На выдачу бежанцаў (верш) 05.10.2017

я хачу каб РБ зрабілася морам
бяспечным для пераплывання
чачэнцамі да берагоў першай Еўропы


беларускі міліцыянер
закрывай прафесійныя вочы
на запыты аўтарытарных
рэжымаў асабліва
тых што кшталту Кадырава


беларускі міліцыянер
сілавік спецслужбіст і гд
дапамажы
жорсткія запыты
патапі
ў нашым чырвона-зялёным моры
схлусь не заўваж выгляд зрабі


зрабіся
Шындлерам
падмані


хай незаўважна плывуць
да берагоў Вейшнорыі


Беларускае падарожніцтва супраць ксенафобіі 23.09.2017

Толькі зараз заўважыла, што ў нас, беларусаў, культ падарожжа!


Уладзімір Арлоў у знакавым эсэ "Незалежнасць - гэта..." узгадвае ўікэндавую даступнасць піцця кавы ў Вене насупраць палацу Шонбурн. Вялікі адсотак аўтараў (Марыя Мартысевіч, Ляксей Лявончык, Дар'я Кастэнка, Ірына Губская і г.д.) шмат пішуць пра свае вандроўныя адкрыцці. Пон Линь гэтым летам рэалізавала маю ранейшую мару пра вялікі аўтаспын (уласна. гэтая мара збылася і ў мяне самой, але ў Паліны атрымалася болей храбра і філасафічна). Беларусь - чэмпіён па адсотку насельніцтва, якое мае шэнгенскія візы. Мы пастаянна паказваем фатаграфіі з адпачынкаў і ўсё жыццё падмацоўваемся ўспамінамі пра рознага кшталту падарожжы. Падарожжы для нас, беларусаў, – ня толькі адпачынак і задавальненне, але важная частка экзістэнцыйнага досведу.


Чаму так? Мажліва, таму што ў нас усё ж маленькая краіна. І не, зусім не па памерах, а паводле гамагеннасці. У нас не хапае дайвёрсіці (можна казаць, дарэчы, пра нашае страчанае дайвёрсіці, дзе нашыя ранейшыя шматлікія яўрэі, татары, г.д.?..). Па трубах вуліцаў, аздобленых савецкай архітэктурай, праходзіць амаль адно белатварая, монаэтнічная плынь. Крывы рэжым у палітыцы і ў паветры доўгім часам дадаваў манатоннасці... Расійскі пісьменнік Дзьмітрый Быкаў неяк выказаў меркаванне, што культ смерці ў японцаў звязаны з недахопам у іх фізічнай прасторы, які кампенсуецца цікаўнасцю да станаў, звязаных з выхадам за межы звыклага быцця. Дарэчы, беларуская гатычнасць з курганамі ды абеліскамі і німбамі трагічных герояў – таксама цікавая тэма, мажліва таксама звязаная з выхадам за ліміты. Але яшчэ з большай верагоднасцю з прагай да пашырэння межаў свайго існавання ў беларусаў звязаныя падарожжы.



Мне пашансіла. Да дзесяцігадовага ўзросту я паспела нетурыстычна пабачыць Северадзьвінск і Жытомір. Далей, для маёй маці паездка ў адпачынак заўсёды была адным з прыярытэтам жыцця (што ня дзіўна, як я зараз разумею, для беларускі). І нарэшце, у мяне здарылася іміграцыя ў мультыкультурную краіну. А жыццё ў мультыкультурным грамадстве – гэта пастаянныя адкрыцці новых прастораў. Болей кароткія ў часе і адлегласці, чым турыстычныя паездкі, але і ў нечым болей глыбокія, бо адкрываеш для сабе збольшага - людзей...


Пра якіх пачынаеш, праўда, разумець, што твая ўнутраная адпаведнасць з кожным асобным чалавекам залежыць не ад ягонага(ейнага) паходжання ці нават веравызнання, а ад асобы... Але ж гэта так цікава: пазнаёміцца на прамігранцкай маніфестацыі з індыянкай з Перу і параспавядаць адно адному пра змаганне карэннага народу і шахцёраў і пра постсавецкія рэаліі; пажыць у чачэнцаў і наслухацца пра вайну такога, што не паверыш, пакуль яно не пачне супадаць з пачутым ад Елены Мілашынай ; падчас сябоўскай выпіўкі у складзе мяне беларускі, афрыканца з Того, афрапарыжаніна і бельгійца зразумець, што ўжыванне алкаголю з аматарскай узаемнай псіхатэрапіяй – фенамен інтэрнацыянальны, у адрозненне ад нашэння світэраў-вадалазак, які выдае беларуску...


Зараз я ня толькі хвалюся - тым болей што няма чым хваліцца, бо ў гэтай мажлівасці шмат тэлепартавацца па культурных прасторах няма маёй заслугі, адно ўдача, - але і змагаюся за дайвёрсіці. Бо я нарэшце зразумела, як змагацца ў Беларусі за сапраўдную талерантнасць і дайвёрсіці і супраць ксенафобіі. Зразумела, на што ў беларускай культуры можна абапірацца: на беларускую любоў да падарожжаў. Мы любім адкрываць новыя прасторы! Таксама я зразумела, чаму я люблю жыць у шматслойным, шматкультурным, разнастайным грамадстве: з-за драйву і эстэтыкі пераскоку і перацякання з прасторы ў прастору. І зараз я зразумела, што гэта ўва мне – беларускае.


Пакуль што пра масавую іміграцыю ў Беларусь мы можам толькі марыць. Нам бы гэта паправіла дэмаграфічную сітуацыю, але каб атрымаць такі падарунак, трэба напачатку зрабіцца паспяховай краінай. Але ёсць тое, што мы ўжо сёння можам зрабіць дзеля таго каб Беларусь заквітнела сацыяльнай разнастайнасцю: зрабіцца сапраўды талерантнымі да разнастайнасці, прымаць і падтрымліваць тых, хто непадобны да нас! У дыяпазоне ад татуіровак з пірсінгам да жыцця БОМЖ, ад шматдзетнасці да чайлдфры, ад заняткаў гістарычнай рэканструкцыяй да выраблення лялек, ад беларускамоўнасці да іншаземнага паходжання, ад чорнага ці жоўтага колеру скуры да грамадзянскага актывізму... і гэтак далей! Чым болей мы будзем маральна падтрымліваць іншасць, тым болей нашая краіна будзе не маленькай, а вялікай.



Хачу скончыць гэтую прамову вялізным ДЗЯКУЙ Богу і людзям, беларусам, беларускам і іншым жыхарам і жыхаркам нашае краіны, - за тое падвышэнне разнастайнасці і адчування свабоды, якое назіраю за апошнія гады! Дзякуй тым, хто арганізоўваў фестываль графіці і дазваляў сабе разнастайныя хобі, займаўся спортам і пераходзіў на беларускую мову, выходзіў на мітынгі і наведваў багаслужбы... Карайцей, дзякуй кожнаму і кожнай, хто самымі рознымі чынам дазвалялі самім сабе быць іншымі і прымалі і падтрымліваў іншасць бліжніх, імкнуліся, нягледзечы на ўсе цяжкасці, жыць а не выжываць, і дапамагалі бліжнім у тым жа самым!.. Дзякуй Богу і вам, плён вашага жыцця і працы - адчуваецца.

Першая працоўная сустрэча беларускіх тэолагаў замежжа 06.06.2017 2

2-4 чэрвеня 2017 г у г. Цюбінгіне, Нямеччына, адбылася сустрэча беларускіх тэолагаў замежжа http://ecumena.by/?p=571 . Большасць удзельнікаў сустрэчы – багасловы ў акадэмічным сэнсе гэтага тэрміну. Але былі і беларусы з іншай адукацыяй і спецыялізацыяй, якія цікавяцца пытаннямі веры (да якіх належу і я).



Сустрэча сталася для мяне інфарматыўным і вельмі натхняльным акном у прастору акадэмічнага багаслоўя.

Читать дальше...

Талерантнасць і свабода 04.02.2017 3


Як звязаныя паміж сабой любоў і свабода?.. Здаецца, я стала лепей разумець сувязь, калі праніклася культурай талерантнасці і паліткарэктнасці.
Читать дальше...

Сэксізм і імперскасць: падабенствы 15.12.2016 18

Мая руская сяброўка Анна падтрымлівала Майдан і ў 2014-м разам з дзьвума сваімі дзецьмі эмігравала ва Ўкраіну. А яшчэ яна феміністка. І ў стаўленні некаторых сваіх суайчыннікаў да ўкраінскай незалежнасці яна бачыць тое, што супадае з ейным досведам перажытага сямейнага гвалту: сітуацыю, калі бліжні парушае твае межы і адцяпвае кавалкі тэрыторыі, не прызнае тваёй самастойнасці і цялеснае аўтаномнасці.

Дадам ад сабе яшчэ адну аналогію: усё гэта робіцца пад соўсам нібыта сямейных каштоўнасцяў і адносінаў. Але на гэтым аналогіі не скончваюцца, таму паспрабую патлумачыць, чаму памыляюцца тыя адважныя змагары за Беларусь (без іроніі), якія лічаць жаночае пытанне нечым другасным, меней важным чым, да прыкладу, імперская пагроза з расейскага боку.

Читать дальше...

Сакралізацыя і дэсакралізацыя краіны 14.08.2016

Дайшло як да жырафы. Падчас заняткаў фемінізмам сустрэла на сайце дый па-новаму ўбачыла дыскусію гадовай даўніны - пра выяву жанчыны-вершніцы ў гербе "Пагоня".

Читать дальше...

Родная змова 23.02.2016 2


"Як у чалавека можа быць толькі адна Родная Маці, так і Мова Родная - толькі адна"... Хм, а ці не страшна казаць такое нам, беларусам?
Ці вы - адзін з той блаславёнай меньшасці, якая можа сцвярджаць, што беларуская мова была сапраўды матчынай, у сэнсе першай пачутай? Што на ёй вы вымавілі свае першыя словы? Ці - вы проста забыліся, што ўдзельнічаеца ў маўклівай агульнанацыянальнай змове, у выніку якой у нас у сацапытаннях дзіўным чынам атрымліваецца большасць беларускамоўных? У калектыўным выдаванні жаданага за дзейcнае - добра, што хоць жаданне сацыялагічна ўнушае аптымізм!
Першай мовай, якую я пачула, была руская. Што я канешне ж не скажу ні ў адным сацыялагічным апытанні, бо я, як большасць беларусаў, удзельнічаю ў змове. Але з імпэтам казаць, што руская мова мне не родная - будзе, напэўна, хлуснёй. Хаця і не стопрацэнтнай...
Беларуская мова для мяне - родная з нагодаў болей глыбокі, чымсі парадак засваення. Напрыклад, таму, што ні на якой іншай мне так не прыемна размаўляць і пісаць, ні з якой іншай я не адчуваю такой аўтэнтычнасці і эмацыйнай сусязі. І таму, што гэта карэнная мова беларускага народу.
Ды і маці ў некаторых не адна... Але ж будзьма працягваць удзел у роднай змове, заўжды сцвярджаючы: " Наша родная мова - беларуская! І так, менавіта на ёй мы размаўляем дома!"
Намагаючыся наблізіць дзейснае да жаданага.

Дзень Волі і "крымская" тэрапія 25.03.2014 1


З Днём Волі, спадарства. І з надыходзячым/надыйшоўшым святам Дабравесця! І дзякуй усім, хто ўдзельнічаў у святкаванні, асабліва тым, хто выйшаў на акцыю ў Беларусі!


Ну і  не ўстрымаюся ад украінскай тэматыкі. Можна лічыць гэта за аўтатрэнінг - нататкі, прызначаныя для навядзення парадка ў сваёй душы і апублікаваныя на выпадак, калі каму спатрэбяцца.

…Здаўся мне гэты Крым. Бес паблытаў замест таго каб ратаваць сваю душу і нават крыху выконваць пост - пагружацца ў балота нянавісці з нагоды таго, што адбываецца ў іншай краіне. Ды і бес, магчыма, і ня ўдзельнічаў - дурноты сваёй хапае… Вось каб змагацца з уласнай  дурнотай, і акрэслю для сабе некалькі тэзісаў.

а) Крым - спрэчная тэрыторыя. Рэгіён, які прапусціў праз сабе рэкордную колькасць людзей і культур: старажытныя грэкі, рымляне, туркі, татары, рускія, украіцы…

б) Пытанне аб тэрытарыяльных межах і іх зварушвання - маральна нейтральная справа. Калі рабіць яе нармалёвымі метадамі. Напрыклад, праз палітычную барацьбу і законныя ці хаця б негвалтоўныя акцыі.

в) Той цырк, які зрабіла Расія ў Крыме - нельга назваць рэферэндумам. Такі «рэфэрэндум» яшчэ ў большай ступені няварта прызнаваць, чымсі сумнеўныя выбары ў РБ. Ані на дзяржаўным узроўні, ані на ўзроўні нашай свядомасці. Зараз Крым - тэрыторыя Украіны, якая знаходзіцца ў акупацыі.

г) Мажліва, у Крыме і патрэбны рэферэндум. Але сапраўдны. З адкрытасцю розных каналаў інфармацыі, з мажлівасцю прапагандаваць усе опцыі выбару, з большай колькасцю варыянтаў… Калі такі рэферэндум ці яшчэ якое адэкватнае палітычнае рашэнне адбудзецца, тады і можна будзе нешта прызнаваць.  

д) Акупацыя адбылася без вялікай колькасці смерцяў, і мажліва сапраўды большасць людзей у Крыме хоча ў Расію - але гэта ўсё роўна менавіта акупацыя. Дарэчы, «бяскроўныя» захопы этнічна нямецкіх тэрыторый, калі не памыляюся, рабіў і Гітлер. А інфармацыя (трэба праверыць) пра здзекі з людзей у Крыме прымушае выкрэсліць слова «бяскроўны».

е) Гэты цырк з «зялёнымі чалавечкамі» няварты ані кроплі пралітай крыві ці нават слёзаў. І тым болей няварты таго, каб пагружацца ў нерэальны свет нянавісці.

ж) У тым, што чалавек ці народ стаўся ахвярай агрэсіі - няма нічога прыніжальнага. Прыніжае чалавека ці народ не адсутнасць некаторых магчымасцяў (ваенных ці эканамічных), а нягодныя паводзіны. Тое, што адбываецца ў Крыме - прыніжэнне не столькі для Ўкраіны, колькі для Расіі.

з) Малайцы ўкраінскія ваенныя, што не паддаліся на правакацыі, і прынамсі не пачалі страляць, калі захопнікі прыкрываліся жанчынамі і іншымі мірнымі і квазі-мірнымі дэманстрантамі…

і) Акрамя спаборніцтва ў ваеннай, эканамічнай і палітычнай моцы некаторых груп насельніцтва, ёсць іншае спаборніцтва, якое выйграць яшчэ больш важна - у маральнасці метадаў дзеяння. Што праўда, з некаторымі апанентамі выйграць паводле гэтага крытэрыю зусім няцяжка… Але тады можна спаборнічаць паміж сабой: хто здолее імкнуцца да палітычных мэтаў найбольш чыстымі і маральнымі метадамі?.. Можна зрабіць спаборніцтва «Украіна-Беларусь». У каго з патрыётаў будзе лепшы парадак са сродкамі барацьбы…


Апошняе, дарэчы, да тэмы свята. Яшчэ раз з Днём Волі!


Выкладзенае тут - гэта не нейкія парады, а толькі тэрапія ўласнага стану душы. Мае пацыфісцкія развагі пішуцца ў тым ліку з мэтай змагання з уласнай нянавісцю.


…А мо скласці анты-русафобскі спіс? Напішу: «Людміла Ўліцкая, Грыгорый Чхарцішвілі, Уладзімір Позней, а. Андрэй Кураеў, а. Пётр Мешчарынаў…» - і г.д., імёны расіянаў, якія прымушаюць мяне верыць у рускі народ. І праглядаць, калі здарыцца чарговы прыступ русафобіі. Можна прыкласці фатаграфіі з Маршу Міру (супраць захопу Крыма) 16 сакавіка ў Маскве. http://wozhyk.livejournal.com/561112.html

60-70-80 тысяч чалавек у Маскве, плюс ранейшыя несанкцыянаваныя акцыі ў розных гарадах - цудоўны паказальнік, асабліва ўлічваючы імперскае мінулае і татальную дэзінфармацыю ў расійскіх СМІ. Малайцы! Паказалі, што сапраўднае братэрства нашых народаў існуе і прынцыпова адрозніваецца ад таго ідэялагічнага сурагата, які прапануе Крэмль.

Ну і нагадаю яшчэ раз, што Патрыярх дабраславіў маліцца аб міры ва Ўкраіне. Дарэчы, афіцыйныя рэакцыі РПЦ мяне радуюць. Мо таму, што я чакала многа горшага. Дзякуй Ягонаму Свяцейшаству, умее ў сваіх зваротах не толькі даць духоўна карысныя рэчы, але і - што меней важна, але ж прыемна! - раздаць кожнай групоўцы па прыемнай фразачцы, на якую можна з задавальненнем спасылацца. Шчыра паважаю.


А тое, што на фатаграфіях - таксама тэрапія. Strongly recommended, дапамагае.



Мірны супраціў. Развагі за гарбатай. 15.03.2014 9

Падзеі ва Ўкраіне з новай вастрынёй ставяць праблему, надзвычай нязручную для грамадскіх актывістаў - прыхільнікаў мірнага супраціву а-ля Гандзі, М.Л. Кінг плюс Дж. Шарп. Мы маем на ўвазе патэнцыял пераўтварэння мірнага супрацьстаяння ў баявыя дзеі.

Мы кранаем не праблему маральных ацэнак, а іншую праблему - тэхнічную. Мы пра метады негвалтоўнага супраціву.

Пытанне, над якім зараз варта паразважаць - загадзя, пакуль гэта можна рабіць за кубкам гарбаты, а не перад шэрагамі АМАПу - можа гучаць так: як арганізоўваць мірны пратэст такім чынам, каб ён застаўся мірным? Як перадухіліць перарастанне мірнага супрацьстаяння ў баявыя дзеі?

Гэта пытанне для апазіцыі, для ўсіх дэмакратычных актывістаў. Ні ў якім разе ня трэба абмахвацца ад яго тэзісам пра тое, што мы, беларусы - мірныя людзі. Майдан, які трываў да першых датаў студзеня, быў настолькі мірным і пазітыўным, што цяжка было ўявіць, што дойдзе справа да крыві і спецыфічных элементаў баявых дзеяў. З другога боку, і сярод нас, мірных беларусаў, ёсць рашучыя таварышы з рознымі ўзроўнямі прымальнасці для сабе такіх дзеянняў, як да прыкладу штурм будынкаў. Мажліва, беларусы ў агульным ня схільныя да акцый, якія афіцыйныя асобы з радасцю аб'явяць экстрэмісцкімі, нават не збрахаўшы. Але патэнцыял небяспекі застаецца, і з гэтым трэба лічыцца.

Раней нам шчыра хацелася распаліць полымя змагання за Айчыну. Я не пра фізічнае полымя, а матывацыйнае, і не нянавісці, а дзейнае любові… Распаліць полымя - гэта было падобным калі не да мэты, то да задачы.

А зараз бачым, што ёсць задача ня меней (а то і болей) важная. Не толькі распаліць полымя трэба, але і ўсачыць, каб яно засталося стваральным… Не дапусціць разбуральных настрояў, крывапраліцця і акцый нянавісці. А пагроза ўзнікнення, а то і дамінавання, гвалтоўных дзеянняў у рэчышчы грамадскага супраціву настолькі вялікая, што прымушвае моцна і непрыемна задумвацца…

Непрыемнасць палягае ў тым, што мы вымушаныя пераглядзець сваё стаўленне да людзей, якія «супраць рэвалюцый», якія з падахорнасцю ставяцца да апазіцыйных акцый, лічачы іх дэструктыўнымі. Раней я думала, што гэта ад баязлівасці і аўтарытарных комплексаў; цяпер прызнаю, што ў нас больш падставаў паважаць падобныя погляды, - а таксама пераглядзець уласныя.

Я бы сама зараз сказала, что я «супраць рэвалюцый». І нават адмовілася бы ад тых метадаў, якія лічу зусім не рэвалюцыйнымі, а якраз эвалюцыйнымі: напрыклад, мірныя маніфестацыі. Магла бы адштурхнуцца ад таго, што нясе патэнцыйную небяспеку павароту да крывавых інцыдэнтаў.

Але ж вось незадача: ёсць досвед жыцця ў атмасферы несвабоднага грамадства. Дый ідэі баявога духу ў мірным рэчышчы занадта настолькі сталі дарагія і далі такі радасны досвед, што не маю сілы адмовіцца.

Як бы то ні было, разважаць патрэбна. Такім чынам, можам прапанаваць дзьве тэмы для мазгавога штурму за гарбатай.

Першая - што рабіць, каб мірнае змаганне за свабоду заставалася мірным? Як арганізаваць негвалтоўны супраціў такім чыным, каб ён застаўся негвалтоўным?

Гэта тэма для дэмакратычных актывістаў. Другая ж тэма - не толькі для актывістаў, але да ўсіх людзей, якія хацелі бы палепшыць жыццё ў сваёй краіне. У тым ліку да тых, хто не ў апазіцыі, хто «супраць рэвалюцый». Для іх тэма гучыць іншым чынам: што можа зрабіць шэраговы грамадзянін для сваёй Радзімы? Што «звычайны» чалавек можна зрабіць для паляпшэння краіны і яе сістэмаў? У якія рэчышчы ўліць энэргіі сваёй працы, каб краіна зрабілася больш прыгожай, вольнай і дэмакратычнай?

Да такіх развагаў мы можам прапанаваць як мінімум тры рэцэпты гарбаты.

Першы - для прыхільнікаў мірнага змагання за свабоду, праўду і паляпшэнне сістэмаў і атмасферы ў грамадстве. Гэта тэорыя і досвед М. Гандзі і М.Л. Кінга. Паміж пазначанымі асобамі ёсць і цікавы «мосцік» - Джэймс Лоўсан (James Lawson). Ну і канешне ж - Джын Шарп, прынамсі ягоная фундаментальная праца па метадалогіі негвалтоўнага супраціву «Ад дыктатуры да дэмакратыі». Але спадар Шарп - гэта збольшага тэхніка. Натхняючыся навуковымі фактамі на карысць мірнай барацьбы, варта памятаваць маральныя прынцыпы, сфармуляваныя Гандзі і Кінгам, - прынцыпы, без якіх негвалтоўныя акцыі нагадваюць прафанацыю. Гэта і павага да апанента, і апрыёрнае бачанне ў ім высакародных матывацый, і змаганне са злом а не з чалавекам які за ім стаіць, і наданне апаненту магчымасці «захаваць твар»…

Другая - для тых, хто «супраць рэвалюцый». У склад гэтае гарбаты можа ўвайсці «тэорыя малых справаў» («теория малых дел»), прыпраўленая аптымізмам кайдзэн - японскай практычнай філасофіі філасофіі, арыентаванай на паступовае і няспыннае ўдасканаленне як у вытворчасці, так і ва ўсіх сферах жыцця. Ну і іншы «пазітыў», той жа Джон Максвэл.

Трэцяя - для людзей з больш радыкальнымі поглядамі. Бусідо («шлях высакароднага ваяра»), няпісаны маральны кодэкс гонару самураяў. Многа ведаю гадасцяў пра прадстаўнікоў гэтага саслоўя, але ж былі сярод іх тыя, хто ў тэорыі і на практыцы стварыў бусідо - інтуітыўны і ніколі спаўна не аформлены тэарэтычна комплекс  прынцыпаў і каштоўнасцяў. Самураі - адна з нямногіх воінскіх культураў, якая сцвярджае, што лепш памерці чым выканаць заведама беззаконны загад, і вучыць паважліваму стаўленню да ворага… Дарэчы, многія фільмы пра самураяў - цудоўная арт-тэрапія. Але ж ўспрымаць варта вельмі выбарачна… Ну ды ня думаю, што нехта з чытачоў пачне ўспрымаць меч як сродак палітычнай барацьбы ці самагубства як спосаб вырашэння маральных дылемаў.

Падзел на «групы» паводле шкалы «мірнасці» - умоўны. Аўтарка ўжывае ўсе пазначаныя рэцэпты. Зразумела, што гэта толькі частка таго, што можна творча ўспрыняць.

Пра Евангелле і хрысціянскі падыход не кажу таму, што тэма надзвычай сур'ёзная і масштабная, і да таго ж гэта для нас - апрыёрная каштоўнасць, якую ўкласці ў тэарэтычны тэкст яшчэ цяжэй, чым бусідо, а няўдалая спроба пагражае прафанацыяй.

Прыемнай гарбаты! Мо сустрэнемся.




Страницы: 1
Читать другие новости

Маргарита Тарайкевич