ШТО РАБІЦь ДЗЕЛЯ ПЕРАМЕНАЎ

У краіне, дзе страх паралізаваў волю бальшыні людзей да супраціву злу, непрыхаванаму махлярству, падману і хамству з боку ўлады і яе галоўнага начальніка, цяжка даць грунтоўны адказ на пастаўленае ў загалоўку пытанне. І ўсё ж такі паспрабую.

Беспакаранасць спараджае жорсткасць

Тое, што ўлады і вярхоўны начальнік дзейнічаюць жорстка і пакуль што беспакарана – вінаватыя, у першую чаргу, тыя, хто галасаваў супраць сённяшняга уладара і не выйшаў на ПЛОШЧУ, каб адстаяць свой выбар. Выношу за дужкі тых, хто падтрымаў правіцеля, як выразіўся адзін палітолаг, "лу-публіку" – гэта асобная тэма.

Такім чынам, ўсе тыя людзі, што засталіся ў ноч пасля выбараў у хатніх бетонных і цагляных клетках (г. зн. кватэрах), ці сядзелі ў кавярнях, гатэлях і г.д. – усе яны павінны адчуць сябе вінаватымі. Я тут не маю на ўвазе людзей з нізкім інтэлектам, маргіналаў, люмпенаў, а перш за ўсе тых, хто адносіць сябе да сярэдняга класа (прадпрымальнікаў, кваліфікаваных рабочых і служачых), а таксама людзей з вышэйшай адукацыяй (настаўнікаў, медыкаў іг.д.). Яны ўсе павінны быць у лёсавызначальныя гадзіны на плошчы, а не сядзець па норах. Лічба ў 30 ці 50 тысяч "дзекабрыстаў" на двухмільённы Мінск не з'явілася крытычнай, каб паралізаваць волю і выклікаць страх у міліцыянтаў і вайскоўцаў. Страх быў толькі ў дыктатара, а міліцыя засталася вернайі дыктатару і свайму начальству даволі жорстка падавіла ў самым зародышы той супраціў, які мог узнікнуць пасля непрыхаванай фальсіфікацыі выбараў.

Рэпрэсіўны апарат улады ўбачыў, што народу выйшла пратэставаць не так шмат, а таму дзеянні дыктатара па абароне сваёй улады былі прадказальнымі. Ён задзейнічаў на поўную катушку рэпрэсіўны апарат. А вось пралічыць сітуацыю далей ніхто з уладнай групоўкі не жадаў і не хацеў. Аб гэтым, фактычна, было абвешчана на наступны дзень на прэс-канферэнцыі, дзе Лукашэнка заявіў, што яшчэ пяць гадоў вы будзеце мець справу са мной, хочаце вы гэтага ці не. Адказ адрасаваны быў не толькі журналістам, што знаходзіліся ў Палацы Рэспублікі, але, фактычна, усім, хто не выйшаў 19 снежня бараніць свой выбар. Усім палахлівым і баязлівым з ліку разумных людзей, што жадалі пераменаў, але з-за свайго страху міжволі садзейнічалі таму, што дыктатар пайшоў на сілавы варыянт утрымання ўлады. Цяпер усе павінны разумець, што мірнай, без крыві, перадачы ўлады ў Беларусі (напрыклад, шляхам дэмакратычных выбараў), наўрад ці адбудзецца. Тут не ўлічваю форс-мажорныя сітуацыі (раптоўная смерць правіцеля, адмову Крамля ў падтрымцы беларускай кіроўнай вярхушкі і т.п.- толькі ў гэтым выпадку ёсць надзея на мірны пераход да дэмакратыі).

Дык што ж рабіць?

А вось паглядзіце, як сірыйцы сотнямі тысяч выходзяць пратэставаць, іх збіваюць і, нават, страляюць, а яны усё адно выходзяць. І, урэшце рэшт, у Сірыі можа адбыцца як у Лібіі, дзе Муамар Каддафі, фактычна. разбурыў краіну, баронячы сваю ўладу. Беларусы не такія. Больш памяркоўныя і больш палахлівыя. Займуцца самавыжываннем, падсеўшы на бульбу, чарку ды шкварку. Але ці можна такое паскудства жыццём называць?

Гэтае пытанне адрасавана ўсім тым, хто спадзяецца, што міфічная апазіцыя ці нехта іншы зрушыць сітуацыю ў нармальнае рэчышча. Не, панове! Калі падзішах не памрэ ці ішак не здохне – то нічога не будзе. Будзе яшчэ горш.

З усіх ініцыятываў і прапановаў трэба выдзеліць маўклівыя пратэсты і ІНІЦЫЯТЫВУ НАРОДНЫХ СХОДАЎ І НАРОДНЫХ СУДОЎ. Аб народных сходах і судах крыху пазней. А што да маўклівых пратэстаў – дык яны спужалі дыктатара да такой ступені, што пачаліся неадэкватныя дзеянні сілавікоў супраць грамадзян (напрыклад, хапаюць і судзяць нават аднарукага за плясканне ў ладкі, раней, прыгадаю, судзілі глуханямога за выкрыкванне антыўрадавых лозунгаў). Але за гэтай неадэкватнасцю дзеянняў міліцыі крыецца іншае. Што? Адказ такі: на сапраўдныя, маштабныя акцыі супраціву ніхто больш не будзе падаваць заяўкі на іх дазвол. У кіроўнай групоўкі такога шанцу, які б даў магчымасць падрыхтавацца так, каб, як выказаўся правіцель, "шандарахнуць" – такога ў гадзіну "Х" не будзе. І не факт, што ўдасца шандарахнуць, бо сярод верных дыктатару сілавікоў наўрад ці знойдзецца шмат самазабойцаў. А што ўрэшце,ад будзецца ў гадзіну "Х" – вядома Усявышняму.

Цяпер аб народных сходах і народных судах. Ідэя цудоўная. Шкада толькі, што ў свой час на Кангрэсе дэмакратычных сіл, дзе А. Мілінкевіч быў абраны лідэрам, намаганнямі пэўных шаноўных асобаў была сабатаваная яшчэ больш важкая ідэя Міжнароднага грамадзкага трыбуналу. Калі б тады на Кангрэсе гэтая ідэя перамагла і атрымала сваё рэальнае увасабленне – то ў 2010г. А.Лукашэнка ўжо б меў статус асобы, што падазраецца ва ўчыненні злачынстваў супраць чалавечнасці не толькі зыходзячы з высноваў мемарандума Х. Пургурыдэса аб гвалтоўных выкраданнях і магчымых па-за судовых экзекуцыях вядомых асобаў. Такі Грамадзскі трыбунал з удзелам вядомых палітыкаў Еўропы, ЗША і Расіі ўжо б тады паставіў тлусты крыж на ўсёй палітычнай (ды й, магчыма, жыццёвай) кар'еры цяперашняга правіцеля. Тады некаторыя асобы забалбаталі пытанне як непадрыхтаванае, хаця я цвёрда перакананы і зараз, што менавіта гэтае пытанне павінна было быць асноўным на Кангрэсе, і што ўся дзейнасць Кангрэса і яго выканаўчага органа павінна была будавацца на ідэі арганізацыі і правядзення Міжнароднага грамадзкага трыбуналу.

Ідэя Міжнароднага грамадзкага трыбуналу засталася нерэалізаванай. Але справа з рэальным міжнародным расследаваннем выкраданняў людзей і па-за судовых смяротных пакаранняў павінна стаць галоўнай умовай апазіцыі ў перамовах з тымі людзьмі ад улады, хто не мае дачынення да гэтых пачварных злачынстваў. Такія перамовы можна будзе весці з У.Макеем і некаторымі іншымі асобамі, якія, мяркую, разумеюць тупіковасць цяперашняй сітуацыі. Цяперашні правіцель Беларусі, якога падазраюць, прынамсі, у датычнасці да патурання пачварных злачынстваў, не можа быць суб'ектам перамоваў.

Ідэя народных сходаў з патрабаваннямі да ўлады вельмі слушная ў тым сэнсе, што яна можа быць рэалізаваная ў рамках дзеючага заканадаўства. Гэта і сродак САМААРГАНІЗАЦЫІ грамадства. Тут ёсць вялікі кавалак самаахвярнай працы для тых, хто выходзіў на маўклівыя акцыі пратэсту. Далучыцеся да працы па арганізацыі такіх сходаў! Не ківайце на апазіцыю, якая разгромленая, а лідэр – Андрэй Саннікаў, у турме. Трымайце сувязь і працуйце з тымі, хто на волі, з тым Аргкамітэтам, што ўжо створаны. А ўсім грамадзянам і чытачам незалежных ад рэжыму інтэрнет-сайтаў і газет трэба проста прыйсці на будучыя сходы ў абвешчаны час па месцы жыхарства ці правядзення сходу. І, пажадана, прывесці хаця б аднаго-двух сваіх знаёмых, сяброў, суседзяў... Тады ад такіх мерапрыемстваў будзе плён.

Што тычыцца ідэі арганізацыі Міжнароднага грамадзкага трыбуналу па гвалтоўных выкраданнях і магчымых па-за судовых смяротных пакараннях, то гэтая праца павінна весціся, рабіцца штодзённа і неадкладна тымі, хто ў свой час не зразумеў яе неабходнасці (узначаліць гэтую працу мог бы. напрыклад, С. Шушкевіч ці нехта іншы з вядомых асобаў). Сумесна з Беларускім Хельсінгскім камітэтам, праваабарончым цэнтрам "Вясна", партыйнымі структурамі магчыма склікаць такі Трыбунал нават у Маскве ці ў Кіеве. Запрасіць туды ўплывовых палітыкаў з Еўрасаюза, з Расіі, ЗША, краін Балтыі і прыцягнуць да гэтай падзеі увагу шматлікіх мас-мыдыа. Трыбунал прыцягне увагу да Беларусі і можа, нарэшце, вымусіць расійскае кіраўніцтва адмовіцца ад палітычнай падтрымкі рэжыму, дзе гвалтоўна выкрадаюць і забіваюць людзей.

Падаецца, што на пытанне, вынесенае ў загаловак, адказ у гэтым артыкуле прагучаў. Усе мы. урэшце рэшт, памрэм. Хто раней, хто пазней. Пакуль жа жывем у краіне з таўром апошняй дыктатуры Еўропы, дзе амаль два дзесяцігоддзі не мяняецца ўлада і галоўны яе начальнік, дзе выбары ператвораны ў прафанацыю, дзе ўжо стаміліся нават хлусіць, дзе чыноўнікі пры з'яўленні галоўнага начальніка баяцца нават дыхаць... Дык хіба зграшу, хоць і можна такое паскудства жыццём называць.

Постскрыптум.

Каб пазбавіцца ў пост-лукашысцкі перыяд ад некаторых сіндромаў і комплексаў (напрыклад, абыякавасці і жлобства), прапаную кожную раніцу па радыё і тэлевізіі некаторы час круціць, без перабольшвання. геніяльную песню Віктара Шалкевіча "Жлобская нацыя". Жорсткія, балючыя, але справядлівыя характарыстыкі нашай недафармаванай нацыі – у кожным радку гэтага твора. У сукупнасці з выдатнай, амаль гімнічнай мелодыяй гэтая песня будзе часова замяняць гімн – да ўсведамлення таго, што ж адбывалася з народам амаль два (ці, мо болей?) дзесяцігоддзі. Паслухайце гэтую песню ў вольны час, замаўляйце яе на FM- радыёстанцыях – не факт што Вашае смс зачытаюць, а просьбу выканаюць. І тым не менш, дзейнічайце! Але песня Віктара Шалкевіча, прынамсі, будзе штурхаць чалавека да думкі, што нельга быць жлабом. Маецца на ўвазе, перш за ўсё маральнае жлобства.
01.08.11 7:04



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец