Памяці Віктара Івашкевіча

Пайшоў ад нас у лепшы свет Віктар Івашкевіч. Пайшоў заўчасна, не дачакаўшыся свабоды для сваёй Беларусі.  Аўтар гэтых радкоў пазнаёміўся  з Віктарам  ў 1988 годзе.  Віктар Івашкевіч уваходзіў  тады ў  знакамітую тройку( разам з Сяржуком  Вітушкам і Вінцуком Вячоркам)  вядоўцаў той   “Талакі”, што надала імпульс галоснасці і дэмакратызацыі  БССР  часоў перабудовы.
   Віктар Івашкевіч быў па жыцці аптымістам, чалавекам дзеяння. Нават пасля крывавага разгону плошчы-2010 ён ледзь не сам спрабаваў абудзіць з дапамогай народных сходаў спалоханае і шакаванае жорсткасцю дыктатара Лукашэнкі беларускае грамадства. Памятаю шматлікія сустрэчы і размовы з Віктарам на палітычныя тэмы. Яго бездакорны аналіз сітуацыі проста уражваў. Пасля разгону Вярхоўнага Савета і ўсталявання дыктатуры напрыканцы 1996- пачатку 1997гг. у  размовах  з Віктарам з дапамогай аналізу ўсіх  чыннікаў, характэрных  для Беларусі  і яе надзвычай памяркоўнага народа( з прыярытэтам чаркі і шкваркі над усім астатнім), псіхалагічных асаблівасцяў  беларускага дыктатара і падтрымкі яго з боку  Крамля, паталагічнай баязлівасці беларускай  кіроўнай наменклатуры мы прыйшлі да высновы, што лукашысцкая  дыктатура –усур’ёз і надоўга.
20 сакавіка 1997 г., седзячы разам у закратаваным міліцэйскім УАЗіку,  калі нас вазілі па розных  РАУС  і судах, і пасля судзілі за арганізацыю ледзь не ўсіх  мітынгаў  і пікетаў  апазіцыі, што адбываліся ў  1996-пачатку 1997гг. – тады ў Віктара ўзнікла ідэя  актывізацыі рабочага руху  і  выдання газеты  “Рабочы”.  За маё фундаванне гэтага праекту  Віктар у размовах з блізкімі людзьмі з ліку супрацоўнікаў той рэдакцыі без усялякай іроніі называў мяне святым( без двухкосся). Але па вялікаму рахунку Ён сам быў  такім : у адносінах з блізкімі па духу людзьмі  яго шчырасць, бездакорная логіка мыслення  і  высноваў уражвалі.  Яго словы ніколі не разыходзіліся са справай. Іншая рэч, што рабіць канкрэтныя  палітычныя справы ва ўмовах  спецыфічнай беларускай дыктатуры і псіхалагічнага ступара, у які з-за страху патрапіла беларускае грамадства – рэч няўдзячная. Бо заўжды знойдуцца тыя, хто здольны толькі крытыкаваць і нічога не прапаноўваць узамен.
Пад час палітычнай кампаніі 2001года Віктар Івашкевіч патрапіў у асаблівую няміласць да беларускага правіцеля за артыкул “Вор должен сидеть в тюрьме” і атрымаў за гэта два гады  “хіміі”. Падчас адсідкі моцна абвастрыліся яго хранічныя захворванні, што падарвала яго здароўе. Аб гэтым мне гаварылі тыя яго палечнікі па барацьбе, што былі з ім  на пастаяннай сувязі.

За некалькі дзён да крывавага разгону плошчы -2010 я  завітаў  да Віктара дамоў  на гарбату. Пад час гутаркі і аналізу магчымых варыянтаў развіцця падзей пасля галасавання 19 снежня  2010г.  Віктар пагадзіўся з маімі высновамі наконт таго, што Лукашэнка з-за псіхалагічных асаблівасцяў не дапусціць у другі раз( пасля 2006г.) узнікнення намётавага лагеру супраціву на плошчы. Я казаў яму, што будзе жорсткі разгон плошчы, калі туды прыйдзе меней за 100 тысяч чалавек, а калі болей, то будзе аддадзены загад  страляць. Ён пагадзіўся з гэтым, але дадаў, што, на жаль, іншага выйсця, каб пазбавіцца дыктатара,  акрамя народнага супраціву—ПЛОШЧЫ  ці заўчаснай смерці  самога  дыктатара не існуе. Бо тыя выключэнні, што ведае гісторыя (Ярузельскі ў Польшчы і Піначэт у Чылі) пад беларускую сітуацыю не падпадаюць. Дый Ярузельскі і, у пэўнай ступені, Піначэт, дыктатарамі  ў класічным сэнсе не былі.
Напачатку  верасня  2013г. мой сябра Іван Лабачоў неяк сустрэў Віктара Івашкевіча на прыпынку ля плошчы Перамогі. Віктар Івашкевіч выглядаў хваравіта і паведаміў, што чакае аперацыі па перасадцы печані. Але не дачакаўся.
Бывай, Віктар! Ты, без перабольшвання, залатымі літарамі  ўпісаў сваё імя ў найноўшую гісторыю Беларусі і застанешся ў нашай памяці..
04.10.13 3:27



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец