Мігранты, мультыкультуралізм, бяспека

Значыцца, абяцаныя развагі пра інцыдэнт у Кёльне і ўвогуле хуліганства з боку некаторых мігрантаў.

Найперш скажу, што тут як, не раўнуючы, з трагедыяй у Адэсе: глядзім вартыя крыніцы. Бо як раней хадзілі пагалоскі пра сотні намерана спаленых зажыва плюс пра нейкія згвалтаванні, якіх не было - так і зараз ужо кажуць пра дзевяноста згвалтаваных жанчын. Не, згвалтавання два ці, паводле іншай крыніцы, тры (што мала чым лепей), а жанчыны, якія звярнуліся (ад 90 да 150 зваротаў) - падвергліся сэксуальнай агрэсіі, якая ў нас вызначаецца дзеясловам "лапаць". Гэта адбылося ў цэнтры Кёльна ў навагоднюю ноч.

Дзіўная гісторыя. Дзіўная ў святле таго, што чалавек, у якога няма добрага віду на жыхарства, дасье якога толькі разглядаецца людьмі якія будуць вырашаць, ці дазволіць яму застацца - як правіла, баіцца трапіцца на хуліганстве ці злачынстве. Менавіта таму удзел у дэманстратыўным (!) хуліганстве (не ў цёмным завулку, а ў месцы масавага святкаванне) выглядае болей чым недарэчным - і зусім не таму, што нібыта мігранты ўсе белыя і пушыстыя, а таму, што яны прарабілі цяжкі шлях у Еўропу і, паводле логікі, маюць даражыць сваім шанцам.

Застаюцца дзьве версіі: А - правакацыя, Б - фантастычны ідыятызм.

Версія А для мяне канешне ж болей зручная. Укосна падцвярджаецца масавасцю і арганізаванасцю. І я бы падазравала нават не ультраправых (якім кожны інцыдэнт з імігрантамі любога пакалення дадае папулярнасці і галасоў), а - "ісламскую" "дзяржаву". Якая даўно пагражала запусціць сваіх агентаў у натоўп бежанцаў - відавочна імкнучыся распаліць у Еўропе антымігранцкія і ісламафобскія настроі, каб мець болей падставаў крычаць што Еўропа супраць ісламу і абвяшчаць свяшчэнную вайну. Што яшчэ раз падцвярджае, канешне, што тая "дзяржава" ані разу не ісламская: бо мусульманіну, нават няблага радыкальнаму, у місіянерскіх мэтах выгадна каб Еўропа пазітыўна ставілася да ісламу. Але ў таталітарызму логіка спецыфічная: Сталін знішчаў уласны народ, спускаў разнарадкі расстрэлаў, і забівалі ні за што і выпадкова; Гітлер знішчаў яўрэяў замест таго каб выкарыстоўваць іх як адукаваны чалавечы рэсурс на карысць рэйху... Зразумела, што нават калі тут руку прыклаў, сапраўды, ігіладэбіл - гэта не значыць, што сярод бежанцаў ёсць нейкія асаблівыя "агенты". Маглі проста выкарыстаць раздзяўбаяў, якім Еўропа патрэбная для чаго-заўгодна але не для нармалёвага жыцця і доўгатэрміновай працы.

Але ўсё ж я з недаверам стаўлюся да размоваў пра правакацыю. Бо як правіла мы шукаем знешнюю інспірацыю там, дзе нам проста не падабаюцца чыесьці паводзіны. У раздзяўбайстве дзіцёнка робіцца вінаватай вуліца, у Майдане (для тых каму ён не падабаецца) - Госдэп ЗША... Таму разглядайма і версію Б: звычайны ідыятызм.

Тое, што гэты вычварны ідыятызм не мае адносінаў да ісламу, ясна як двойчы два: мусульманін паводле вызначэння не павінен быць п'яным, і не павінен пяліцца на жанчын а тым болей іх лапаць. Але справа не лепей ад таго, што праблема не ў рэлігіі, а ў значна больш распаўсюджанай рэчы: рэгіянальныя культуры вялікай часткі свету атручаныя самым ядроным сэксізмам. Для сэксіста жанчыны падзяляюцца на дзьве катэгорыі: "харошыя", якія саблюдаюць вельмі строгі рэгламент, які канешне ж не распаўсюджваецца на мужчын - і астатнія, якіх няма неабходнасці паважаць. У розных кутках свету, ад Афрыкі да Індыі, ад Паўночнага Каўказа да Бліжэйшага Ўсходу і г.д. жанчына не адчувае сабе ў бяспецы, ужо не кажучы пра роўнасць. Ды і астатнія рэгіёны атручаныя сэксізмам - толькі ў меньшай ступені і ў іншых формах. Змаганне тут цяжкае і штодзённае, прагрэс ідзе, але не так хутка як хацелася бы.

Што рабіць? Ну напэўна ж высвятляць, адкуль бяруцца дурні, якім ці то дакуманты непатрэбныя, ці то еўрапейская свабода бачыцца як уседазволенасць (міф, распаўсюджаны нават у нас). Адны бягуць у Еўропу у пошуках лепшага і нармалёвага жыцця, іншыя - невядома на што спадзяюцца. Аказваецца, дурня распазнаць бывае лягчэй, чым гэта можа падацца.

Ва ўсім свеце хулігана выстаўляюць вон. Але, настойваю, ключавое слова тут - ХУЛІГАНА. Менавіта правапарушальніка сажаюць у турму ці (калі гаворка не аб цяжкім злачынстве) проста выкідваюць з грамадскага месца за вушка і на сонейка. Іншы ж мігрант, нават "нелегал", які не робіць злачынстваў і працуе, хай застаецца, хаця штраф канешне заплоціць і ён, і ягоны працадаўца. Бо ўрэшце несправядліва, калі чалавека, які не зрабіў ніякага злачынства, выстаўляюць як злодзея. З рэальнымі ж злачынцамі - іншая справа.

Наколькі я ведаю, Еўропа першапачаткова не збіраецца прымаць усіх мігрантаў: ёсць колькасць людзей, якіх вырашылі прыняць. І вось гэтая колькасць - і мае застацца! З тэхнічным вырашэннем праблемы бяспекі. І з болей дбайнай праверкай дасье, гісторый і іх рэалістычнасці і г.д.

Кажучы гэта, я ўсведамляю, канешне, што не толькі сапраўдныя бежанцы харошыя. Ёсць людзі, якія едуць у Еўропу не з зоны баявых дзеянняў, выкарыстоўваючы вайну як магчымасць пераезду - але з павагай да Еўропы, з добрым намерам жыць годна, працаваць, ствараць, дасягаць поспеху. Такім людзям жадаю, каб іх мары здзейсніліся... Але тут выступае на першы план іншая тэма: права чалавека на свабоднае перамяшчэнне. Адмовы ў візе, не абумоўленыя відавочнымі прычынамі (злачынства, напрыклад) груба парушаюць гэтае права. І я, як усе, ня ведаю, што з гэтым рабіць. Прынамсі - што з гэтым рабіць у краінах з развітай сацыялкай, дзе ёсць магчымасць выжыць без працы, так што парушаецца натуральная структура іміграцыі, абумоўленая наяўнасцю на дадзенай тэрыторыі працоўных месцаў. Не, я не кажу, што прыязжаюць тунеядцы. Многія прыязжаюць у спадзеве знайсці працу. Спадзяюся, што сітуацыя выправіцца, калі Захад навучыцца эфектыўна выкарыстоўваць чалавечы рэсурс, які вызваляецца ў выніку беспрацоўя, абумоўленага рацыяналізацыяй працы...

Канадцы дык зусім добра ўстроіліся: цераз акіян не пераплывеш, так што яны самі едуць у лагеры бежанцаў на Бліжнім Усходзе, і адбіраюць там людзей, якіх прымаюць у Канаду. Хітрыя! Здымуць вяршкі з Сірыі, у якой багата інтэлігенцыі (настолькі, што французскі прафесар Jean-Pierre Filiu ездзіць чытаць лекцыі моладзі ў лагеры бежанцаў...).

Але я ўсё ж падазорна стаўлюся да ідэі селекцыі, калі справа датычыцца людзей... Мы робім з нашых краінаў рэзервацыі, запаведнікі, у якіх спадзяемся схавацца ад небяспекаў знешняга свету - што, мяркую, не атрымаецца. Мы спадзяемся не пусціць ці выгнаць сэксістаў і злачынцаў, хаця паўсвета занятае сэксісцкімі культурамі і злачыннымі рэжымамі - якіх мы часам яшчэ і падтрымліваем, ціпа яны душаць тэрарыстаў, і нічога што неправавымі метадамі і за кампанію з нармалёвай апазіцыяй. Мы імкнемся стварыць штучную прастору, ачышчаную ад непажаданых элементаў - але такі падыход вядзе да фашызму, як любое "ачышчэнне" соцыўма, і, паводле адчування, знішчае свабоду. Бо для мяне няма еўрапейскай свабоды без штодзённых стасункаў з людзьмі з розных куткоў света...

Мяркую, варта думаць не ў катэгорыі "ачышчэння" і каго бы выгнаць ці не пусціць, а ў катэгорыі тэхнічнага вырашэнна праблемаў (такіх, як бяспека, працаўладкаванне, адукацыя і г.д.), і ў катэгорыі адказнасці кожнага чалавека (незалежна ад паходжання) за свае дзеянні.

Я ўдзячная Богу за магчымасць жыць у краіне, прынцыпы якой я падзяляю. Асабліва пасля беларускай звычкі існаваць у апазіцыі... Таму зараз, калі ультраправыя аблізваюцца ў чаканні бліжэйшых выбараў - маю намер зубамі і кіпцюрамі учапіцца ў мультыкультуралізм, неразборліва-інклюзіўны гуманізм, талерантнасць, рознакаляровыя адзенні і гарбату з арабамі. Веру, што знойдзецца тэхнічнае рашэнне праблемаў, і што Еўропа вытрымае і захавае свой цяперашні твар, нягледзячы на сінхронныя высілкі тэрарыстаў і ультраправых.

Карацей, хай Бог дабраславіць мультыкультурную Еўропу!

А яшчэ можам задацца пытаннем: а колькі згвалтаванняў і дамагальніцтваў адбываецца на Новы Год на нашых славянскіх прасторах?..

.
10.01.16 19:12



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич