Карт-бланш на дыктатуру

12 красавіка ў Дзень касманаўтыкі спецпадраздзяленне міліцыі асобнага прызначэння, якім кіравалі сп.Каралёў і Цесавец па загаду Аляксандра Лукашэнкі ноччу уварваліся ў Авальную залу Вярхоўнага Савета 12-га склікання, дзе ў гэты момант праводзілі галадоўку пратэста  супраць прызначэння  рэферэндуму  па мове, інтэграцыі з Расіяй  і “новай” дзяржаўнай сімволіцы дэпутаты апазіцыі БНФ.    Абвясціўшыя галадоўку дэпутаты апазіцыі былі жорстка збітыя і гвалтоўна вывезеныя з будынку Вярхоўнага Савета ў розных накірунках. Як потым прызнаўся сам Лукашэнка, ён асабіста камандаваў спецаперацыяй. Дэпутатаў- галадоўшчыкаў Лукашэнка публічна абвінаваціў у п’янстве ды іншых парушэннях парадку.  Пры гэтым божыўся і, прыкладаючы руку да сэрца, абяцаў абнародаваць факты і паказаць усю  спецаперацыю, якая была знята на відэа.   Потым шмат разоў дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га склікання, а таксама аўтар гэтых радкоў(як дэпутат наступнага парламента 13-га склікання) пісьмова і публічна з трыбуны парламента патрабавалі ад Лукашэнкі і Генеральнага пракурора( спачатку сп. Шаладонава, потым сп.Капітана)  паказаць відэа і рэальна расследаваць  распачатую па гэтаму дзікаму факту крымінальную справу. Але марна. Мне, напрыклад, прыйшла адпіска за подпісам першага намесніка Генеральнага пракурора сп.Кандрацьева, што, маўляў, высветліць асобаў, што збівалі дэпутатаў пад час праведзенага  следства не прадставілася магчымым. З гэтае прычыны следства было прыпыненае, а потым паступова крымінальную справу паклалі “пад сукно” і зачынілі.   Сучасная гісторыя не ведае падобнага дзікунства, што было ўчынена 12 красавіка 1995г. ў сценах парламента ў адносінах да дэпутатаў. Гэтае абсалютна недапушчальнае злачынства, як і выкраданні і паза-судовыя смяротныя пакаранні палітычных апанентаў рэжыма Лукашэнкі яшчэ чакаюць сваёй прававой кваліфікацыі і гістарычнай ацэнкі. Але зразумела адно: гэтае злачынства дало Лукашэнку карт-бланш на ўчыненне ўсіх далейшых злачынстваў, захоп абсалютнай улады ў дзяржаве і ўсталявання той сістэмы кіравання, якую мы зараз маем.     Ад таго дня, 12 красавіка 1995г. ідзе адлік той з’вы, якую называюць сёння як вяртанне сіндрому страха часоў сталінізма. Чыноўнікі, а крыху пазней і сам народ, зразумелі, што калі з дэпутатамі так могуць абыходзіцца, то з імі… І вось гэтае адчуванне жывёльнага страху перад дыктатарам і яго апрычнікамі, якімі Лукашэнка перыядычна палохае ўсіх, крок за крокам, узрастала. З таго  самага чорнага “дня  касманаўтыкі” 12 красавіка 1995г.( Многія зараз іранічна называюць  АМАП і шматлікія спецпадраздзяленні “касманаўтамі” а то і “эсэсаўцамі” за іх чорную вопратку). А пасля канстытуцыйнага перавароту ў лістападзе 1996г. і разгону Вярхоўнага Савета 13-га склікання  гэты жывёльны ірацыянальны страх моцна ўкараніўся ў свядомасць як чыноўнікаў, гэтак і шараговых грамадзян.   На гэтым ірацыянальным страху трымаецца  ўся ўлада Лукашэнкі. На яго быў разлік украінскага экс-прэзідэнта Януковіча і яго банды пры спробах разгона Майдану. Але там не спрацавала.  Украінцы не спалохаліся. А з пагрозлівых смс-паведамленняў аб крымінальнай адказнасці “за ўдзел у масавых беспарадках” яны -- грамадзяне Украіны, у адрозненне ад нашых грамадзян, проста смяяліся і іранічна жартавалі. Прынамсі, тысячы украінцаў, гатовыя былі аддаць свае жыцці за тое, што  называюць  свабодай.   Большасць украінцаў і іх нацыянальная эліта выразна адчулі, што ім пагражае усталяванне  парадкаў, больш характэрных для  “зоны”.  Таму яны пасля начнога  збіцця студэнтаў і першага разгона Майдану выйшлі, у адрозненне ад спалоханых беларусаў у снежні 2010-га, сотнямі тысяч. І зноўку  усталявалі Майдан перамогі, на якім штодня спраўджвалі словы свайго нацыянальнага гімна, які  яны  паўсюль спяваюць і які іх яднае ў супрацьстаянні з імперскай пуцінскай Расіяй.   На прыкладзе Украіны, на Беларусі паступова, хоць  запаволена і марудна, але выспявае крытычная маса тых грамадзян, што не баяцца збіцця, катаванняў і нават смерці. Яны і вырашаць лёс Беларусі і лукашэнкаўскай дыктатуры. Ёсць  нейкае аптымістычнае прадчуванне, што гэта ўжо не за гарамі. Але час ад часу не пакідае гаротнае адчуванне таго, што амаль 20(!!!) гадоў свайго жыцця  пры лукашызме я пражыў дарма. І пры гэтым усведамляю, што гэтыя фактычна страчаныя, адабраныя ў мяне гады  жыцця мне ўжо ніхто не верне.   Але пры гэтым супакойваю самога сябе тым, што ніхто не адбярэ ў мяне веру, надзею і ўпэненасць у тым, што дабро пераможа зло, а праўда—хлусню. А гэта азначае, што злачынствы перыяду лукашызму атрымаюць належную прававую кваліфікацыю і гістарычную ацэнку, а злачынцы мусяць быць пакараныя. У любой сітуацыі трэба заставацца аптымістам. Бо аптыміст можа дасягнуць мэты. Песіміст апрыёры не дасягне мэты ніколі, бо не верыць у яе дасягальнасць. .
12.04.14 13:36



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец