"ШЭРАЯ КНІГА ДЫКТАТУРЫ"

25 чэрвеня 2003г. дзесяткі тысяч беларусаў праводзілі ў апошні шлях Васіля Быкава. Але адна з яго парадаў для будучай Беларусі дагэтуль, па-сутнасці, не пачутая. Ці, больш дакладна кажучы, не відаць сістэмнай працы ўсіх структур, што супрацьстаяць дыктатуры, у вядзенні ШЭРАЙ КНІГІ злачынстваў рэжыму.  

"Банда Лукашэнкі прыйшла да улады"

Ідэя Васіля Быкава палягала ў тым, каб неяк стрымаць жорсткасць "банды Лукашэнкі, якая прыйшла да ўлады". Менавіта пад такім загалоўкам быў змешчаны артыкул у газеце "СВАБОДА" яшчэ на пачатку 1996года. Гэтае трапнае азначэнне тады ледзь не прывяло ў шаленства Аляксандра Лукашэнку. Гэтую фразу ён гнеўна працытаваў з трыбуны парламента, звяртаючыся чамусьці да мяне, хаця не я яе аўтар. Тым не менш зараз усе сумленныя людзі Беларусі разумеюць, наколькі адчуваў нутро беларускага "правадыра" і яго атачэння Васіль Быкаў. А тады ж многія, асабліва пенсіянеры, гатовыя былі ледзь не вочы выдрапаць за крытыку ў адрас "змагара з карупцыяй". Крыўдна было Лукашэнку пачуць такое пра сябе і сваё атачэнне ад самога Васіля Быкава! І пачалося цкаванне, помста, і, як вынік-вымушаная эміграцыя нашага волата думкі і сумлення беларускай нацыі. Пасля вяртання дадому незадоўга да сыходу ў вечнасць Васіль Быкаў яшчэ раз нагадаў аб неабходнасці вядзення ШЭРАЙ КНІГІ ДЫКТАТУРЫ. Па просьбе ветэрана Беларускага Адраджэння паэта Яна Грыба ды іншых рупліўцаў Беларусі мне было даручана публічна давесці аб неабходнасці вядзення такой КНІГІ усіх, хто мае дачыненне да праваабарончай ды журналісцкай дзейнасці на Беларусі і за яе межамі.

Што павінна быць адлюстравана ў ШЭРАЙ КНІЗЕ ДЫКТАТУРЫ.

ШЭРАЯ КНІГА ДЫКТАТУРЫ павінна змяшчаць усю даступную інфармацыю аб тых суб'ектах, што ўчынялі крымінальныя злачынствы з палітычных матываў. Публічны грамадзкі статус ПАДАЗРАВАНЫХ у здзяйсненні злачынстваў прымусіць такіх суб'ектаў яшчэ раз падумаць аб сваім незайздросным лёсе, што чакае іх пасля аднаўлення канстытуцыйнай законнасці і дэмакратыі на Беларусі. Выкрадальнікі і забойцы вядомых грамадзкіх і палітычных дзеячаў Беларусі, мяркуемыя бандыты з ліку спецслужбаў, што збівалі кандыдатаў у Прэзідэнты Аляксандра Казуліна і Уладзіміра Някляева, суддзі і пракурорскія работнікі, што выносілі загадзя неправасудныя прысуды ды падтрымлівалі нічым неабгрунтаваныя абвінавачванні і г.д. – усё гэта павінна быць адлюстравана ў ШЭРАЙ КНІЗЕ дыктатуры. Павінен адлюстроўвацца і сам факт злачынства, нават калі не ўстаноўлены прозвішчы злачынцаў (напрыклад, збіццё дэпутатаў апазіцыі ў Вярхоўным Савеце ў 1995 г. – жудаснае злачынства супраць улады, злачынцы павінны быць пакараны, тэрмін даўнасці тут не прымяняльны). Тыя асобы, што ўчынялі злачынствы, ці, кажучы юрыдычнай мовай, суб'екты злачынстваў, якія ўзгадваліся публічна ў СМІ – яны павінны атрымаць статус падазраваемых. Потым ступень іх вінаватасці і пакарання па сукупнасці палітычна-матываваных злачынстваў вызначыць незалежны суд постлукашэнкаўскай Беларусі.

Варыянты і форма вядзення ШЭРАЙ КНІГІ ДЫКТАТУРЫ.

Асноўны экзэмпляр павінен весціся і захоўвацца ў офісе па-за межамі Беларусі. Тут ёсць шырокае поле дзейнасці для асобаў з ліку палітэмігрантаў з Беларусі (асабіста звяртаюся да Алега Алкаева, Алеся Міхалевіча, Уладзіміра Барадача ды іншых, хто мае юрыдычны досвед і адпаведную інфармацыю – узяцца за гэтую працу за мяжой). Але асноўны сэнс у тым, каб гэтая кніга існавала і ў электронным варыянце. Каб на ўсіх незалежных сайтах быў змешчаны яе лагатып, і клікнуўшы на банер ці адпаведны надпіс кожны карыстальнік кампутара мог бы пачытаць змест гэтай кнігі. Калі аб злачынствах і злачынцах рэжыму даведаецца бальшыня беларусаў, то такі рэжым не пратрывае і тыдня. Гэта – адна мэтаў кнігі. Прэвентыўная функцыя ШЭРАЙ КНІГІ – у тым, каб стрымліваць суб'екта (суддзю, супрацоўніка праваахоўных органаў і г.д.) ад учынення чарговага палітычнага злачынства і нагадаць аб непазбежнасці пакарання ў недалекай будучыні. Аляксандр Лукашэнка, як і ўсе людзі, старэе, і старэе ўжо даволі хутка. Яго нэрвовая сістэма – на мяжы выжывання арганізма. Але слугі дыктатуры забыліся пра гэта і па-ранейшаму баяцца не закона, а гневу дыктатара. Звычайны, па-сутнасці, жывёльны страх. Як і страх смерці, якая непазбежна прыйдзе. За кожным. І баяцца тут няма чаго. Бо такога жыцця, у маральнасным і філасофскім плане асэнсавання, якое зараз у былога шэфа КДБ сп.Мацкевіча, экс-шэфа Генпракуратуры сп.Бажэлкі, экс-шэфа крымінальнай міліцыі генерала Лапаціка – такога ворагу не пажадаеш. Няма нічога больш сумнага і маркотнага, чым ЛЁС ДАЛЬТОНІКА, ПРЫСВЯЦІЎШАГА СВАЁ ЖЫЦЦЁ ПОШУКУ СІНЯЙ ПТУШКІ. Падаецца, што сп.- ры Бажэлка, Мацкевіч, Лапацік з кожным днем набліжэння да вечнасці на ўзроўні падсвядомасці, а мо ўжо і свядомасці – разумеюць бессэнсоўнасць і нікчэмнасць свайго..., хацеў сказаць ЖЫЦЦЯ, але ж больш дакладна, ІСНАВАННЯ. Таму ў чарговы раз звяртаюся да гэтых спадароў пачаць даваць публічныя паказанні. Бо кожны дзень жыцця ў любы момант можа стацца апошнім. Для кожнага чалавека, і тым больш для тых, хто мае жудасную інфармацыю аб жудасных злачынствах, і маўчыць.

Стварэнне ШЭРАЙ КНІГІ ДЫКТАТУРЫ даўно наспела. Параду Васіля Быкава трэба выканаць. Ёсць спадзяванне, што і рэдакцыя сайта "Беларускі партызан" зробіць адпаведныя крокі. Бо тая разрозненая інфармацыя, што існуе зараз, як і спроба стварэння ГРАМАДСКАГА ТРЫБУНАЛУ – гэта некалькі іншае. І па сутнасці, і па мэтах і функцыях.

24.06.11 5:04



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец