Belaruspartisan: дыскусія па рускамоўнай назве сайта. (Частка 2 )

Гэтую частку дыскусіі падам на нашай мове, прыслухаўшыся да слушных парадаў некаторых чытачоў маіх артыкулаў. Канчаткова пытанне рускай( ці расійскай, калі мець на ўвазе назву вялікай суседняй краіны) транслітэрацыі сайта будзе вырашаць яго адміністрацыя на чале з шаноўным  Паўлам Шараметам. Як ён  адзначыў,  для адміністрацыі сайта важна пачуць усе думкі і аргументы на гэты конт.  Каб была больш зразумелай мая аргументацыя, пачну здалёк.   Рыга. Або “маленькі Парыж”, як нефармальна называлі гэты горад у савецкія часы.  Мне часта там даводзілася бываць як па справах, так і падчас паездак да брата, які  больш за дзесяць гадоў  жыў у Рызе  і працаваў на сударамонтным заводзе  ў рыскім  мікрараёне “Ziemelblzama”. Гэтаксама называлася і станцыя электрычкі. Побач з латыскай назвай давалася і яе руская транслітэрацыя – «Зиемельблазма». У электрычках  пасля латыскага варыянту абвяшчэння наступнай станцыі машыніст абвяшчаў па-руску: “Следующая станция  -- Зиемельблазма”.   І не было ніякай блытаніны. Ніколі нікому ў галаву не прыходзіла думка рускамоўную транслітэрацыю назвы мікрараёна ці чыгуначнай станцыі перакладаць на манер яе сэнсоўнага значэння, г.зн.  “Северное сияние”. А стадыён   “Юрниекс”, што знаходзіцца ў гэтым мікрараёне, перакладаць як “Моряк”. А  ў названым  мікрараёне Рыгі, дзе знаходзіцца сударамонтны завод, пераважную большасць складалі рускамоўныя жыхары – ураджэнцы Расіі, Беларусі і Украіны.   У старой Рызе савецкіх часоў  былі савецкія назвы вуліц,  але на шыльдах побач з латыскай падавалася руская транслітэрацыя назвы вуліцы згодна яе  латыскай назве.  Напрыклад,  «ул. Сарканармияс»,  але ніяк не «ул. Красноармейская» – такога, паўтаруся, і  ў галаву нікому нават не прыходзіла.   Зараз усе назвы ў Рызе  -- несавецкія і толькі на латыскай мове. Латыская мова, на якой размаўляла толькі каля траціны жыхароў Латвіі ў савецкі перыяд – адзіная дзяржаўная мова ў Латвіі. Яна жыве і будзе жыць, пакуль ёсць Латвія.  Як бачым з прыведзенага прыкладу, пытанне рускай(расійскай) транслітэрацыі назвы ёсць пытаннем самапавагі народа да сваёй мовы і традыцый нацыянальнай тапанімікі. Гэта тычыцца ўсіх назваў: ад чалавечых імёнаў да назваў вуліц, станцый, кавярняў, гандлёвых брэндаў, інтэрнэт-рэсурсаў  і г.д.   У Беларусі, на жаль, моўная сітуацыя за гады лукашызму  ў параўнанні з гадамі эпохі перабудовы і пост-перабудовы (1988-1995) значна пагоршылася. Менавіта грэблівыя адносіны Лукашэнкі да мовы свайго народа і да яго нацыянальных сімвалаў – той трагічны фактар, які ў выніку  прывядзе яго да асабістай жыццёвай трагедыі. А праз гады выкіне яго імя на сметнік гісторыі. І будучымі пакаленнямі беларусаў фігура Лукашэнкі будзе ўспрымацца як трагічная гістарычная недарэчнасць.   Зараз Беларуская мова як падмурак існавання беларускай нацыі і Беларускай дзяржавы  патрабуе  не толькі  дзяржаўнай падтрымкі, але і падтрымкі з боку кожнага неабыякавага жыхара Беларусі ці яе ўраджэнца незалежна ад яго ўласнай нацыянальнасці. З гэтага пасылу раю  падыходзіць адміністрацыі сайта ў пытанні  транслітэрацыі яго рускамоўнай назвы.  Belaruspartisan – гэта не проста сайт, а своеасаблівы інфармацыйны беларускі брэнд.  Як гандлёвыя маркі “Мілавіца”, “Світанак”  або інтэрнэт-партал TYT.BY, ці  ТУТБАЙ як яго паўсюль называюць і транслітэруюць (удалая назва, якая не патрабуе іншай транслітэрацыі ( накшталт  непісьменнага  “здесьбай” і г.д.)   У галіне інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў  сайт Belaruspartisan займае ў Беларусі другое-трэцяе месца па папулярнасці. Гэтую планку трэба трымаць. Таму для мяне як блогера гэтага інтэрнэт-рэсурса абсалютна зразумела, як павінна транслітэравацца яго назва  на рускую(расійскую) мову. Беларуспартизан – менавіта так, і не інакш.  Але канчатковае  рашэнне па рускамоўнай  транслітэрацыі гэтага інтэрнэт-рэсурса належыць Паўлу Шарамету і яго паплечнікам. .
29.01.14 3:25



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец