Бацька беларускай дзяржаўнасці

29 студзеня  2014 г. споўнілася 130 гадоў ад нараджэння Антона Луцкевіча. Чалавека, дзякуючы якому мы жывем сёння ў незалежнай дзяржаве.  Аб гэтым мне ды іншым беларусам нагадаў у сваім лісце  Анатоль Сідарэвіч.

 

Тое, што імя Антона Луцкевіча дагэтуль належным чынам не ўшанавана – наша агульная віна. Віна ўсёй беларускай нацыянальна-культурнай эліты, не кажучы пра эліту палітычную. Паколькі ўсе думкі і высновы гісторыка, публіцыста, грамадзкага і палітычнага дзеяча сучаснай Беларусі Анатоля Сідарэвіча супадаюць з маімі, я не буду, па звычцы,  браць у двухкоссе цытаты з яго ліста. Галоўным лічу тое, што дзякуючы, у тым ліку, і гэтай публікацыі болей  жыхароў Беларусі і яе сённяшніх дзяржаўных  “мужоў” ( у тым ліку, можа, і Аляксандр Лукашэнка)  даведаюцца аб тым чалавеку, дзякуючы якому яны займаюць свае сённяшнія дзяржаўныя пасады.

 

Калі ў Беларусі будуць грошы з выявамі гістарычных дзеячаў, на адной з купюраў дакладна мае быць партрэт Антона Луцкевіча. Можа, на самай хадавой, кшталту $1 з Вашынгтонам, першым прэзідэнтам ЗША. Ці то на самай саліднай у грашовай сістэме, як $100 з Франклінам, чый подпіс стаіць пад Дэкларацыяй незалежнасці і амерыканскай Канстытуцыяй.

 

Антон Луцкевіч быў менавіта «бацькам беларускай дзяржавы». Без яго беларусы маглі б застацца племенем на картах Яўхіма Карскага. Ператварэнне з этнічнай супольнасці ў мадэрную палітычную нацыю — заслуга Луцкевіча і яго аднадумцаў.

 

Дбаннямі Антона Луцкевіча і яго аднадумцаў  на сацыяльным і нацыянальным уздыме пачатку ХХ стагоддзя паўстала першая наша палітычная партыя — Беларуская Сацыялістычная Грамада. Каля яе, калі царызм пачаў лібералізацыю, утварыўся першы беларускамоўны СМІ — легальная газета «Наша Ніва». Яна стала цэнтрам нацыятворчых працэсаў. А з нашаніўскага кола выраслі палітыкі, настаўнікі, навукоўцы, класікі літаратуры. Здзяйсненнем мараў, плёнам працы таго пакалення стала ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 году, калі ў Мінску была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

 

Калі напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўтвараліся і адраджаліся  беларускія палітычныя партыі, мне, студэнту юрыдычнага факультэта БДУ,  прафесар кафедры гісторыі дзяржавы і права Язэп Юхо параіў далучыцца менавіта да адноўленай  Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Што я і зрабіў крыху пазней, у сакавіку 1994 г., бо дагэтага быў актывістам грамадскага руху ў падтрымку перабудовы Беларускага Народнага Фронту. Свае курсавыя і дыпломную працы  за  пяцігадовы перыяд навучання ў БДУ  я прысвяціў гісторыі стварэння і дзейнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Таму мае  палітычныя погляды,  як і палітычны выбар майго жыцця, маё палітычнае credo на карысць беларускай сацыял-дэмакратыі былі цалкам свядомымі. У тым ліку дзякуючы палітычнай дзейнасці такіх гістарычных  асобаў, як Антон Луцкевіч.

 

Малавядомы факт: аўтарам тэксту ІІІ Устаўной граматы быў Антон Луцкевіч. Хоць подпісу яго пад дакументам няма. Ён не гнаўся за пасадамі і пазіцыямі.  Трэцяя Устаўная грамата абвясціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. Сёння ўжо няма патрэбы даказваць, што без ІІІ Устаўной граматы ад 25 сакавіка 1918 г. не было б нават і гаворкі аб абвяшчэнні БССР у 1919-м  або сённяшняй Рэспублікі Беларусь у 1991-м.

 

Айцоў, стваральнікаў  Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі( БССР)  не прывезлі нам у апламбаваным вагоне. Яе, паверыўшы бальшавікам, стваралі людзі таго ж грамадоўска-нашаніўскага прызыву — Жылуновіч, Чарвякоў, Шантыр…  Дарэчы,  да ведама чыноўнікаў з Міністэрства замежных спраў Беларусі: Фабіян Шантыр быў, фактычна, першым беларускім Міністрам замежных спраў( у 1919г.  Ф.Шантыр – камісар па нацыянальным пытанні  першага Часовага ўрада  БССР). Ён стаў першай ахвярай бальшавісцкага тэрору сярод  дзеячоў БНР і БССР у 1920г. Таму, мяркую,  мемарыяльная дошка ў яго гонар павінна быць усталяваная на будынку беларускага МЗС.

 

Зерне, кінутае Антонам Луцкевічам і яго паплечнікамі ў глебу беларускай дзяржаўнасці ў 1918-м, не высахла, не згніло.  А прарасло – і сёння мы маем  Рэспубліку Беларусь.Пакуль што фармальна незалежную  дзяржаву,  часова пазбаўленую  агідным,  гвалтоўным чынам сваіх гістарычных  нацыянальна-дзяржаўных сімвалаў—Герба “Пагоня” і бела-чырвона-белага Сцяга.

 

Сёння ў сталіцы нашай дзяржавы  -- Мінску, на адным з галоўных праспектаў, які ў трэці раз воляй сённяшняга правіцеля перайменавалі ў  бязлікую назву -- правспект Пераможцаў, пабудаваны ва ўсходнім стылі шыкоўны Палац незалежнасці. Гэты Палац  зараз  шмат крытыкуюць за пампезнасць і велізарную колькасць укладзеных сродкаў на яго ўзвядзенне. Але маем тое, што маем.  І, мяркую, будучая дэмакратычная ўлада не будзе яго зносіць( гэта будзе поўнае глупства). А перадасць шыкоўны Палац  у карыстанне парламенцкім палітычным партыям, грамадзкім аб’яднанням кшталту Таварыства беларускай мовы, якое зберагае зараз кроватворную сітэму Беларускай дзяржавы  -- мову яе карэннага народа.

 

 І цалкам лагічна будзе, калі гэты шыкоўны Палац Незалежнасці  будзе знаходзіцца на праспекце Антона  Луцкевіча. Гэты  праспект толькі за маё жыццё шмат разоў мяняў назвы: Паркавая магістраль, праспект Машэрава, праспект Пераможцаў… І так  пакуль складваецца, што ў бліжэйшай будучыні, калі захаваецца Беларусь,  праспект будзе насіць імя айца, бацькі беларускай дзяржаўнасці Антона Луцкевіча. І не будзе на гэты конт ніякіх спрэчак. Як і па грашовай купюры, аб якой згадваў Анатоль Сідарэвіч.  Спадзяюся, што і мне, і шаноўнаму Анатолю Сідарэвічу, і іншым  сягоння жывучым  грамадзянам Беларусі пашчасціць застаць гэтыя светлыя часіны.

Ва Украіне, дзе ідзе змаганне за яе еўрапейскую будучыню, галоўныя падзеі адбываюцца на Майдане Незалежнасці і вуліцы Грушэўскага, дзе месцяцца будынкі   дзяржаўных устаноў. З навінаў і паўсюль мы чуем пра Майдан і вуліцу Грушэўскага. А  Міхайла Грушэўскі – бацька украінскай  дзяржаўнасці.  Яго імя ва Украіне  -- святое і для ўладаў, і для апазіцыі. Гэтак павінна быць, і, упэўнены, гэтак будзе ў бліжэйшай будучыні  і з імем нашага айца і бацькі беларускай дзяржаўнасц і Антона Луцкевіча.

.
30.01.14 20:06



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец