Дзень Волі і Дзень Незалежнасці.

Так сталася, што ў Беларусі ўсяго шмат: і сцягоў з гербамі, і дзён незалежнасці, якія яшчэ называюць  ці то “Дзень Волі”, ці то “Дзень Рэспублікі”. Апошняе, як правіла, дублюецца ў дужках апалагетамі цяперашняга рэжыма. Так бы мовіць, для “удакладнення Дня Незалежнасці 3 ліпеня”.   У свой час Вярхоўны Савет 12-га склікання не здолеў прывесці  ўсе дзяржаўныя сімвалы і дзяржаўныя святы ў адпаведнасць з нацыянальнымі і гістарычнымі. За выключэннем сцяга і герба. Да заканадаўчага сцверджання  гімна і да сапраўднага гістарычнага свята  -- Дня Незалежнасці 25 сакавіка тады справа не дайшла.  І цяпер Беларусь  выглядае на фоне краін-суседзяў як квазі-дзяржава. А народ, што ў ёй жыве – як самы талерантны народ. Баязлівы, палахлівы і абыякавы да ўсяго. Нават да сваёй мовы, культуры, свайго ўласнага лёсу. Не кажучы ўжо пра  сваю ўласную гістарычную спадчыну.   “Народ, Беларускі народ! Ты—цёмны, сляпы, быццам крот!”  Што тут скажаш,  словы генія беларускай паэзіі Максіма Багдановіча, які нічым сябе не запляміў і адыйшоў у вечнасць маладым і прыгожым хлопцам, гучаць у сэрцы кожнага сапраўднага Беларуса як дакор, як заклік абудзіць, нарэшце, сваё сумленне і чалавечую годнасць!   Максім Багдановіч. Чалавек, прозвішча якога быццам сведчыць, што ён быў пасланы Беларусі самім Богам. Калі Багдановіч напісаў “Пагоню”, беларускі народ толькі  пачынаў абуджацца ад  доўгага летаргічнага сну. Таго сну, у які ўпаў наш народ у выніку  жорсткага падаўлення нацыянальна-вызвольнага паўстання Кастуся Каліноўскага ў Расійскай імперыі ў 1963г..   Максім Багдановіч і яго кароткі, але бліскучы творчы і жыццёвы шлях  прыйшоўся на пачатак ХХ-га стагоддзя. І завяршыўся ў  26-гадовым узросце ў 1917-м. Гэта было ў гады першай сусветнай вайны. У Расійскай імперыі грымнула лютаўская рэвалюцыя, цар-імператар адрокся ад трону. А неўзабаве – кастрычніцкі 1917г. бальшавісцкі пераварот. Да якога Максім Багдановіч не дажыў…     Але яго  “Пагоня”  неўзабаве мусіць стаць гімнам вольнай Беларусі. Зрэшты, пра нашыя нацыянальныя  сімвалы, якія паспелі  напачатку 90-х стаць дзяржаўнымі , і якія калгасная лукашэнкаўская дыктатура зняважыла і растаптала – асобная гаворка.     У выніку  кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту  ў Петраградзе абрынулася Расійская імперыя.. І тады нацыянальныя  ўскраіны імперыі, у тым ліку і Беларусь,  атрымалі ўнікальны гістарычны шанец на адбудову сваёй дзяржавы.   Нацыянальныя беларускія палітычныя і грамадзка-культурніцкія дзеячы таго часу скарысталіся такім шанцам. Быў скліканы Першы ўсебеларускі З’езд ( снежань 1917г.), які ўзяў курс на абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.  З’езд быў злачынна разагнаны па загаду бальшавісцкага кіраўніцтва з Расіі. Але З’езд паспеў абраць легітымныя выканаўчыя і  кіруючыя органы – Раду і Сакратарыят.  Вынікам  іх дзейнасці і стала абвяшчэнне 25 сакавіка Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.   Уначы 25 сакавіка 1918 г. быў прыняты дакумент надзвычайнай гістарычнай важнасці – Трэцяя Устаўная Грамата.  Менавіта яна абвяшчала Незалежнасць Беларусі.  Тэрыторыю Беларусі на той момант бальшавікі пакінулі і, ратуючы сваю ўладу, амаль цалкам  ўжо здалі па “вечную апеку “ кайзераўскай Германіі, падпісаўшы Брэст-Літоўскі мірны Дагавор.   Такім чынам, аніякіх спрэчак наконт  святкавання сапраўднай гістарычнай даты Дня Незалежнасці Беларусі не можа быць у прынцыпе.   Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі ад 27 ліпеня 1990г., якой пазней быў нададзены статус канстытуцыйнага закону, ніякім чынам не сцвердзілі незалежнасць Беларусі ні дэ-факто, ні дэ-юрэ. Тады яшчэ існаваў  СССР і ў яго складзе – Беларуская ССР.   Што тычыцца даты 3 ліпеня – дык гэты “дзень незалежнасці” з удакладненнем у дужках як “дзень Рэспублікі” – проста бзік калгаснага дыктатара. Такі  бзік  ў гістарычным плане можа сцвердзіць хіба што цемрашальскія выказванні калгаснага гісторыка аб тым, што “Скарына тварыў у Піцеры”, а “Васіль Быкаў пісаў вешы”. Пакуль існуе калгасная дыктатура – цёмны, сляпы, быццам крот беларускі народ з-за страху  будзе святкаваць незалежнасць разам з дыктатарам менавіта 3-га ліпеня. На пацеху яму --  дыктатару  і, у нейкай ступені, яго бліжэйшаму  атачэнню.    10 снежня 1991г. пасля Белавежскіх пагадненняў  аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў  СССР як геапалітычная рэальнасць спыніў сваё існаванне.   А Рэспубліка Беларусь, нарэшце, і дэ-факто, і дэ-юрэ  вярнула сабе міжнародна-прававы статус незалежнай дзяржавы. Той статус, што быў абвешчаны  менавіта  25 сакавіка 1918 г.  Радай Беларускай Народнай Рэспублікі.   Тое, што на сённяшні момант усё гістарычна перавернута ўверх дном – часовая з’ява.  Даніна, так бы мовіць,  усталяванаму ў Беларусі  дыктатарскаму рэжыму.  Які  на сёння  часова замацаваў  вынікі дзяржаўнага перавароту 24 лістапада 1996г., які быў падтрыманы Расіяй.   Падзеі ва Украіне і тая  рэакцыя ўсёй еўрапейскай і сусветнай супольнасці да агрэсіўных дзеянняў Расіі ў дачыненні да Украіны і іншых дзяржаваў-суседзяў  сведчыць аб тым, што наперадзе Беларусь чакаюць выпрабаванні і выклікі. Вынікам якіх павінна стаць сапраўднае афармленне статусу Беларусі  як незалежнай унітарнай дзяржавы з адзінымі гістарычнымі нацыянальнымі і дзяржаўнымі сімваламі –  бела-чырвона-белым сцягам, гербам “Пагоня” і гімнам  “Пагоня”. Па гімну можа быць нейкая дыскусія,  але гімн павінен быць гістатрычным па зместу  і нацыянальным  па  духу.    .
25.03.15 3:31



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец