Бельгія: іміграцыя


Адкрыўся мне спосаб прапіярыцца ў беларускай прасторы: напісаць нешта ў абарону талерантнасці. Што-небудзь леваліберальнае ці антырасісцкае. Актыўнае каментаванне забяспечанае - як і магчымасць разумна выглядаць: аргументацыя болшасці каментатараў будзе настолькі павярхоўная, што не патрэбна быць Эйнштэйнам каб гожа адбрахацца.

Гэткая танная магчымасць піару магла бы радаваць, калі б гэта не выяўляла маштабы беларускага расізму.

Шчыра спадзяюся, што ў хуткім часе грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі палепшыцца. А таксама - што палепшыцца сітуацыя эканамічная. (Я аптыміст, веру ў працу, у актыўнасць, у тое, што ад кожнага з нас нешта ды залежыць...) А паляпшэнне прывядзе да таго, што краіна зробіцца прывабнай для жыццяь, і да нас будуць прыязжаць. І калі мы загадзя не пазбавімся ад наіўнага расізму  - то самі створым праблемы і абяднім сваю краіну.

Не прэтэндуючы на маштабнае даследванне, абмалюю тое, што бачу ў талерантнай (ставіць гэтае слова ў кавычкі ці не, вырашаем самі) Заходняй Еўропе, жывучы ў Бельгіі і папрацаваўшы на некалькіх працах у імігранцкім дыяпазоне ад прыбіральшчыцы да настаўніцы англійскай.

Імігранты адаптуюцца і інтэгруюцца.

Сцвярджэнні, што гэта не так, грунтуюцца на выпадках, звязаных з невялікім адсоткамі імігрантаў.

Нашыя суайчыннікі, нязвыклыя да разнастайнасці твараў і адзенняў, бываюць шакаваныя гэтай разнастайнасцю на вуліцах Брусэля ці Парыжа. Да гэтага здзіўлення дадаецца няправільная асацыяцыя: успамінаюцца навіны пра беспарадкі ці тэракты - і афрыканцы і арабы робяцца вобразам пагрозы. А пакольку асацыяцыі праходзяць міма лагічнага мыслення, то забываемся падумаць пра статыстыку. Пра тое, што абсалютная большасць рознакаляровых твараў і хіджабавых галоваў належыць законапаслухмяным і адаптаваным людзям.

Мусульмане Еўропы - цікавая праблематыка.

Большасць з іх верыць у мірны іслам. Сцвярджае, што "ІД" не толькі тэрарысты, але нават і не мусульмане. І што Хрыста яны шануюць як прарока. Падкрэсліваюць, што іслам да хрысціянства ставіцца добра.

Можна, канешне, рабіць зніжку на тое, што я сябрую толькі з прыстойнымі людзьмі - але спецыялісты растлумачаць, што тэрор "ІД" накіраваны найперш супраць традыцыйнага іслама.

Можна выдыхнуць і супакоіцца? - Не. На пазначаную праўду ёсць і іншая. Звязаная з тым, што ісламізм а-ля "ІД" робіцца такой жа сусветнай пагрозай і небяспечным трэндам, як раней фашысцкі ці камуністычны таталітарызм.
Узгадаем, што "ісламскі" экстрэмізм многа маладзейшы за тэрарызм. Раней тэрарыстамі быў хто-заўгодна (ірландцы, баскі, грэкі; камуністы і інш.) - а пра ісламізм тады яшчэ ніхто не чуў. Нават вайна крывапралітная вайна Францыі і Алжыра абышлася без ісламавіднага экстрэмізму! Мусульманскія асяродкі далучыліся да "трэнду" зусім нядаўна.

Калі да крамлёўскага "рускага" міра схільнае рускамоўнае насельніцтва, то да ісламавіднага экстрэмізму - мусульманскія асяродкі. Спадарыня ў хіджабе ці нікабе - гэта як рускамоўны ўкраінец. Можа падтрымаць тэрарыстаў - хаця далёка не факт. Нават многа большая верагоднасць, што не падтрымае. Колькасць тэрарыстаў блізіцца да нуля адносна колькасці нармалёвых мусульманаў (без якіх я ўжо не ўяўляю жыцця). Але небяспека тэрарызму застаецца, бо для яе і не патрэбны вялікі адсотак.

Дзетанараджэнне дзеля "сацыялу" - міф.

Сацыяльная дапамога на дзяцей ёсць, складае так каля двухсоткі еўра. А школьны падручнік можа каштаваць і 45-50 эўра, і гэтак далей. З тутэйшымі цэнамі, гэта ўсё сыходзіць толькі на дзяцей - на ежу, адзенне, цацкі, школьныя рэчы... Таму калі хто нараджае дзеля дапамогі, то гэта нейкія безадказныя сацыяльна дэзадаптаваныя элементы, якіх я на шчасце не сустракала. А нармалёвыя бацькі (да ліку якіх належаць і Саміра, сяброўка-марканка, і маміна чачэнская сяброўка Мадзіна) не могуць атрымаць тут эканамічнай выгады, бо расходы на дзяцей істотна перавышаюць дапамогу на іх.

Такая ж міфалогія - словы пра матку мусульманскай жанчыны.

Якая нібыта мае, паводзе спадзеваў ці то Арафата ці то Кадафі, падарваць Еўропу. Пэўна, аўтар мема, як класічны сэксіст, забыўся запытацца ў тых самых жанчынаў, пра якіх разважаў.

Мусульманкі па-першае любяць сваіх дзяцей не меней аддана, чым нашыя маці любяць нас. А па-другое, яны не меней за нас баяцца "заляцець" - ва ўсялякім разе, пасля другога дзіцяці ўжо засцерагаюцца, а пасля трэцяга - дакладна баяцца.

Шматдзетных бельгійцаў - багата!

Міф пра маладзетнасць і "выміранне" карэнных еўрапейцаў часткова падцвярджаюць, да прыкладу, немцы. А вось да прыкладу французы, як і франкамоўныя бельгійцы, яго абвяргаюць. Размнажаюцца выдатна - тры дзіцёнкі ў сям'і тут ёсць такой жа нормай, як і адзін-два, і ведаю шэраг людзей у каторых па пяць і болей.

Небяспечныя кварталы.

У Бельгіі, у адрозненне ад Францыі, грамадства болей перамешанае. Таму не так востра стаіць праблема "гета".

Быў у мяне перыяд жыцця ў дрэнным квартальчыку. Набачылася і абкураных мараканцаў, і п'яных бельгійцаў, і нармалёвых працаўладкаваных чачэнцаў. Адчуванне небяспекі было хіба ў адзін перыяд, калі да нейкага дылера пачаў наведвацца незнаёмы люд... Так ці інакш, была рада з'ехаць адтуль. Але ўражанні пазбаўленыя катастрафічнасці.

Расісты забываюцца, што сярод сацыяльна дэзадаптаваных слаёў насельніцтва найбольш людзей тытульнага паходжання - бельгійцаў. А дрэнныя кварталы - гэта ўжо праблематыка сацыяльная. Этнічная спецыфіка хіба далучаецца да сацыяльных праблемаў. Зрэшты, насельніцтва бедных кварталаў ва ўсім свеце не адрозніваецца вялікай адаптаванасцю. Што лагічна, бо калі людзі выбіраюцца з выбрацца з праблемаў, то перасяляюцца ў лепшыя часткі горада.

Бежанцы з Сірыі.

Ну ці не з Сірыі. Ну ці хочуць проста жыць у Еўропе - ну дык каму як не нам зразумець гэтае жаданне?..

Жывуць у двух кроках ад мяне, цераз дарогу. Паводзяць сабе нармалёва (што ўдвая лагічна: яны ж не прыдуркі, каб не даражыць дакументамі).  

У сувязі з прыбыццём бежанцаў актывізаваўся заапарк расізму. Самы смешны экспанат гэтай выставы называецца "расіст-імігрант". Паходзіць ён, як правіла, з Расіі, Польшчы ці яшчэ якога сацлагеру, жыве на Захадзе, а ў сваіх размовах пра іміграцыю кіруецца крэда "пускайце нас але не арабаў". На якіх падставах ён мае права на прэферэнцыю, цяжка сказаць: ці то таму што белы, ці то таму што хрысціянін. Так ці інакш, маіх бельгійскіх сяброў забаўляюць мае расповяды пра нашыя прэтэнзіі лічыцца болей тутэйшымі чым іншыя імігранты.

Сацыяльная дапамога.

Існуе міф аб тым, што сярод імігрантаў многа "тунеядцаў".

Тунеядцы ёсць ва ўсіх краінах - незалежна ад наяўнасці там сацыялкі. Калі чалавек упарта не хоча працаваць, ён знаходзіць спосабы. Хапае тунеядцаў і сярод бельгійцаў, і сярод беларусаў.

Імігранцкая праблема ўскладняецца імігранцкімі перашкодамі ў знаходжанні працы - таму адсотак беспрацоўных сярод прыбылых і праўда большы.

Ускладняецца сітуацыя многімі фактарамі, але на тое патрэбны асобны артыкул.

Значна зручней рызыкаваць і імкнуцца вышэй, калі ў цябе за плячыма - падушка з назвай "сацыяльнае стахаванне". Але каму ахвота доўга валяцца на гэтай падушцы? - Ну хіба тым, у каго зусім нізкія патрэбы... Бо жыццё на "сацыяле" - не цукар, ані ў забягалаўку кітайскую схадзіць, ані жытло добрае зняць.

Сутыкненне цывілізацый? - Не. Каштоўнасцей.

Кардынальна розныя светаадчуванні бываюць у людзей аднага народа і рэлігіі.

І надварот...

Паводле каштоўнаснага прызнаку добра заводзяцца прыязныя стасункі.

Вось здавалася б, мне лагічна найлепей камунікаваць з беларусамі і праваслаўнымі? А не. З беларусамі, як і з праваслаўнымі, сябрую выбарачна - паводле ідэйна-каштоўнаснай блізасці. І такое ж ідэйна-каштоўнаснае спалучэнне здараецца ў мяне з людзьмі самага рознага паходжання... Ну а з некаторымі праваслаўнымі і беларусамі бывае такое "спалучэнне", што хоць бы не пабіцца.

Люблю мультыкультурную Еўропу.

Жадаю яе бараніць і развіваць, у меру сваіх  сціплых магчымасцяў.
Размовы пра "слабасць" Захаду - міф для тых, хто блытае сілу з жорсткасцю.  Жыццё ў рознакаляровым салаце, смачна запраўленым гуманізмам - гэта не ідэялогія, а ідэя. Яе сіла ўражвае.

Разнастайнасць твараў і адзення на вуліцах, магчымасць супрацоўнічаць з самымі рознымі людзьмі - каштоўнасць, якой мне дужа не хапала ў Беларусі. Ну ды як будзе нашая краіна лепшай, дык свет адразу адрэагуе!  

Адкуль бягуць, і куды - выдатны паказальнік. Бо паспяховая краіна - тая, у якой людзі хочуць жыць.

24.11.15 21:26



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич