Змарнаваны 2015-ты

Адыходзіць у гісторыю яшчэ адзін год нашага жыцця—дзве тысячы пятнаццаты. Па вялікаму рахунку усё, што ў ім адбылося— змарнавана. Або, інакш кажучы,не пайшло на карысць Беларусі, беларусам і іх адвечнаму імкненню па словах нашага Песняра “заняць пачэсны пасад між народамі”.

Нават Нобелеўская прэмія па літаратуры, якую ўручылі прадстаўніцы ад Беларусі Святлане Алексіевіч, мае да Беларусі ўскоснае, намінальнае, так бы мовіць, геаграфічнае, а не культурна-літаратурнае дачыненне. Бо творчасць пісьменніцы, як і яе мова належаць рускай культуры, рускай літаратуры, рускай мове. І, тым самым, Святлана Алексіевіч з’яўляецца культурным набыткам і культурнай з’явай найперш Расіі. І аб гэтым бессэнсоўна было спрачацца з самага пачатку – усё было навідавоку.

Нельга не ўзгадаць, што ў 2015-м беларусы мелі невялічкі шанец пазбавіцца ад дыктатуры. Як ніяк, а наш “сонцападобны” правіцель мусіў праводзіць чарговы тэст на сваё пажыццёвае ўладаранне – так званыя “выбары прэзідэнта Лукашэнкі”. Не скарысталіся з гэтага шанцу беларусы.

І віной таму – генетычны ірацыянальны страх, які вярнуўся ў душы бальшыні беларусаў са сталінскіх камуністычных часоў. Бо хто б і што ні казаў, але калі б простая большасць беларусаў не падтрымала Лукашэнку на яго фарсавых “ выбарах-перавыбарах” – ніякія фальсіфікацыі не ўратавалі б ягоную ўладу. Баяцца беларусы пераменаў амаль што гэтак жа, як і баяцца свайго правіцеля-дыктатара.

На гэтым фоне агіднымі выглядалі спробы некаторых  актораў і дзялкоў ад палітыкі прадставіць нашаму даверліваму народу быццам бы альтэрнатыву.  Альтэрнатыву ў выглядзе хлусні ў квадраце і падману ў кубе, якую ўяўлялі з сябе лжэ-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч і яе пратэжэ Андрэй Дзмітрыеў.

Скарыстаўшы быццам бы апазіцыйны свой статус( грамадзянскай ініцыятывы “Гавары праўду”) і бліскуча падгуляўшы ўладзе, фейкавая ” кандыдатка ў спадніцы”, як і прагназавалі сур’ёзныя аналітыкі,  атрымала свае 4%. Але, нягледзячы на гэта, яны працягваюць сваю дзейнасць, усур’ёз разлічваючы на прызначэнне ў “палату прадстаўнікоў” за нумарам шэсць. І, улічваючы цяперашні стан у эканоміцы і палітычную кан’юнктуру, шанец на такое прызначэнне ў іх даволі неблагі. Але добра ўжо тое, што ад іх адхрысцілася пераважная частка  апазіцыі.

Ну вось, бадай, і ўсё. Усё тое асноўнае, грамадска-палітычнае, пра што пакінуў ува мне успамін пра 2015-ты. У тым сэнсе, каб хоць неяк запаліць у вачах агеньчык аптымізму і надзеі. Дадам хіба яшчэ тое, што не люблю ўзгадваць пра сапраўдных сыноў і дачок Беларусі, што адыйшлі ў 2015-м у вечнасць. Хай гэта зробяць іншыя.

Але я па натуры не песіміст. Я -- аптыміст. Бо аптыміст можа дасягнуць пэўнай мэты, а песіміст апрыёры не дасягне яе ніколі!

І, нягледзячы на тое, што “сонцападобны” і яго хеўра скралі ў мяне і такіх як я яшчэ адзін год жыцця – тым не менш… Спадзяюся!

Спадзяюся, што беларусы, нарэшце, пераадолеюць гэты ірацыянальны і бессэнсоўны страх. Страх перад сваім няўмольна старэючым правіцелем-дыктатарам. Страх з ужо  нейкім стакгольмскім сіндромам, што спараджае “боязь Майдана”,  боязь да руху наперад і да любых пераменаў ў сваім жыцці.

Спадзяюся на лепшае! І дзякую Бога, што жыццё чалавека на Зямлі не вечнае. І што неўзабаве новы дзве тысячы … наццаты год  Беларусь сустрэне без надакучыўшых і абрыдлых вусоў.

І без звінячага сіпатага голасу.

P.S. Даруйце тыя мае чытачы, хто мае не надта прывабныя на думку іншых вусы і звінячы сіпаты голас. Ужыўшы гэткую алегорыю, ніяк  не хацеў вас пакрыўдзіць.

28.12.15 3:50



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец