Пра БХД, ЛГБТ і дэмакратыю.

Спрэчка паміж П.Севярынцам і М.Тарайкевіч на тэму ЛГБТ і хрысціянства падаецца зараз мне нашмат цікавейшай за прафанацыйныя выбары ў  “палату №6” і бясконцую балбатню на гэты конт  “бабы Ліды”.

Таму паспрабую ўставіць і свае тры, ці, нават, пяць капеек з гэтай нагоды. А спадар Паўла і спадарыня Маргарыта, як і іншыя чытачы сайта і майго блога,  спадзяюся, прыслухаюцца да маіх развагаў і не пакрыўдзяцца на мяне за такое “нахабства”.

Што такое ЛГБТ і БХД?

Абрэвіятура ЛГБТ азначае( у адпаведнасці з парадкам згаданых літар): лесбіянкі, геі, бісэксуалы і трансгендэры( ці трансвестыты). Наконт апошніх, як я разумею, існуе невялікая розніца, якая палягае ў тым, што адны медыцынскім аперацыйным шляхам змяняюць свой пол, а другія не спяшаюцца гэта рабіць па розных прычынах. У любым выпадку ўсім гэтым людзям не пазайздросціш.

БХД – Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Гэта супольнасць актыўных па жыцці людзей, грамадзян Беларусі, якія дэ-факто аб’ядналіся ў палітычную партыю, але пакуль што не могуць( ці не спяшаюцца?) зрабіць гэта дэ-юрэ ў рамках існуючага на Беларусі палітычнага рэжыму. Лідэрамі( сустаршынямі) БХД з’яўляюцца Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі.

Артыкул М. Тарайкевіч як запрашэнне да дыскусіі.

Даволі працяглы час жывучы ў Еўропе, Маргарыта Тарайкевіч убачыла новыя рэаліі жыцця, новыя, скажу так,  “не  саўковыя” адносіны паміж людзьмі розных  палітычных поглядаў, сэксуальных ды рэлігійных арыентацый і г.д. Яна спрабуе гэта неяк асэнсаваць. Зразумець і адчуць тое, чаго мы тут, на Беларусі, ніколі не зразумеем і не адчуем, а менавіта: унутраны мір людзей з іншай жыццёвай філасофіяй, звязанай з іх прыхільнасцю да рэлігійных канонаў(дагматаў,законаў) і нязвыклых для нас сэксуальных адносінаў.

У першую чаргу Маргарыта з прыроднай цікаўнасці спрабуе неяк зразумець мусульман: чаму менавіта ад іх пастаянна зыходзіць пагроза розных тэрарыстычных актаў. І не толькі пагроза, але і самі жахлівыя акты тэрору ў Еўропе звязаныя менавіта з ісламам як рэлігіяй і жыццёвай філасофіяй пэўнага кола людзей.

Адначасова М.Тарайкевіч штодзённа сутыкаецца ў сваім жыцці як з прадстаўнікамі хрысціянскай рэлігійна-філасофскай жыццёвай арыентацыі, так і з прадстаўнікамі, як кажуць, нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі.

І на сваё здзіўленне, М.Тарайкевіч урэшце заўважае, што ўсё гэта неяк ужо адбываецца звыкла. Падкрэслена тактоўна і паважліва ў адносінах адзін да аднаго. І спрабуе гэта неяк данесці праз свой блог і да нас. Да тых, што жывуць тут, у Беларусі, дзе гэтыя тэмы пакуль неактуальныя. Але вакол якіх ужо ламаюцца коп’і.

А некаторых  людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі ў Беларусі з-за атмасферы нецярпімасці нават забіваюць( успомнім пакутлівую смерць гея Пішчэўскага). І пры гэтым беларуская Феміда, выносячы вельмі мяккае пакаранне забойцу, быццам насміхаецца над людзьмі з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. І  забойства чалавека-гея беларускі суд фактычна паставіў па прававых наступствах  у адзін шэраг да забойства якой небудзь хатняй жывёлы.

Маргарыта Тарайкевіч як сябра БХД  узняла новую для Беларусі тэму і запрасіла да дыскусіі. Але лідар БХД, паважаны мною Паўла Севярынец, запрашэнне рашуча адхіляе і прапануе Маргарыце пакінуць шэрагі БХД.

Для Паўла Севярынца, відаць, нават сама пастаноўка пытання здаецца недарэчнай. Маўляў, хворых людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй трэба шкадаваць і, па магчымасці, лячыць. І ў Беларусі, наогул, усё окей. І нельга ў Беларусі даваць волю “розным ЛГБТ”, бо можам урэшце скаціцца да распусты. І згінуць, як колісь быццам бы ад распусты згінула Рымская імперыя.  

Дзе шукаць ісціну?

Як мне падаецца, ісціну трэба шукаць недзе пасярэдзіне. Калі наогул яна існуе. Бо што такое ісціна? Адкажу так,  як  мяне вучылі, бо іншага, больш дакладнага азначэння, не сустракаў.

Ісціна – гэта адпаведнасць нашых ведаў аб’ектыўнай рэчаіснасці, што правяраецца грамадска-гістарычнай практыкай. Канешне, Павел Севярынец можа не пагадзіцца з такім азначэннем і пачне сцвярджаць, што ісціна – гэта Бог. І, канкрэтна, Ісус Хрыстос. У гэткім выпадку не буду далей весці спрэчку з-за яе бессэнсоўнасці і няздольнасці апанента ўспрымаць будзь-якія аргументы.

Але калі шаноўны Паўла Севярынец усё ж прачытае гэта, успрыме маю сяброўскую крытыку, мой непакой і крытыку ў адносінах да яго дзейнасці як беларускага палітыка(а гэта занадта вялікі крэн у бок рэлігіі і чалавека-бога Ісуса Хрыста ў прыватнасці), то пагодзіцца са мной у наступным.

Першае. Людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй заўсёды, ва ўсе  вядомыя нам эпохі  існавання чалавечай цывілізацыі налічвалася прыкладна адна і тая ж прапорцыя да іх агульнай колькасці. Па прыблізных падліках (дакладна па вядомых прычынах гэта ніколі не ўдасца зрабіць) іх налічваецца ад 3 да 10% ад усяго насельніцтва Зямлі.

Так усталявана Прыродай, ці, калі хочаце, Богам. Як  нельга пазбегнуць бясконцага працэсу мутацый, дзякуючы якому перыядычна нараджаюцца бландыны(-кі) і брунэты(-кі), карлікі і веліканы, дэбілы і геніі і г.д., так і нельга пазбегнуць нараджэння людзей з пэўным генетычным інфармацыйным кодам, які фармуе яго будучыя схільнасці да той ці іншай дзейнасці. А ў стане палавога саспявання гэты інфармацыйны генетычны код вызначае  сэксуальную арыентацыю асобы.

Прырода (ці, можа, Бог) прадугледзелі кампенсацыйную функцыю для людзей з асаблівым інфармацыйна-генетычным кодам. І ў значна большай ступені надзяляе іх разнастайнымі талентамі ў самых розных сферах чалавечай дзейнасці. Усявышні і Прырода быццам разумеюць, што гэтыя людзі спыняюць  прадаўжэнне свайго роду. І таму мусяць пакінуць значна большы след ад свайго жыцця на Зямлі, чым тыя, чый род будзе мець працяг.

Таму сярод самых  выбітных  вучоных, палітыкаў, дзеячаў культуры і мастацтва  працэнт людзей з нетрадыцыйнай, скажам так, сэксуальнай арыентацыяй, значна большы, чым у сярэднім па ўсяму чалавецтву. У гэтым лёгка пераканацца, зазірнуўшы ў гістарычныя крыніцы, пачынаючы ад Аляксандра Македонскага, прадоўжваючы Леанарда да Вінчы, Чайкоўскім…

І заканчваючы вядомай усім нам сёння Хілары Клінтан. Якая вось-вось стане першай у свеце жанчынай-прэзідэнтам ЗША. Жанчынай, якая некалі даравала свайму мужу, экс-прэзідэнту Біллу Клінтану ўсе яго сэксуальныя грахі з практыканткай Белага Дома Монікай Левінскі ды іншымі дзяўчатамі. Даравала таму, што сама мае большую сэксуальную схільнасць да жанчын, чым нават да прыгажуна-мужа Білла.

І другое. Сэксуальная, як і рэлігійна-філасофская арыентацыя чалавека мае псіхалагічную прыроду і абумоўлена генетычна-інфармацыйным кодам. Пасля ўсебаковага вывучэння праблемы Сусветнай Арганізацыяй Аховы Здароўя як спецыялізаванай установай ААН было вырашана не лічыць гэта хваробаю ці генетычным адхіленнем, якое паддаецца лячэнню. На нейкай стадыі развіцця асобы яго можна заглушыць рознага кшталту прапагандай, законамі ды забаронамі. Але цалкам знішчыць немагчыма.

Паколькі прагрэс чалавецтва няўхільны, то само чалавецтва, яго самая разумная частка змагаецца не з тым, што абумоўлена Прыродай і што рушыць наперад  само развіццё чалавецтва(прагрэс). А з тым, што яго тармозіць, прыводзіць да жахлівых праяваў тэрарызма, войнаў і іншых забурэнняў.

Чаго баяцца ў Еўропе?

У Еўропе ўжо не баяцца прадстаўнікоў сэкс-меншасцяў і быццам бы магчымага выраджэння з гэтай нагоды чалавечага роду. Больш за тое,  шкадуюць іх. І прадастаўляюць ім роўныя з іншымі грамадзянскія правы ў плане стварэння аднаполай сям’і і, нават, усынаўлення дзяцей.

Зараз такая палітыка  для нас здаецца радыкальнай, нязвыклай. А для іх – звычайнай, бо там – дэмакратыя і цывілізацыя.

У Еўропе значна болей баяцца праяваў экстрэмізму і тэрарызму на рэлігійнай глебе. Таму ў Швейцарыі, напрыклад, забаранілі на рэферэндуме будаўніцтва новых мячэцяў. Таму ўводзіцца жорстскі кантроль па ўсіх накірунках у адносінах да прадстаўнікоў рэлігійных абшчын, найперш мусульманскіх.

А што да прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў – дык у Еўропе даўно зразумелі, што яны --  звычайныя людзі. І павінны мець аднолькавыя з іншымі правы, у першую чаргу маёмасныя.

І маёмасныя спрэчкі былой сям’і пад час разводу там цывілізаваныя, па закону, згодна шлюбнай дамове(кантракту), без біцця посуду і г.д., як часта здараецца ў нас.

А як інакш разабрацца суду, калі  падчас разводу сямейная пара аднаго  пола  не мела нават магчымасці законным шляхам зарэгістраваць свае адносіны, свой  дэ-факта сямейны саюз?

У Еўропе  правы чалавека ў прыярытэце перад правам дзяржавы. А ў палітычным сэнсе хрысціянская дэмакратыя стала па сутнасці свабоднай. Гэта значыць, без рэлігійных догмаў, іншых забаронаў ды  забабонаў.

Таму і ў нас з цягам часу з развіццём прагрэсу рэгістрацыя аднаполых шлюбаў стане звычайнай з’явай. Проста пакуль што мы адстаем ад Еўропы ў гэтым самым прагрэсе. А таксама ў развіцці  дэмакратыі, што сказваецца на значна ніжэйшым у параўнанні з еўрапейскім ўзроні нашага жыцця і нашай прававой культуры.

Мне вельмі не хацелася, каб БХД  з-за артадаксальнага разумення з боку кіраўніцтва каштоўнасцяў ліберальнай і хрысціянска-еўрапейскай дэмакратыі( што па-сутнасці адно і тое ж) пераўтварылася ў дробную рэлігійную секту.

Выгнанне з БХД блогера Маргарыты Тарайкевіч—крок у няправільным накірунку. Нецярпімасць у адносінах адзін да аднаго на рэлігійна-філасофскай глебе, на жаль, пакуль што з’яўляецца адметнай рысай лідэраў БХД.

Ці, можа, я памыляюся?

Дыскусія на гэтую тэму працягваецца. На маю думку, розныя меркаванні на гэты конт, у тым ліку і ад прадстаўнікоў  БХД, шаноўнага Паўла Севярынца будуць крокам у накірунку прагрэсу, аднаўлення і развіцця дэмакратыі ў Беларусі.

P.S. Не пагаджуся з шаноўным Змітром Дашкевічам, што “бывший гей, принявший Христа, женился на девушке. Былых геяў і лесбіянак, як і былых  гэбістаў, не бывае. Гэта проста звычайны агітацыйна-прапагандысці( і неблагі, дарэчы) ход для станоўчага іміджу БХД. Хутчэй за ўсё гэта быў так званы былы распустнік-бісэксуал, якому было ўсё роўна з кім.

07.06.16 14:54



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец