта іншая тэма...

Толькі не падумаце, што тут прапануецца захоўваць гэтага дзядзьку на пяты тэрмін. Я толькі хачу ўказаць на тры рэчы. Першая - як казаў прафесар Шабанаў: "Ніколі не заганяйце чалавека ў вугал. Чалавек, загнаны ў вугал, вельмі небяспечны!". Калі мы не хочам трупаў на мінскіх вуліцах, у нашых інтарэсах не заганяць Лукашэнку ў вугал. А даць яму бяспечна і камфортна выйсці з сітуацыі.

Бо асобнымі сваімі акцыямі Лукашэнка заслужыў лёс Кучмы і генерала дэ Голля. Генерал дэ Голль, напрыклад, меў выразна дыктатарскія замашкі, і пачаў было гвалціць канстытуцыю дый шчэ перасяляцца ў Версаль. Але ў 68-м годзе здарылася рэвалюцыя; моладзь радасна паліла машыны і крычала яму, каб сыходзіў. І ён - пайшоў. І зараз ён не дыктатар, а паважаны чалавек, герой антыфашысцкага Супраціву, генерал дэ Голь... На Кучму крычалі "Кучму гэць!" - а ён і зрабіў гэць - і зараз таксама паважаны чалавек!.. Тыя дыктатары і паўдыктатары, якія пайшлі калі іх пасылалі - паважаныя людзі... Лукашэнка многа дрэннага нарабіў. Але не толькі ў ягоных, але і ў нашых інтарэсах яму дапамагчы зрабіць прыгожы гэць...

Можна ўжо збіраць грошы, у еўра ці далярах, яму на пенсійны падарунак (грашовы!). Паабяцаць букет кветак і бяспеку. Паабяцаць амністыю за ўсе злачынствы.

Апошняе можна абяцаць на ўмове, што падчас плошчаў і пратэстаў не пральецца кроў.

Асобна скажу наконт амністыі. Вырашаць гэта могуць, канешне, толькі сем'і зніклых і ўсе, хто пакутаваў ад беларускай дыктатуры. Але зважым яшчэ на адну рэч (акрамя ўзгаданай небяспекі загнання ў вугал): у Паўночнай Ірляндыі ўдалося даследваць злачынства забойства дэманстрантаў толькі тады, калі забойцам паабяцалі амністыю. Гэта вырашылі сем'і забітых. Бо дазнацца праўды было болей важна, чым пакараць злачынцаў... Такое ж вырашэнне прапанавала адна з адвакатаў забітых на Майдане...

Такім чынам, апазіцыя абяцае Лукашэнке магчымасць прыгожа сысці і амністыю ў выпадку прычаснасці да злачынстваў. У абмен на неўжыванне гвалту да дэманстрантаў.

Ёсць, канешне, і частка радыкалаў у апазіцыі, якая зусім не гандысты... і якія могуць сказаць, што ўсё гэта глупства, здрада, гэбэ і фээсбэ, і пачаць такі кідацца молатавымі. Але на такіх знаходзіцца ўправа: бо ўжо з самага пачатку негвалтоўная апазіцыя прапаную сілавым структурам дапамогу ў выяўленні і здачы правакатараў. З адначасовым патрабаваннем амністыі і для аматараў кідацца молатавымі і брукаванкай.

Таксама робяцца сістэмныя спробы зрабіць постэлектаральныя маніфестацыі санкцыянаванымі.

Ну і пачынаецца традыцыйнае свята Выбараў і Плошчы, уся рамантыка, дубінкі, аўтазакі. Вуліцы Мінска напаўняюцца змагарным духам. І народам. Хлопец ці дзяўчына ў гіпсе і з пабітым тварам заклікаюць не ўжываць гвалту. Амапавец, які нанёс гэтыя пабоі, каецца, бо таксама не хоча гвалту, асабліва супраць сваёй персоны, - і кажа, што ён нячаянна. Радыкалы крыху пакідваюцца брукаванкай і захопліваюць будынкі. Дэманстранты з удзячнасцю напаўняюць захопленыя будынкі, але заклікаюць не кідацца брукаванкай і сцвярджаюць, што кактэйлі і брукаванка не маюць да іх адносінаў, бо яны народ мірны. Прынамсі, тых, хто праяўляе агрэсію - выдаляюць са сваіх асяродкаў.

Некаторыя раюць прэзідэнту прымяніць жорсткую сілу. "Апазіцыянеры" ж абяцаюць яму, у процівес на гэта, - бяспеку і павагу ў абмен на непрымяненне сілы. Лукашэнка хістаецца, але ён не крыважэрны.

Народ у асноўным ці маўчыць у традыцыі народа які дзесяцігоддзямі жыў пад дыктатурай, ці падтрымлівае негвалтоўную апазіцыю з-за адвечнага беларускага міралюбства. А гандысцка-хрысціянская ахвярнасць міралюбных дэманстрантаў толькі дадаюць прывабнасці іхняй партыі...

Тым часам адбываецца такі чаканы паварот сюжэта, як масіўная антыбеларуская прапаганда на расійскіх каналах. Кажуць пра бульбабандэраўцаў, руку Амерыкі і канешне ж пра тое, што Беларусь не ёсць дзяржавай. Пахне смажаным.

У гэтым неапетытным паху апазіцыя і ўлада кансалідуюцца ў пагадненні супрацьстаяць расійскай агрэсіі. Мірна рашаць унутраныя сваркі - але перад тварам знешняга ворага даваць адэкватны адпор. Мінскія, гомельскія, гродзенскія і віцебскія вуліцы напаўняе новая з'ява: мітынгі на якіх чырвона-зялёныя і бела-чырвона-белыя сцягі стаяць поруч. Таксама ў супрацоўніцтве з арміяй арганізоўваюцца апалчэнні. Апалчэнні ў сапраўдным сэнсе гэтага слова - беларускіх патрыётаў і патрыётак, гатовых у супрацоўніцтве з арміяй і міліцыяй бараніць беларускую дзяржаўнасць.

"Вежлівыя людзі" з хамаватымі фізіяноміямі і георгіеўскімі стужкамі з'яўляюцца на вуліцах Віцебска і Гомеля - але атрымліваюць дзе дождж з сырых яек, дзе скручванне і апынанне ў пастарунку. Пуцін і крамлёўскія ястрабы тым часам вырашаюць, што браць Беларусь - занадта дорага: і дастатковай народнай падтрымкі няма, і галоўнае - армія баяздольная і не разваленая.

Пры гэтым і беларуская ўлада, і апазіцыя кажа, што рускія - брацкі народ, што яны за сяброўства з Расіяй. Адначасова выкрываюцца спробы крамлёўскіх ідэёлагаў прафаніраваць ідэю славянскага брацтва, прыкрыўшы гэтым свае шкурныя інтарэсы. Мэсэдж такі: расіяне, мы за сапраўднае брацтва і сяброўства і супраць тых, хто хоча нас натравіць адзін на аднога...

Тым часам Лукашэнка вырашае, што трэба выкарыстаць апошні шанец гожа рэтыравацца. І рэтыруецца. Пад апладысменты атрымлівае букет белых і чырвоных ружаў з пажаданнямі доўгага жыцця. Расчулена пускае слязу і нават вымаўляе яшчэ пару сказаў на беларускай мове. Атрымлівае пенсійны падарунак - у які ўваходзіць і такі бонус, як навучанне для Коленькі ў прэстыжнай еўрапейскай ВНУ.

Той, хто будзе выконваць абавязкі прэзідэнта, прысягае на вернасць беларускаму народу і адначасова выражае такую "арыгінальную" ідэю, як сяброўства і з Захадам, і з Расіяй. Тую ж ідэю - "Расіяне, мы хочам быць незалежнымі, але мы вас любім, і бульбу са шкваркамі вам будзем смажыць!" - выражае беларуская грамадскасць, актыўна працуючы з расійскай грамадскасцю. Ну а расійская грамадскасць на гэта добра адклікаецца: яна і з Украінай ваяваць стамілася, а ўжо супраць бульбабандэраўцаў ісці дык зусім у лом.

Атрымліваецца на выхадзе, канешне ж, камічная сварка за ўладу ў РБ, заканамерныя праблемы ў эканоміцы (тыя, якія даўно ўжо пачілася)... Але прыходзіць свабода, таму ёсць магчымасць дыскусіі ў грамадстве, адваротнай сувязі; так што ў агульным праблемы вырашаюцца.

Калі назавеце наіўнай, крыўдзіцца ня буду. Абы крытыка была канструктыўнай. Асноўныя ж пытанні для дыскусіі такія:

- Як зараз змагацца за свабодную Беларусь?

- Як зрабіць гэты працэс прынцыпова мірным і негвалтоўным?

- Як пазбегнуць ужывання гвалту з боку беларускіх уладаў?

- Як зрабіць постэлектаральныя маніфестацыі санкцыянаванымі - ці хаця б у некаторай ступені ўзгодненымі, каб улады не перапалохаліся ў стылі "нет нічего опаснее перетрусівшего глупца"?

- Як супрацьстаяць расійскай агрэсіі ў яе розных формах?

- Як пазбегнуць расійскай акупацыі?

- Як мірна адправіць самі-ведаеце-каго на пенсію?

Адзінае ж, што ў мяне не выклікае ніякіх сумневаў, - гэта тое, што пры ўсіх рызыках грамадскага дзеяння, бяздзеянне зараз яшчэ болей небяспечнае. Для краіны.

27.01.15 1:55



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич