Готы з інваліднасцю

Багата чаго можна напісаць пра канцэрт "Лакрымозы" з мастацкага пункту гледжання. Але хачу напісаць пра іншае, і пункт гледжання тут - сацыяльна-педагагічны.

Сярод сямісот чалавек на танцполе было некалькі людзей, якія выдзяляліся не з шэрай, а з чорна-срэбнай масы, адным: яны былі на інвалідных вазках.

Адна дзяўчына ў вазку была на некалькі крокаў за мной. Як яна ўбачыць сцэну? - Праз некалькі хвілінаў убачыла, што пытанне знікла. Бо некалькі чалавек у вазках глядзелі на сцэну і на танцпол звысок - з нейкага збудавання кшталту трыбуны-пастамента.

Я не буду казаць, што грамадства на Захадзе болей гуманнае паводле сутнасці - тут тэма спрэчная. Чалавечая салідарнасць ёсць паўсюль. Але значна спрашчае сітуацыю такая рэч, як інстытуцыяналізаванасць гуманізму.

Прысутнасць людзей з інваліднасцю ўва ўсіх грамадскіх месцах - норма ў Заходняй Еўропе. Дыскрымінацыя іх стаіць у шэрагу праблемаў, пералічаных у розных антыдыскрымінацыйных брашурах.

У Мінску некалькі год таму маёй знаёмай, якая перасоўваецца ў вазку, адмовілі ў магчымасці наведаць Оперны тэатр. Калі яна запыталася, якім чынам наведаць оперу інваліду, ёй адказалі, што нібыта здаровым людзям будзе непрыемна бачыць інваліда.

На гэтую сумную праўду ёсць і іншая, аптымістычная: у Купалаўскім тэатры да той жа маёй знаёмай падбеглі два чалавека з працаўнікоў тэатра і ўсадзілі на самае лепшае месца.

Такім чынам, другі выпадак ілюструе нармалёвае стаўленне да чалавека з інваліднасцю, а першы - савецка-фашысцкі менталітэт, паводле якога людзей з інваліднасцю не павінна быць бачна (усім вядомы жахлівы прэцэдэнт "ачышчэння" Масквы ад інвалідаў пасля вайны праз ссылку іх на Валаам...).

Праблема ж у Беларусі ў тым, што безбар'ернае асяроддзе і бездыскрымінацыйнае грамадства - рэчы, якія хоць ужо і пранікаюць у менталітэт і ў прастору, але вельмі, вельмі фрагментарна. І прэцэдэнты тут залежаць ад таго, як пашанцуе, на які менталітэт натрапіш.

Спадзяюся, у хуткім часе фрагментарнасць зменіцца паўнатой разумення праблематыкі і вырашэння праблемы.

Многа магла б я напісаць пра канцэрт "Лакрымозы", але абмяжуюся словазлучэннем: збылася мара. І было дадаткова прыемна, што задавальненне ад канцэрту падзялялася людзьмі з рознымі магчымасцямі перасоўвання. 

.
03.03.16 14:39



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Маргарита Тарайкевич