Пра забойства гея Пішчэўскага.

Шаноўны Зміцер Дашкевіч пытаецца: да якога Бога звяртаюцца актывісты – прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў, у сваіх малітвах за спакой душы забітага гея  Пішчэўскага?

 

Як мне падаецца, дык да АДЗІНАГА Бога. Калі яны, прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў,  сапраўды ў гэтага Бога вераць.

 

Пытанні ВЕРЫ і РЭЛІГІІ – бадай галоўныя ў светаразуменні і светаўспрыняцці людзей. Вера і рэлігія – абсалютна розныя паняцці, рэчы і сутнасці(калі так можна паспрабаваць выразіцца). І калі ВЕРА – гэта асабістае, уласнае  пачуццё( і, часам, чалавечае імя), г.зн.  нешта такое абсалютна інтымнае,  уласцівае асобнаму індывіду і яго розуму, дык РЭЛІГІЯ – абсалютнае зло.

 

Падзел людзей па рэлігійнай прыкмеце – прычына ўсіх войнаў, якія былі, ёсць і будуць. А канфлікт  цывілізацый,  заснаваных  на рэлігійным падмурку( маю на ўвазе найперш хрысціянскую і ісламскую цывілізацыі) можа ўвогуле прывесці да новай сусветнай вайны.  Якая дарэчы, ужо паціху дыміцца і мае назоў МІЖНАРОДНЫ ТЭРАРЫЗМ.

 

Але пакуль пакінем у баку  глабальнае пытанне  суадносінаў веры і рэлігіі – гэта асобная  велізарная тэма.

 

І вернемся да забойства ў Беларусі гея Пішчэўскага. Гэтае забойства і, асабліва, несправядлівы і вельмі мяккі прысуд  для забойцы выклікаў вельмі негатыўную рэакцыю ў цывілізаваным свеце. А гэта для Беларусі – істотны крок назад на яе шляху ў Еўропу, да дэмакратыі і агульначалавечых каштоўнасцяў. Тых каштоўнасцяў, дзе на першым плане – чалавечае жыццё і правы чалавека.

 

Такім прысудам,  амаль што непрыхаваным заклікам забіваць прадстаўнікоў іншай сэксуальнай арыентацыі, беларускі палітычны рэжым  быццам бы дэманструе  непахіснасць “хрысціянскіх  маральных каштоўнасцяў” гэтай “загніваючай Еўропе”( ці, нават, “Гейропе”,  як некаторыя ўжо звыкла і здзекліва называюць частку Еўропы па-за межамі Буга). А насамрэч – гэта дэманстрацыя пячорнага стаўлення да правоў чалавека і найперш, да яго права на жыццё.

 

Пра якія  “хрысціянскія”( менавіта ў двукоссі) каштоўнасці гаворка, панове?  Спрабуючы неяк апраўдаць ці,  дакладней, змякчыць негатыўную рэакцыю цывілізаванага свету  на дзікую праяву гамафобіі ў Беларусі, Зміцер Дашкевіч спрабуе нават увесці новыя паняцці АЛКАФОБІІ( нецярпімасць да алкаголікаў) ды НАРКАФОБІІ( нецярпімасць да наркаманаў).

 

У такім разе, шаноўны сп. Зміцер, дазвольце дадаць да гэткага пераліку  яшчэ і БОМЖАФОБІЮ…  Можа хопіць ГОМАФОБІЮ падзяляць на розныя алка- , нарка-, бомжа – ды іншыя фобіі?  Бо паняцце  ГОМАФОБІЯ паглынае ўсе вышэйпералічаныя.

Нападаць на чалавека і нават забіваць яго з тае прычыны, што ён алкаголік, наркаман, бомж ці гей – праява пячорнай, нават дахрысціянскай мадэлі чалавечых узаемаадносін.

 

Любыя намёкі на апраўданне мяккага і неправавога прысуду ( якія, мне падаецца, маюцца ў развагах Змітра Дашкевіча), ды ў дадатак  з  датэрміновым выпускам на волю забойцы гея Пішчэўскага ў  Еўропе і цывілізаваным свеце успрымаюць не інакш, як  пячорную праяву гамафобіі ў Беларусі.  Для таго, каб хоць неяк выправіць становішча і палепшыць  імідж Беларусі, беларускім уладам варта перагледзець гэтую справу судом вышэйшай інстанцыі.

 

Трэба гэтую справу перагледзець, каб не ствараць пячорны судовы прэцэдэнт з вынясеннем загадзя неправасуднага выраку  ў  залежнасці ад сэксуальнай арыентацыі пацярпелага.  Бо наступнымі ахвярамі такога “правасуддзя”  могуць стаць не толькі геі, але і бамжы,  алкаголікі…  І  кожны грамадзянін наогул.

 

Вярнуць крымінальную  справу з  нападам  з хуліганскіх пачуццяў на гея Пішчэўскага,  што пацягнула за сабой смерць  пацярпелага,  ў рамкі крымінальнага права зараз, пасля  вельмі негатыўнага  для Беларусі міжнароднага розгаласу    ужо справа гонару беларускага Суда.  Пішу  “Суд” з вялікай літары, бо маю на ўвазе  найперш дзяржаўны інстытут, які павінен быць  у Беларусі!

 

Што, да  суддзі не давялі, што пацярпелы на момант разгляду справы – у стане комы з часткай выдаленага мозгу?  -- Давялі.   Што,  у судзе  эксперты і адвакат пацярпелага не казалі, што шанец вярнуцца да нармальнага жыцця  ў Пішчэўскага  – практычна нулявы?  -- Думаю, казалі.  

 

Якія матывы рухалі суддзёй пры вынясенні амаль што сімвалічнага прысуду за забойства – застаецца толькі здагадвацца.  Бо нават дзяржаўны абвінаваўца  прасіў суд даць забойцу тэрмін амаль утрая большы.

 

Зараз тым больш навідавоку – новыя акалічнасці гэтай справы,  неабходныя для яе перагляду.  А менавіта – прычыненне асабліва цяжкіх цялесных пашкоджанняў,  якія пацягнулі за сабой смерць пацярпелага.  Прычым смерць  пакутную, з вялікімі матэрыяльнымі і маральнымі выдаткамі для сям’і, родных і блізкіх памерлага, якія павінны быць цалкам кампенсаваныя.

 

І  ў прававой дзяржаве, да якой імкнецца Беларусь,  пакаранне за такое  злачынства павінна адпавядаць цяжкасці ўчыненнага.

 

.
30.10.15 13:01



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец