Краіна-бацька

На гэты раз – не пра пацешны парад пацешнага войска дзеля пацехі аднаго чалавека ў пацешнай форме, на які выкінута на вецер столькі грошай, што хапіла б не на адну ўборачную і пасяўную кампаніі. 

Колькі словаў не пра прыдуманае Лукашэнкам "свята Дня незалежнасці Беларусі 3 ліпеня".    

Хачу павіншаваць усіх грамадзян Беларусі з гістарычным Днем Незалежнасці той краіны, дзякуючы якой мы жывем у адносным міры ды спакоі з 1945 году. Наймагутнейшай Краіны свету, якая з’яўляецца ўзорам спалучэння ваеннай моцы і дэмакратыі. Краіны, якой многія зайздросцяць, паважаюць ці баяцца.

Краіны, жыхароў якой некаторыя грамадзяне несвабодных краін з ліку зайздроснікаў называюць “піндосамі”, але якая пакуль больш ці менш эфектыўна, але ўсё ж  стрымлівае агрэсіўныя памкненні неадэкватных дыктатараў у розных кутках свету парушыць  мірны сусветны правапарадак і развязаць трэцюю сусветную вайну. 

Гэтая Краіна была створаная больш за дзвесці з гакам гадоў таму адчайнымі і смелымі людзьмі, якія ў сярэднявеччы ўцяклі ад рабства і цемрашальства за акіян.  І ў  нялёгкім, падчас жорсткім супрацьстаянні з мясцовымі абарыгенамі, якія пускалі ім стрэлы ў спіну, змаглі там выжыць, вызваліцца ад брытанскіх уладаў, якія доўгі час кантралявалі іх жыццё на новых землях, і заснаваць на амерыканскім кантыненце наймагутнейшую дэмакратычную дзяржаву. 

Як усе здагадаліся, гаворка ідзе пра Злучаныя Штаты Амерыкі.

4 ліпеня грамадзяне гэтай наймагутнейшай краіны-гаранта сусветнага міру і бяспекі адзначаюць свой Дзень Незалежнасці. 

Шмат  чаго можнана напісаць пра гэтую Краіну, дзе мне ўдалося двойчы пабываць. У першы раз – каб азнаёміцца з сістэмай функцыянавання амерыканскай дэмакратыі і стварэння законаў, па якіх  жывуць яе грамадзяне. 

У другі раз – каб паўдзельнічаць у традыцыйным штогадовым ліпеньскім  Тыдні паняволеных народаў, што жывуць ў несвабодзе, дыктатуры, страху ды рабстве.

 І да якіх, на жаль, дагэтуль адносіцца беларускі народ. Падчас другога побыту ў Злучаных Штатах мне на  паўлегальнай аснове ўдалося таксама папрацаваць некалькі месяцаў. Каб  зарабіць дастаткова грошай, вянуцца ў Беларусь, пабудаваць тут жытло, стварыць сям’ю, нарадзіць дзетак. 

І жыць, як і бальшыня беларусаў, ва ўмовах несвабоды і дыктатуры. Але працягваць весці палітычную і асветніцкую дзейнасць дзеля Беларусі, яе  лепшай будучыні. Дзеля яе рахманых і талерантных грамадзянаў, якія толькі напачатку 90-х  гадоў ХХ стагоддзя паспелі трошкі ўдыхнуць свабоды. 

Каб потым, у 1994-м,   на жаль, з-за фатальнай памылкі маладой палітычнай эліты і  катастрафічнага выбару ва ўмовах дэмакратыі на доўгія гады зноў паступова пагрузіцца ў цемру несвабоды ды ірацыянальнага страху. 

І, чаго тут хаваць, фактычна  прыхаванай, гібрыднай сучаснай формы рабства. 

Той формы рабства, пры якой народу навязаны ірацыянальны страх,  які, здаецца, вярнуўся да беларусаў праз гены з 1937-га году. З-за гэтага страху людзі пазбаўлены права выбіраць і мяняць сваю уладу. 

І большая частка народа пакорліва, але з надзеяй чакае хутчэйшай смерці свайго  “правадыра”, якога некалі абрала на вышэйшую дзяржаўную пасаду. 

Злучаныя Штаты Амерыкі і жыхары гэтай дзяржавы мала ведаюць пра Беларусь. Але, тым не менш, кіраўніцтва гэтай дзяржавы і яе дэмакратычныя інстытуты ўлады спрыяюць таму, каб несвабодныя краіны і іх паняволеныя народы пабудавалі на сваёй тэрыторыі дэмакратычны лад кіравання дзяржавай. Каб гэтыя народы мелі права свабодна і дэмакратычна мяняць уладу праз свабодныя, празрыстыя выбары. 

І, як мне падаецца, мы яшчэ маем шанец  вярнуцца да дэмакратыі і свабодных выбараў улады. Але пры той умове, калі захаваем дзяржаву – Рэспубліку Беларусь. 

Калі захаваем  і адродзім мову яе тытульнай нацыі – беларусаў. Мову Нацыі, якая дала назву дзяржаве,  і  якой грэбуе яе выпадковы правіцель. 

Мы ўсё ж дойдзем да Беларусі! Мы захаваем дзяржаву! Я ў гэта веру, спадзяюся на гэта. Перыяд рабства, цемрашальства,  крывадушнай хлусні і падману,  імя якому – лукашызм, павінен неўзабаве скончыцца. 

І мы будзем святкаваць свой сапраўдны, гістарычны Дзень Незалежнасці 25 сакавіка. Дзень, калі была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, якая абвясціла  незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларусь верне свае сапраўныя дзяржаўныя гістарычныя сімвалы: герб, сцяг і гімн, а  беларуская мова будзе гучаць паўсюль. Гэта будзе, я ў гэта веру. Бо без веры жыць нельга. І Беларусь будзе жыць! 

А пакуль што  з нагоды прыдуманага “дня незалежнасці” і параду пацешнага войска з пацешным “правадыром” у пацешным  генеральска-генералісімускім мундзіры хачу павіншаваць  амерыканскіх грамадзянаў з іх  гістарычным святам – Днём незалежнасці. 

4 ліпеня – Дзень Незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі! 

З Днём Незалежнасці, сусветная Краіна-бацька, гарант сучаснага міру і бяспекі ў свеце! Мае шчырыя віншаванні і падзяка ўсім супрацоўнікам Амбасады ЗША ў Беларусі! 

Мае найлепшыя зычэнні і падзяка амерыканскаму народу за  тое, што ён ёсць, за разуменне амерыканскімі палітыкамі, што маюць справу з беларускім  палітычным рэжымам, яго спецыфікі. За разуменне беларускага менталітэту і незвычайнай беларускай талерантнасці – той якасці, дзякуючы якой  яшчэ застаецца шанец захаваць дзяржаву. 

І хоць невялікі, ў сувязі з адсутнасцю выбараў, але ўсё ж шанец на адносна мірны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі яшчэ застаецца. 

Бо колькасць будучых узрушэнняў і пралітай крыві на шляху вяртання Беларусі да дэмакратыі будзе шмат у чым залежыць не толькі ад дзеянняў нашай усходняй суседкі – Расіі ў дачыненні да Украіны і Беларусі, але і ад пазіцыі Злучаных Штатаў па ўкраінскаму і беларускаму пытаннях.   

.
03.07.16 13:07



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец