“Медныя трубы” Святланы Алексіевіч

Пасля нобэлеўскай лекцыі Алексіевіч многія крытыкавалі яе за рускамоўны выступ і адсутнасць ўвагі да Беларусі.

Тады я напісаў у блогу( гл. “Нобелевская премия для русской культуры»). Па-руску. Для усіх, у тым ліку і тых, хто не зразумеў ці ўпарта не хацеў разумець: гэты Нобель Святланы Алексіевіч -- для рускай культуры і літаратуры, што гэта не мае ніякага дачынення да Беларусі, беларускай літаратуры і культуры. Апроч, хіба што этнічнага беларуска-украінскага паходжання нобеліянткі.

А ў каментары дадаў, што з яе боку будзе, як кажуць, “кінута костка” ў выглядзе двух сказаў па-беларуску напрыканцы банкетнай прамовы тым шчырым беларусам, хто ўсё яшчэ не дапетрыў, што гэты Нобель – не іх, а яе, Святланы Алексіевіч.

І што яна нічым і нікому не абавязана! Што яна і яе творчасць належыць рускай культуры і рускай літаратуры.

А потым увогуле здарылася неспадзяванка. На пытанне карэспандэнткі тэлеканала “Белсат”( пытанне задавалася на беларускай мове), нобеліянтка С.Алексіевіч на “ языке”, (г.зн.па-руску ) адказала:

«Вы скажите своим «героям», что писатель должен говорить на своём языке, а не устраивать митинг из Нобелевской лекции. Что мне оставалось? Кричать «Жыве Беларусь!»? Скакать на коне «Погони»? Вот об этом скажите …». Пасля чаго неяк з’едліва засмяялася.

Некалькі разоў пракруціў відэасюжэт з гэтым з’едлівым, абразлівым, у стылі “а-ля Лукашэнка” адказам. Трэба было яшчэ раз пераканацца, што гэта яна, Святлана Алексіевіч так адказала… Супаставіў з адказамі на беларускамоўныя пытанні журналістаў нашага нязменнага “правадыра”.

І аказалася, што наш “правадыр” перш чым кпіць з беларускай мовы, намагаўся сёе- тое прамовіць па-беларуску…

Вось зараз пішу, а ў галаве -- прамова Алеся Адамовіча на плошчы Незалежнасці на пачатку 90-х . Я стаяў тады побач з ім на прыступках педуніверсітэта, хацеў паціснуць яму руку і выказаць падзяку ад імя студэнтаў БДУ, але пасаромеўся… Усплывае ў памяці мой пісьмовы зварот да Васіля Быкава, аўтарытэт і дэпутацкі статус якога ўратавалі мяне тады, ў 1989-м, ад адлічэння  з БДУ за ўдзел у мітынгу ля Курапатаў. Успамінаюцца грунтоўныя і шчымлівыя гутаркі аб Беларусі і нашай рэчаіснасці з Генадзем Бураўкіным у сярэдзіне 90-х, калі ён штотыдзень запрашаў мяне ў свой невялічкі сціплы пакойчык намесніка рэдактара часопіса “Вожык”. А таксама хвілінныя спатканні-размовы з Нілам Гілевічам, Рыгорам Барадуліным…

Не.. Не ў “медных трубах”, праз якія праходзіць зараз Святлана Алексіевіч, прычына таго, што яна так і не адчула ў належнай ступені сваю прыналежнасць да Беларусі. Не прыйшла. да ўсведамлення і ўспрыняцця сакральнага для беларусаў зместу  нацыянальнага гістарычнага гербу “Пагоня” і клічу “Жыве Беларусь!”. Прычына глыбей.

І, на мой погляд, яе вытокі ляжаць у савецкім мінулым пісьменніцы, магчымым дзіцячым комплексе “ дзеравенскай мовы”. Якую яна так і не ўспрыняла. і пазней адрынула ў сваёй творчасці.

Гэтак адбылося нягледзячы на тое, што нашыя сапраўды народныя пісьменнікі і паэты дапамагалі таленавітай журналістцы Святлане Алексіевіч спасцігаць мастацтва слова( на жаль, як выявілася, рускага, а не беларускага слова). Нашыя слаўныя песняры  многім тады дапамагалі. Вось і мне, напрыклад, Васіль Быкаў дапамог сваім аўтарытэтам  спачатку застацца студэнтам БДУ, а потым разам з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком падтрымалі мяне на выбарах у Вярхоўны Савет.

Я не магу рацыянальна патлумачыць, як таленавітая журналістка і пісьменніца за ўсё сваё жыццё, жывучы ў Беларусі, так і не загаманіла па-беларуску. Не навучылася не тое што кніжкі пісаць па-беларуску, але нават не усвядоміла элементарны этыкет – адказваць па-беларуску  на публіцы на беларускія пытанні былых калег-журналістаў…

Ды што тут ужо казаць… Пасля такіх кпінаў  з “каня “Пагоні” і клічу “Жыве Беларусь!”. Гэта, нагадаю, было сказана ў адрас самай свядомай часткі беларускага народа, яго культурнай эліты, інтэлігенцыі… Да якой, скажу нясціпла, і сябе залічаю. Рэжысёр Валер Мазынскі, напрыклад, спадзяваўся, што яна прамаўчыць. А што да мяне…-- няма слоў.

Хто і што святкуе, панове? Я – нічога. Я  проста рады за нашых рускіх суседзяў. Якія, на жаль, з-за спрэчак, зайздрасці і антыпуцінскай пазіцыі нобеліянткі С.Алексіевіч не хочуць пакуль прызнаць яе безумоўны талент. Прэмія ж належыць таксама вялікай рускай культуры і рускай літаратуры. А тое, што яе лаўрэатка мае беларуска-украінскія этнічныя карані не робіць гэты факт менш значным.  

Для тых беларусаў, хто працягвае нешта “святкаваць” ці ўсё яшчэ нечага не разумее, працытую беларуска-украінскую квінтэсэнцыю на гютую тэму з інтэрнэт-форуму радыё “Свабода”:

Уявіце сабе, каб падобныя словы сказала украінская лаўрэатка. Маўляў, можа яшчэ я павінна была сказаць "Слава Украіне?" Які яшчэ верх непаваг нам патрэбен, каб зразумець відавочнае? Тое, што Алексіевіч як была -- так і застаецца ў сваім Саўку. Памыляўся Дубавец, мяркуючы, што яна ўжо скончыла з пахам нафталіна. Нічога ў яе не зьмянілася...

Беларускі Пісьменнік – не просты абывацель і шэраговы грамадзянін краіны, у якой занядбаная і амаль забароненая мова карэннага народа.  Ён – значна вышэй. Ён – светач, маяк, да якога ўсе павінны імкнуцца. Проста, каб выжыць.

І калі беларускі Пісьменнік некалі ў будучым усё ж атрымае ўзнагароду Нобелеўскага камітэта, ён у лекцыі растлумачыць заходняму свету сэнс клічу “Жыве Беларусь!”. І прывядзе гістарычныя прыклады таго, як гэты кліч дапамог адрадзіць яго краіну -- Беларусь пасля рэвалюцыі ў Расійскай імперыі 1917г. І як пазней, у 1991-м гэты кліч натхніў беларусаў на абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Як за гэты кліч потым, пад час сённяшняй камуна-калгаснай дыктатуры саджалі ў турму і ламалі лёсы людзей…

Не хачу нікога пакрыўдзіць, але Святлана Алексіевіч ня ёсць беларускім светачам ці маяком, да якога мы імкнемся і да якога мусім прычаліць.

Адна фраза па-беларуску, сказаная нобеліянткай Святланай Алексіевіч на банкеце як бы ў сваё апраўданне – нічога не мяняе. Тым больш яна не зменіць унутраны свет пісьменніцы, яе стаўленне да беларускай мовы. Як і яе прыналежнасці да вялікай рускай культуры. Падкрэсліваю гэтую выснову.

Калі яна і будзе нейкім маяком – дык для іншай дзяржавы. Дзяржавы нашых суседзяў -- будучай і, спадзяюся, дэмакратычнай Русі – Масковіі, што узнікне неўзабаве на абшарах сённяшняй Расіі.

11.12.15 9:02



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец