Віктар Ганчар: "Калі Лука страціць уладу над сабой, ён страціць яе наогул."

Пытанне знаходжання на чале ўлады на Беларусі Аляксандра Лукашэнкі хвалюе кожнага жыхара Беларусі, а таксама многіх людзей па-за яе межамі. Калі адкінуць форс-мажор (а гэты варыянт таксама вельмі верагодны), то найбольш дакладны адказ – у загалоўку...

Перада мною адзін з апошніх дакументаў Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання, які чакае свайго асэнсавання: "Заключение специальной комиссии по правовой оценке нарушений Президентом Республики Беларусь А.Лукашенко Конституции и законов Республики Беларусь". Дакумент быў прыняты дэпутатамі Вярхоўнага Савета, якія засталіся вернымі Канстытуцыі, Закону і свайму народу, які выбіраў іх як сваіх прадстаўнікоў у вышэйшы орган заканадаўчай улады. Уручаючы мне як сябру гэтай камісіі брашуру з тэкстам Заключэння, Віктар Ганчар напісаў радкі, вынесеныя ў загаловак, паставіў свой аўтограф, а потым у размове працытаваў знакамітую фразу шаўчэнкаўскага Тараса Бульбы: " Я его породил – я его и убью!". И дадаў, што маецца на ўвазе вобразнае параўнанне, гэта значыць не забойства ў прамым сэнсе (як выразіўся персанаж Тарас Бульба з аднайменнага твора Т. Шаўчэнкі), а законнае адхіленне ад вышэйшай дзяржаўнай пасады асобы, што ўчыніла крымінальнае злачынства.

У жыцці ўсё выйшла наадварот. Дванаццаць гадоў таму, 16 верасня 1999 года быў гвалтоўна выкрадзены і забіты разам са сваім памочнікам Анатолем Красоўскім сам Старшыня спецыяльнай камісіі Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар. У навейшай 20-гадовай гісторыі суверэннай Беларусі ёсць тры асобы, якія найбольш паўплывалі на яе палітычнае станаўленне і развіццё і, ў рэшце рэшт, на тое, што мы зараз маем. Гэта Зянон Пазьняк, Аляксандр Лукашэнка і Віктар Ганчар.

Адраджэнне і станаўленне Беларускай дзяржавы адбывалася, як зараз кажуць, у "ліхія" 90-я гады 20-га стагоддзя. Гэта быў час распаду імперыі зла – Савецкага Саюзу і нараджэння новых, самастойных дзяржаў з ліку былых савецкіх рэспублік. На момант першых і апошніх пакуль што дэмакратычных выбараў 1994 года бадай кожны жыхар Беларусі ведаў і чуў вышэйзгаданых асобаў. Пры гэтым варта адзначыць, што Зянон Пазняк вылучаўся сярод палітычных лідэраў бездакорнай беларускамоўнай рыторыкай, Віктар Ганчар – бездакорнай рускамоўнай рыторыкай, а Аляксандр Лукашэнка – надзвычай эмацыйнай жэстыкуляцыйнай рыторыкай на спецыфічнай мове, так званай "трасянцы", найбольш блізкай да асноўнай масы народу.

Калі звярнуцца да ўмоўнага ладу (хоць гісторыя не церпіць умоўнага ладу – і тым не менш), то цяжка ўявіць, што без палітычных постацяў Зянона Пазьняка і Віктара Ганчара магла з'явіцца трэцяя постаць паміж імі. Так бы мовіць, постаць "трасянкаўскага" палітычнага ўзору. І калі З.Пазьняк і іншыя палітыкі нацыянальна-дэмакратычнага накірунку да апошняга моманту не ўспрымалі "трасянкаўскую" постаць" усур'ёз, спадзеючыся на розум і кемлівасць камунапартыйнай наменклатурнай палітычнай эліты, то Віктар Ганчар зрабіў на гэтую постаць стаўку. Стаўка часова згуляла – Віктар Ганчар нават віцэ-прэм'ерам ураду быў прызначаны. Але ў выніку стаўка аказалася фатальнай і каштавала яму жыцця. Гэтак жа, як і другому галоўнаму "маладому ваўку" Дзмітрыю Булахаву.

Дванаццаць год няма Віктара Ганчара! Шмат доказаў і фактаў, што ўказваюць на яго лёс – вядомыя. Яшчэ шэраг проста жахлівых акалічнасцяў яго выкрадання і забойства, як і іншых выкраданняў ды забойстваў неўзабаве ўсплывуць. Упэўнены, што Аляксандру Лукашэнку час ад часу сняцца, а то і прыходзяць у галаву сярод белага дня прывіды Віктара Ганчара.

І таму непазбежна збудзецца прарочая, уласнаручна напісаная фраза Віктара Ганчара на дакуменце, які дапаможа Беларусі нарэшце вярнуцца ў рэчышча канстытуцыйнай законнасці.
16.09.11 6:25



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец