Фемінісцкія развагі

Грэбаванне 8-м сакавіка азначае, што мы плюем у калодзеж, з якога рэгулярна ўжываем. Я пра такія здабыткі чалавецтва, як фемінізм і сацыялізм. Ці, калі вам болей падабаецца, - роўнапраўе жанчынаў і сацыяльныя правы.

Уяўляю сабе карцінку: увечары, парабіўшы справы і паклаўшы дзетак спаць, хрысціянка піша артыкул супраць святкавання 8 сакавіка. І не задумваецца, што без феміністаў грамадства не зразумела б, чаму гэта яна, жанчына, уздумала ўплываць на грамадскую думку; а без сацыялістаў у яе на то не хапіла бы часу, бо не было б такой раскошы як васьмігадзінны працоўны дзень і выходныя.

Пра тое, чым чалавецтва абавязанае левым рухам, варта пісаць асобна. Калі ж у двух словах, то менавіта левым палітычным змагарам мы абавязаныя тым, што сацыяльныя гарантыі (такія як абмежаваны працоўны дзень, забарона дзіцячай працы, роўная аплата за аднолькавую працу, усеагульная даступнасць адукацыі і медыцыны і г.д.) - зрабіліся часткай цывілізацыі. Негатыўнае стаўленне да левых абумоўлена экстрэмізмам той іх часткі, якая паддалася на неарыгінальную спакусу прыношання чалавечых жыццяў і грамадскіх свабодаў у ахвяру сацыяльным праектам.

Але зараз мы пра фемінізм. У ім ёсць розныя плыні і накірункі. Азнаёміўшыся з якімі, я пачала класіфікаваць свае погляды як хрысціянскі і пралайф-фемінізм. З гэтай нагоды хацела бы прапанаваць спадарству некалькі тэзісаў. Калі яны пададуцца банальнымі, то тым лепей.

Жанчына, якая нараджае і выхоўвае дзяцей - выконвае энэргаёмкую і рэсурсаёмкую працу, жыццёва важную для грамадства. Таму грамадства абавязана яе ў гэтым усялякім чынам падтрымаць. Звяртаю ўвагу на тое, што ў Бельгіі і іншых заходніх краінах налогаабкладанне залежыць ад колькасці людзей на ўтрыманні ў працоўнага.

Падтрымка мае быць не толькі матэрыяльнай (хаця гэта найперш!), але і маральнай. Маральная падтрымка - гэта не толькі заахвочванне, але і прызнанне выхавання дзяцей менавіта як ПРАЦЫ. З грамадскай свядомасці павінна знікнуць фраза «мая/ягоная жонка не працуе», «сядзіць дома». У ідэале было б, як у Іспаніі, лічыць стаж хатняй гаспадыні як працоўны стаж.

Прызнаваць выхаванне дзяцей як найважнейшай працы, за якую мы, грамадства, абавязаныя ўсялякім чынам падтрымліваць дый дзякаваць, - не азначае абавязковасці гэтай працы для кожнай жанчыны. Сентэнцыі ў стылі «самая прекрасная із женшчін женшчіна с ребёнком на руках» карысныя толькі тады, калі яны не ператвараюцца ў псіхалагічны ціск. Уступанне ў шлюб і нараджэнне дзяцей, пры ўсёй іх важнасці для грамадства, не ёсць абавязкам. Гэта толькі адна з опцый выбару.

Нарэшце, неабходная і прававая падтрымка. Нараджэнне і выхаванне дзяцей і праца ў якасці хатнай гаспадыні - не павінныя быць фактарам сацыяльнай дэзадаптацыі, рабскай залежнасці і перашкодаў у кар'еры. Мару пра такія законы, якія бы зрабілі для працадаўцаў выгадным, каб працаўнікі выхоўвалі дзяцей. Як наконт таго, каб дзяржава кампенсавала працадаўцам частку зарплаты работніка, які замяшчае сышоўшага ў дэкрэт ці на бальнічны падчас хваробы дзіцяці?

Таксама патрэбная абарона правоў хатніх гаспадынь. Спяваючы дэферамбы «традыцыйнай» сям'і, мы не заўсёды разумеем усе падводныя камяні сітуацыі хатняй гаспадыні. А справа ў тым, што чалавек (незалежна ад полу) - гэта істота, для якой небяспечна мець замнога ўлады над бліжнімі. Ёсць нямала людзей, з якімі можна нармалёва жыць, але ад якіх не дай Бог упасці ў эканамічную ці іншую залежнасць. «Традыцыйная» сям'я, у якой тата працуе па-за межамі дома, а мама працуе дома - магчымая не з кожным мужчынам і не з кожнай жанчынай. Патрэбныя спосабы перадухілення эканамічнага і іншага насілля, а таксама дапамога ў працоўнай сацыялізацыі жанчын, якія некаторы час былі хатнімі гаспадынямі.

Асобна скажу, - перадухіляючы спецыфічныя заўвагі - што я лічу патрэбным паслухмянасць у сямейным жыцці; але такую паслухмянасць, якая ідзе знутры і не мае патрэбы ў «падмацаванні» сацыяльнай неабароненасцю. (І канешне ж, цытуючы па памяці «Сацыяльную канцэпцыю РПЦ», варта памятаваць пра неабходнасць узаемнай паслухмянасці).  

Асобнай і страшнай тэмай ёсць аборты. Не дай Бог у сваім жыцці сутыкнуцца з гэтай тэмай і спецыфічнымі ў ёй дылемамі, але зараз мы пра іншае. Пролайф-фемінізм (феміністкі, якія супраць абортаў) указвае на тое, што ўзаконенасць абортаў узаконьвае стаўленне да жанчыны, якая зацяжарыла, у стылі «твае праблемы». Не, спадарства, калі жанчына незапланавана зацяжарыла - гэта не толькі яе праблемы. Гэта праблемы грамадства, адзін з індывідаў якога трапіў у сітуацыю сацыяльнай рызыкі (а значыць, патрэбная і матэрыяльная дапамога, і знішчэнне перашкодаў у кар'еры), а другому - новаму, які мае нарадзіцца - трэба дапамагчы проста паводле вызначэння, гл. першы пункт.

Калі ж апалагеты абортаў пачынаюць казаць пра выбар, мы… вымушаныя часткова згадзіцца. Праблема толькі ў тым, што кожны мае выбіраць за сабе, а не за іншага - таму выбар выхоўваць дзіця ці не павінны свабодна і без ціску здзяйсняцца пасля нараджэння дзіцяці. Ніхто не мае права прымушаць. Талерантнасць да абортаў, якая зараз ёсць у грамадстве, павінная перайсці ў іншую плоскасць - у талерантнасць і разуменне жанчыны якая адмаўляецца ад дзіцяці. Не кажучы ўжо пра бязглузднасць практыкі здзірання платы за выхаванне дзяцей ва ўстановах.

Нядаўна чытала, што, насуперак стэрэатыпу, забарона абортаў… не спрыяе істотнаму падвышэнню нараджальнасці. От і добра! Чаму гэта я радуюся, што адзін з базавых аргументаў пралайфераў аказаўся сумнеўным? - А таму, што няма чаго звязваць аборты з дэмаграфіяй. Няварта спрабаваць вырашыць дэмаграфічныя праблемы спосабам прымусу да дзетанараджэння, ды яшчэ і за кошт жанчынаў якія апынуліся ў цяжкой сітуацыі. Барацьба супраць абортаў - барацьба не за дэмаграфію, а за жыццё чалавечага індывіду. Не дэмаграфія, а жыццё!

Такія вось фемінісцкія развагі. Каментары і ідэі вітаюцца.

Усіх хто святкуе - з 8 сакавіка. Гэта свята не той вышыні, што нядзеля жанчын-міраносіц - але ж і роўнапраўе мае сваю каштоўнасць у гэтым свеце. Так мне падаецца, але святкаваць 8 сакавіка ці не, кожны, натуральна, вырашае для сабе.

Пастскрыптум: Для прыхільнікаў версіі, што 8 сакавіка абранае ў гонар габрэйскага свята Пурым і царыцы Эсфір - асобна скажу дзьве рэчы. Па-першае, кожны святкуе тое, што абірае святкаваць. Па-другое - у кнізе Эсфір мне канешне ж не падабаецца радасць з нагоды жорсткага вынішчэння ворагаў; але за мінусам гэтага - кніга мне падабаецца. Мне падабаецца, як робкая яўрэйская дзяўчынка, якая апынулся ў чужым і жорсткім свеце палаца, паступова набывае смеласць і ўладу і робіцца паўнапраўнай царыцай. Мне падабаецца, як стары габрэй Мардахей адзіны не схіляецца ў рабалепным страху перад вяльможам, нібыта стаючы ў вытокаў годнага супраціву дыктатурам, што я моцна люблю ў асобах сучасных палітычных дзеячаў, у тым ліку яўрэйскага паходжання. Мне падабаецца Эсфір як кніга аб годным самазахаванні ў таталітарным асяроддзі. Затоеную павагу выклікае і царыца Асцінь, са скандальнага непадпарадкавання якой усё пачалося… Асцярожна, канешне, то не болей чым дылетанцка-літаратурныя развагі, тым болей што з тлумачэнняў на Эсфір я чытала толькі Кураева.


07.03.15 15:32



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич