Секулярны гуманізм і іслам

Толькі лянівы не пісаў пра хрысціянскія карані секулярнага гуманізму. То слушна, бо, жывучы ў Еўропе, пачынаеш падазраваць: секулярны Захад, нягледзячы на апетыя праваслаўнымі "пустыя храмы Еўропы" - болей хрысціянскі, чымсі нашыя прасторы... калі судзіць паводле стаўлення да чалавека, а значыцца - выканання запавету любові да бліжняга. Калі ў нас у інстанцыях да чалавека ставяцца як да аднаго з масы, то на Захадзе - падыход індывідуальны. Калі мы, усходнееўрапейцы, схільныя разважаць як палітыкі і вырашаць праблемы en gros, то заходнееўрапейцы разважаюць найперш як праваабаронцы. Гэта праявілася, да прыкладу, у стаўленні да бежанцаў (у якім, спадзяюся, Захад мужна захавае сваю гуманную пазіцыю нягледзячы на перашкоды).

Нерэлігійныя гуманісты, падаецца, няблага выконваюць запавет аб любові да чалавека. Але Бог застаецца за кадрам...  Дзіўным чынам гэты перакос ва ўспрыманні дзьвух асноўных хрысціянскіх запаветаў - нібыта дапаўняецца іншым светапоглядам, таксама распаўсюджаным у Еўропе. Гэта вера, якая таксама сфармавалася пад моцным уплывам хрысціянства. І таксама няблага ставіцца да хрысціянства у сваім класічным варыянце і дрэнна - у радыкальным. Я, канешне, пра іслам. Які ставіць галоўным пакорлівасць да Бога. Стаўленне да чалавека? - У тэорыі робіцца ўпор на міласэрнасць, на практыцы выходзіць вельмі па-рознаму і залежыць ад менталітэта (як, дарэчы, і ў нас, хрысціянаў, ды і ў атэістычных гуманістаў). Але ўсё ж галоўным ёсць пакорлівасць Алаху.

Такім чынам, акрамя хрысціянства, у Еўропе распаўсюджаныя яшчэ дзьве веры - вельмі розныя, але аб'яднаныя тым, што абедзьве ўзніклі пад моцным хрысціянскім уплывам. Што далей - паглядзім. Кожная дарога з Ерусаліму, паводле К.Льюіса, мае зрабіцца дарогай у Ерусалім. Хто бліжэйшы да Бога - не мая справа судзіць. А раскладачка цікавая, і дарма я пасля беларускага адрэналіну баялася, што ў сытай Еўропе будзе сумна. 

.
13.01.16 11:51



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич