Ніл Гілевіч пра Аляксандра Лукашэнку

Я мушу пра гэта напісаць, бо ніхто ўжо, мусіць, не напіша. Гэта патрэбна для гісторыі Беларусі, для сённяшніх яе грамадзянаў і для нашчадкаў, што будуць яе вывучаць.

Гэта казаў мне Ніл Гілевіч – наш апошні Народны Паэт.

Я ня шмат меў гутарак і спатканняў з Нілам Гілевічам. Але ўсе яны былі вельмі шчырымі. Адна з апошніх гутарак,  на жаль, адбылася даволі даўно, ужо пасля смерці яго жонкі, калі ён сказаў, што зусім асірацеў, але будзе трымацца, пакуль Бог дасць сілы, дзеля Беларусі.

А перад гэтым мы неяк спаткаліся на прыступках Чырвонага касцёлу на плошчы Незалежнасці. Ён, як заўсёды, прыветліва ўсміхнуўся, паціснуў мне руку. Пагаманілі мо хвілін пяць. Дый зашмат гаманіць і адрываць Паэта ад справаў мне было неяк няёмка.

І хаця мне, тады яшчэ маладому палітыку-дысідэнту хацелася паболей запытацца ў  Народнага Паэта літаральна пра ўсё – тым не менш я ўсведамляў, што часу няшмат: трэба запытацца пра самае галоўнае, што мяне хвалявала.

А менавіта пра тое, пра што ў яго наўрад ці хто з журналістаў ды іншых публічных асоб запытае.

Падчас той шчырай гутаркі пра лёс Беларусі, нашай мовы і дзяржавы я напрыканцы, як кажуць, задаў пытанне ў лоб. А менавіта: папрасіў даць кароткае азначэнне Аляксандру Лукашэнку як асобе і той з’яве, якую ён і яго кіраванне спарадзілі на Беларусі.

Ніл Гілевіч крыху задумаўся і пасля паўзы адказаў літаральна наступнае:

“Ведаеце, мне цяжка адразу адшукаць у нашай мове тыя словы, якія дакладна характарызуюць гэтую асобу і тыя з’явы, што з ім звязаныя. Гэта нейкае, па-руску кажучы , “исчадие ада”.

Пасля лістападаўскага 1996г. дзяржаўнага перавароту, праз асэнсаванне цягам некалькіх месяцаў гэтай чорнай падзеі ў гісторыі Беларусі, Ніл Гілевіч напісаў такі верш(без назвы):

Усё гэта будзе абернута ў міф

Судом, што не хібіць ніколі.

І стлеюць паперы, паводле якіх —

Народу гібець у няволі.

Усё ператворыцца ў тлен спакваля,

Што мела трываласці знакі.

І здраднікаў косці адрыне зямля,

І іх парасцягнуць сабакі.

Пачытайце гэта, Аляксандр Лукашэнка. Пачытайце.

І можа тады зразумееце, што натварылі, замахнуўшыся на святое, на тое, што вам не належыць!

Фактычна забараніўшы беларускую мову і сімвалы Беларусі, вы і вашыя памагатыя ў гісторыі Беларусі застанецеся поўнымі нікчэмнасцямі.

Вы спаткаеце праклён беларускага народа. І патрапіце ў лік тых здраднікаў Беларусі, якіх “косці адрыне зямля, і іх парасцягнуць сабакі”.

Гэта не я сказаў. Гэтак сказаў пра здраднікаў Беларусі наш апошні Народны Паэт.

30.03.16 3:54



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец