Зорныя войны: дакладнасць казкі

Упершыню глядзела фільм у тры дэ.
Упершыню глядзела "Зорныя войны".
Усё калісьці бывае ў першы раз, хаця і забаўна, што дзьве пазначаныя рэчы здарыліся са мной не раней чым у 31 год.
Прадказальна спадабалася. Я зразумела, што спадабаецца, калі ў рэцэнзіях прачытала, што начынкай там ёсць адвечны і невычвараны сюжэт барацьбы дабра са злом.


Ну і - эфекты выдатныя, і начынка не падвяла. Ці то класічныя, ці то архетыпічныя вобразы. Фашысцкага рэйху (адроджанай імперыі-дыктатуры). Адважных змагароў Супраціву, каторыя пры сваёй адважнасці маюць і слабасці, а то і ў змагарных шэрагах апынуліся выпадкова - проста захацеўшы збегчы з шэрагаў зла бо неахвота рабіць злачынствы. Да таго ж характэрна, што ваяры цемры ўсе штампавана-аднолькавыя, а вось чальцы Супраціву - вельмі і вельмі розныя. А ўжо калі гаворка зайшла пра сілу, якая працінае ўсё навокал - зрабілася зусім па-хрысціянску. Гонар і хвала тым, хто робіць такія фільмы ў час псеўдамудрага скептыцызму з квазіінтэлектуальнай модай на "неўсётакпроста" (часта за неўсётакпроста стаіць ідэя падтрымаць якога-небудзь крываварэжымнага дыктатара ці згадзіцца з яўным злачынствам..) 

Можна дараваць амерыканскай культуры ўсе прыбамбасы - за некалькі асноўных мэсэджаў. Такіх, як вера ў Провід, што выліваецца ў хэпі-эндавую перамогу дабра. Асабліва варта падкрэсліць сюжэт перамогі асобы (ці слабаватай з выгляду групы асобаў) над сістэмай. Таксама адзначым канструктыўную веру ў тое, што з кожнай сітуацыі ёсць выхад.
Ну і ўся гэтая казка са зменай планетарна-пейзажна-гісторыкакультурных дэкарацый - была для мяне менавіта казкай. Каторыя не адрывае ад рэальнасці, а толькі сімвалічна яе выяўляе. Свет на экране ў акулярах тры-дэ і свет, які абдувае мяккім ветрам каля кінатэатра - абсалютна адзін і той жа.

Я так жыву... І ўдзячная, што свет "Зорных войнаў" для мяне - сімвалічна-дакладны вобраз зямное рэчаіснасці.Асабліва - пасля ўкраінскай рэвалюцыі, каторая канчаткова навучыла мяне не ўдавацца ў фантастычныя канспіралогіі там, дзе ёсць зразумелыя рэаліі і простыя чалавечыя матывы.
Цікава, што з узростам я не перарасла ідэалізм, а канчаткова дазволіла яго сабе. Дазволіла сабе паверыць, што ёсць рэальнае змаганне за свабоду. Дазволіла сабе яго шукаць і падтрымліваць, у незразумелых сітуацыях ужываючы маральную інтуіцыю.
А "неўсётакпроста" я прымаю толькі ў тым сэнсе, што мы ўсе недасканалыя, таму трэба дараваць людзям розныя ўваходжанні ў маральны штопар - бо здараецца. Тады і нам даруецца... І дараванне, несуджэнне - канчаткова пазбавяць карціну ад памехаў.

.
28.12.15 16:44



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич