Сацыяльны прагрэс

Тэхнічны прагрэс чалавецтва дапаўняецца фенаменам адсутнасці прагрэса духоўнага - так можна падсумаваць высновы Андрэя Зубава. У сваёй рэлігіязнаўчай манаграфіі вучоны прыводзіць такі прыклад: вынайшлі кола, металургію, высокія тэхналогіі - але паэмы Гамера і Шэкспіра, антычныя статуі і нават пячорныя выявы жывёлаў дагэтуль ніхто не пераўзышоў: "...человек существует в двух планах: как духовное существо он совершенен, он может естественно деградировать, падать, опускаться, но в своих высочайших подъемах он не развивается. И поэтому Гомер, Пушкин, Пастернак, Шекспир – это один уровень, никакого прогресса здесь нет, а вот в плане внешнем человек развивается. Он все лучше и лучше осваивает среду". http://azbyka.ru/istoriya-religij

Сумна атрымлівается, так? Калі раптам няма душэўнага прагрэсу, калі душы чалавечыя не робяцца з цягам часу лепей - то, можа, не робіць жыццё лепшым ані дэмакратыя, ані эмансіпацыя, ані сацыяльныя гарантыі, ані Дэкларацыя правоў чалавека...


Але ўсё атрымліваецца зусім не сумна, а нават і аптымістычна - калі мы паспрабуем класіфікаваць пазначаныя здабыткі чалавецтва не як МАРАЛЬНЫ прагрэс, а як прагрэс ТЭХНІЧНЫ, ІНСТРУМЕНТАЛЬНЫ. Што, калі дэмакратыя, правы чалавека і ў прыватнасці жанчыны, сацыяльныя гарантыі - гэта дасягненні прагрэсу, але не духоўныя, а інструментальныя? Як запраганне каня не за шыю, трактар ці пральная машына?


Тады, па-першае, вяртаецца аптымізм. Верыцца, што як айфонамі карыстаюцца нат баевікі ігіладэбілу, так і здабыткамі фемінізму паступова будуць карыстацца ўсе жанчыны (а таксама і мужчыны). Ну і дэмакратыя тады будзе сабе працягваць пераможнае сваё шэсце па свеце, і Гандзі з эм эл Кінгам будуць радавацца развіццю прапанаваных імі мірных метадаў барацьбы... І будуць, з другога боку, развівацца спосабы ўдасканалення соцыўму, вырашэння тых праблемаў, за якія справядліва крытыкуюць дэмакратыю.


А па-другое, тады многае становіцца на сваё месца. Тады разумеем, што неўсведамленне некаторымі людзьмі каштоўнасці дэмакратыі і сацыяльных правоў - гэта не хіба, а толькі тэхнічнае непаразуменне. Напрыклад, ну не разумее чалавек, што ва ўмовах роўнасці правы жанчыны лепей абароненыя, у тым сэнсе што яна меней рызыкуе быць непачутай, нерэалізаванай, а то і бітай. Пры гэтым такі патрыярхальны чалавек можа і паважаць жанчын, і па-рыцарску быць гатовым прыйсці на дапамогу - лепей, чым іншыя лібералы. Ну ці нехта дзе разважае яшчэ ў феадальных катэгорыях, што маўляў добры лэндлорд мае не злоўжываць, а па-бацькоўску клапаціцца пра сваіх людзей - і гэты філосаф, мажліва, не толькі цытуе апостала Паўла (Эф.6:5) пра належныя адносіны гаспадароў і рабоў, але і здольны выдатна клапаціцца аб падначаленых. Ён усяго толькі не разумее, што наяўнасць правоў першага пакалення, ліберальных, а тым болей правоў другога пакалення, сацыяльных, - істотна падвышаюць магчымасці годнага жыцця для выхадцаў з розных класаў.


Пры гэтым чалавек з ліберальна-дэмакратычнымі поглядамі і чалавек без такіх поглядаў - могуць падзяляць адны і тыя ж, калі глядзець глыбей, каштоўнасці. У іх толькі розныя погляды на інструменты іх рэалізацыі.


Усё гэта мне самой для таго, каб меней злавацца на нечыя патрыярхальныя фантазмы пад пашыраным тэгам "традіціонные ценності". Ці на людзей якія разважаюць у маскулінна-сярэднявечнай ці каланіяльнай парадыгме пашырэння тэрыторый за кошт захопу земляў іншых дзяржаваў... Гэта тое ж самае, што калі б яны не разумелі каштоўнасці пральнай машыны.


Ну і па-трэцяе - можам канчаткова ўсведаміць, што людзі былых пакаленняў былі і не дурнейшыя за нас, а то і разумнейшыя, і жылі яны не меней поўным жыццём, нягледзячы на адсутнасць і айфона, і выбарчага права. Што, канешне, не дае ніякіх падставаў адмаўляцца ад гэткіх карысных рэчаў.


Другая справа, што тут маральны фактар як мінімум месцамі падмешваецца да інструментальнага. Тут збываецца бярдзяеўскае сцверджанне, што клопат пра хлеб для сабе - матэрыяльны клопат, а клопат пра хлеб для Іншага - ужо духоўны. Да таго ж здабыткі тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу, вядома, могуць служыць сродкам рэалізацыі маральных і духоўных каштоўнасцяў. Інтэрнэт ці пральная машына - не духоўная каштоўнасць; аднак альтруістычная праца, накіраваная на забеспячэння як мага большай колькасці людзей гэтымі рэчамі, можа быць рэалізацыяй любові да бліжняга; а вось памкненне пакінуць гаспадаркі без пральных машынаў і шырокія масы без Інтэрнэту можа быць сімптомам садызму ці антыгуманнага абмежавання правоў іншых у сваіх эгаістычных мэтах. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека нават і не даскочыла да маральнай вышыні запавета любові да бліжняга, як і дзейнасць лорда Уілберфорда па адмене гандлю рабамі не адмяніла і не перабольшыла маральнай вышыні словаў ап. Паўла - але і правы чалавека ў дзеянні, і адмена рабства інструментальна павышаюць якасць жыцця безлічы людзей і з'яўляюцца сродкам выканання запавету любові да чалавека.


Далей, ідэйную сферу можна аднесці хутчэй да душэўнай ці нат духоўнай, чымсі да матэрыяльнай. А яшчэ тэзіс пра адсутнасць духоўнага прагрэса неяк дзіўна выглядае ў святле хрысціянскага погляду, у святле Хрыстовай ахвяры за ўсіх людзей і закліку да сусветнай пропаведзі Евангелля... Ну і да таго ж, духоўная сфера - гэта крыху іншы панятак, чымсі душэўная, да якой вялікай часткай адносяцца культура і мастацтва; тут многае нябачна, і нам цяжка зрабіць нейкія замеры ды супастаўленні.


А можа, у духоўнай сферы ідуць адначасова і прагрэс, і анты-прагрэс?.. Развіццё дабра, у самых розных формах і адкрыццях - і паралельнае разрошчванне зла? Але гэта ўжо болей складана і патрабуе глыбейшай рэфлексіі...

.
07.02.16 23:43



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич