Роздум пасля Парыжу

Міжнароднай супольнасці пасля парыжскіх тэрактаў патрэбна, на мой погляд, не толькі жорстка падаўляць усе праявы ісламскага фундаменталізма, але і распачаць выпрацоўку ўніверсальнай міжнароднай Канвенцыі ў сферы рэлігій і веравызнанняў людзей.   Пачуў ад некаторых папрокі: маўляў, не паспелі целы пасля парыжскіх тэрактаў астыць, а я паспяшаўся са сваімі высновамі наконт неабходнасці асэнсавання паняццяў рэлігіі як  спецыфічнай ідэалогіі, і веры як уласнага пачуцця, успрыняцця і адчування з’яваў  ў асабістым  жыцці чалавека.   Ну вось, ахвяры ісламскага  тэрарызму пахаваныя і ўшанаваныя. І можна перайсці да больш глыбокага, без эмацыйнай афарбоўкі, асэнсавання таго, што здарылася. І што яшчэ можа здарыцца, калі не прымаць дзейсных міжнародных захадаў у рэлігійным накірунку.   Урады і кіраўнікі ўсіх дэмакратычных дзяржаў успрымаюць рэлігію(любую) як адну з ідэалогій і светапоглядаў пэўных груп людзей. І калі гэтыя групы людзей паводзяць сябе мірна, то ўлады іх і не заўважаюць.    І толькі тады, калі вынікам іх дзейнасці становіцца жахлівы тэрор – тады ўлады пачынаюць рэагаваць і прымаць нейкія захады.   Чалавек – істота хоць і разумная і  нараджаецца з інстынктам самазахавання – але, тым не менш, паддаецца ўплыву больш моцных людзей, супольнасцяў людзей і распрацаваных імі інфармацыйных тэхналогій. А тэхналогіі гэтыя зараз такія, што могуць зрабіць з чалавека зомбі.   Тэхналогіі інфармацыйнага замбіранння   Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі могуць замбіраваць пераважную большасць насельніцтва краін з аўтарытарнымі недэмакратычнымі рэжымамі. Тых краін, дзе няма свабодных сродкаў масавай інфармацыі, дзе яны падпарадкаваныя палітычнаму рэжыму і выконваюць функцыю прапаганды.  Што і назіраецца зараз у Расійскай Федэрацыі, часткова – у Рэспубліцы Беларусь.   А калі зазірнуць у гісторыю, дык такое ўжо было ў ў Германіі часоў Адольфа Гітлера, Італіі часоў Беніто Мусаліні і г.д. І гэта  прывяло, як вядома,  да  другой сусветнай вайны. Ды й сучасная так званая  “гібрыдная”  вайна паміж Расіяй і Украінай – з такога шэрагу  супрацьстаянняў, што могуць прывесці да глабальнага  сусветнага  канфлікту.   Некаторыя расійскія “адпускнікі” з ліку апалчэнцаў  “праваслаўнай арміі”, што ваююць на Данбасе за “духовные скрепы России” і ”во имя православия и Иисуса Христа» -- тыя ж самыя зомбі. Яны нічым не горшыя і не лепшыя за ісламскіх фундаменталістаў з ІГІЛ. Розніца толькі ў тым, што ІГІЛ, нарэшце, прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.   А сепаратысцка-бандыцкія ўтварэнні ДНР-ЛНР, за спіною якіх стаіць Расія, пакуль не прызнаныя тэрарыстычнымі ў міжнародна-прававым плане, нягледзячы на ўсе намаганні Украіны. Міжнародная супольнасць, баючыся глабальнага канфлікту з Расіяй, спадзяецца ўрэгуляваць крызіс на Данбасе, ахвярамі якога сталі ўжо дзесяткі тысяч людзей, з дапамогай дыпламатыі  і так званых “мінскіх пагадненняў”.   Як змагацца з чалавекам-зомбі?     У чалавека-зомбі ўжо адсутнічае інстынкт самазахавання. І ўсе яго дзеянні, учынкі і мары скіраваныя на сустрэчу з Богам там, недзе на нябёсах … І ў гэтым плане не мае значэння, як гэтага Бога называць: Аллахам, Магаметам ці Ісусам.    У такім стане чалавек-зомбі становіцца жывой бомбай. Або шахідам, як кажуць радыкальныя ісламісты. Ці можна эфектыўна змагацца з шахідамі-зомбі? Эфектыўна–гэта значыць так, каб на іх месца не прыйшлі іншыя.   Вось у Еўропе зараз ідзе адлоў  ісламскіх тэрарыстаў.  Ну адловяць частку. А на іх месца праз пэўны час прыйдуць новыя. З яшчэ больш жорсткімі антычалавечымі планамі знішчэння ўсіх НЯВЕРНЫХ. Падкрэсліваю, усіх НЯВЕРНЫХ, г.зн. тых, хто па-за ісламам. А таксама тых з асяроддзя саміх мусульманаў, хто крытыкуе ісламскі фундаменталізм і яго шарыятскія законы.   Як бараніцца ад такога? І ці можна абараніцца ад  “жывых бомбаў” у  чалавечым абліччы?  Якія ў любы момант могуць цябе ўзарваць, ці, прынамсі,  кінуцца з нажом і зарэзаць(што назіраецца ў Ізраілі). І ў гэтай звязцы таксама  нельга прамінуць “невырашальнае” пакуль што пытанне: ці магчыма замірэнне і сяброўскія дачыненні паміж Ізраілем і Палестынай.   Адназначных адказаў на ўсе гэтыя пытанні зараз няма. Іх трэба шукаць на аснове асэнсавання таго, што зараз адбываецца ў свеце ў сувязі з аб’ектыўнымі працэсамі глабалізацыі.   І адным з эфектыўных, на мой погляд,  захадаў было б асэнсаванне лідэрамі вядучых краінаў свету неабходнасці распрацоўкі і  прыняцця міжнароднай Канвенцыі аб міжканфесійнай рэлігійнай талерантнасці. У яе аснову трэба пакласці менавіта АГУЛЬНАЧАЛАВЕЧЫЯ КАШТОЎНАСЦІ.   А ў якасці фундаментальнага прынцыпа, які павінен пранізваць амаль усе артыкулы Канвенцыі, трэба закласці прынцып найвышэйшай каштоўнасці ЧАЛАВЕЧАГА  ЖЫЦЦЯ на Зямлі. Менавіта на Зямлі, а не недзе там -- на небе, ў “абдымках “Магамета, Аллаха ці Ісуса”.   Практычна ўсе рэлігійныя трактаты падаўляюць волю чалавека, прымушаюць яго спадзявацца найперш на Бога, сеюць нецярпімасць да іншай думкі і г.д.  І ствараюць такім  чынам спрыяльную глебу для помсты усім  ”няверным”, якія апрыёры вінаватыя за няроўнасць ва ўзроўні жыцця людзей, цэлых народаў і краін. А няроўнасць гэтая заўжды існавала і, мусіць, будзе існаваць.   Таму, на мой погляд, свецкім уладам дэмакратычных краін свету, дэмакратычным супольнасцям людзей трэба ўжо зараз, не чакаючы чарговых тэрактаў, не толькі жорстка падаўляць усе праявы ісламскага, хрысціянскага і любога іншага фундаменталізму.   Але таксама распачаць выпрацоўку універсальнай міжнароднай Канвенцыі ў сферы рэлігій і веравызнанняў людзей..
23.11.15 16:57



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец