Чаму я не застаўся ў Амерыцы.

Час ад часу чытаю, як яшчэ адзін выхадзец з Беларусі(на гэты раз нейкі прад’юсар Ул.Кубышкін)  паспяхова ўладкаваў сваё жыццё  у ЗША. І жыве там з асалодай  і адчуваннем поўнай свабоды і шчасця.

 

У мяне на гэты конт  сваё, нейкае ідэалістычнае і не ўсім, мабыць, зразумелае меркаванне.

 

Безумоўна, тое, што адчувае  разумны чалавек, трапляючы ў Амерыку – гэта адчуванне поўнай свабоды і неабмежаваных магчымасцяў для ўладкавання свайго жыцця і матэрыяльнага дабрабыту. У многіх  пры наведванні Амерыкі літаральна едзе дах.

 

Цяпер беларусу-эмігранту зусім не так цяжка ўладкавацца ў Амэрыцы, як гэта было напрыканцы 40-х -50-х гадох ХХ стагоддзя. І пра гэта ведаюць зараз далёка не ўсе.

 

Пра вялікія цяжкасці, праз якія прыйшлося прайсці пасляваеннай хвалі беларускай эміграцыі, мне распавядалі ўжо сышоўшыя з гэтага жыцця ў іншы свет дзеячы беларускай эміграцыі Васіль Мельяновіч і Расціслаў Завістовіч.

 

Аповяд і мары Васіля Мельяновіча

 

Калі ў 1996-м Васіль Мельяновіч вазіў мяне на сваім шыкоўным “Б’юіку” па Вашынгтону, Балтымору і Філадэльфіі ды распавядаў пра свой лёс, пра Амерыку і пра Беларусь, ён мяне, маладога 27-гадовага дэпутата сапраўднага беларускага парламента называў сынам. Часам ледзь не плакаў.

 

Ён, паспяховы амерыканскі беларус, быў ужо на пенсіі. Меў на той момант нават дзве пенсіі: ад амерыканскай кампаніі, у якой працаваў, і ад Балтыморскага ўніверсітэта, дзе колісь выкладаў мэнэджмент і маркетынг. І на той,  дый на цяперашні час яго сукупная пенсія складала каля 20 тыс. даляраў штомесяц. У Васіля Мельяновіча было ўсё: шыкоўны дом, матэрыяльны дабрабыт і г.д.,

 

Але  яго думкі і мары штурхалі яго назад, у Беларусь.

 

І вось, седзячы ў салоне  “Б’юіка”, што спыніўся ля марской гавані і прыгожага балтыморскага прычалу з  нейкім рэстаранам ды іншымі цікавымі архітэктурнымі забудовамі, сп. Васіль раптам у парыве шчырасці, называючы мяне Паўлікам, сказаў літаральна наступнае: “Уся надзея на вас, маладых дэпутатаў. Адхіліце Лукашэнку ад улады і вярніце тую Беларусь, якая мелася быць. А я і яшчэ некалькі багатых беларусаў з эміграцыі ў такім выпадку абавязкова вернемся ў Беларусь”.

 

Потым сп.Васіль распавёў, што ў яго амерыканскія пенсіі пажыццёвыя, што ён прадасць сваю маёмасць у Амерыцы, купіць у прадмесцях Мінска дом, і  пры нармалёвым беларускім кіраўніцтве будзе выкладаць за бясплатна менеджмент і маркетынг у Беларускім эканамічным універсітэце…

 

І што яго мара -- быць пахаваным у сябе на радзіме, на беларускім Палессі пад Лунінцам. І з гэткімі ж марамі ў Амерыцы жывуць яшчэ некалькі яго сяброў-беларусаў.

 

Слухаў я шчыраванне сп.Васіля – і слёзы на вочы наварочваліся. Я паабяцаў яму, што зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб найхутчэй пазбавіць Беларусь ад недарэчнасці і  той з’явы, імя якім Лукашэнка і лукашызм.

 

Ды, відаць, не лёс. Імпічмент  Лукашэнку 1996-га году  з-за ўмяшальніцтва Расіі і маладушша спікера Вярхоўнага Савета С.Шарэцкага і Старшыні Канстытуцыйнага Суда В.Ціхіні быў ганебна правалены. Беларусь на два дзесяцігоддзі пагрузілася ў палітычную і прававую імглу. І перабывае ў ёй дагэтуль.

 

Сябры і сваякі Васіля Мельяновіча выканалі яго апошнюю мару: ён быў пахаваны на сваёй Радзіме – Беларусі. Але ўсе астанія мары апошняга перыяду жыцця сп.Васіля Мельяновіча, як і іншых слынных дзеячаў беларускай эміграцыі ў Амерыцы так і засталіся няздзейсненымі.

 

Многія з беларусаў, упэўнены, памятаюць Васіля Мельяновіча—таго самага мажнога дзядзьку, які ў 1988-м у выставачным будынку па праспекту Машэрава ( цяпер -- праспект Пераможцаў)  прадстаўляў  на выставе  “Інфарматыка ў жыцці ЗША” шыкоўнае амерыканскае аўто. І распавядаў усё на мяккай чысьцюткай беларускай мове.

 

Тую выставу, якая доўжылася цэлы месяц і была, бадай, галоўнай падзеяй таго году, наведалі дзесяткі, а можа і сотні тысячаў жыхароў і гасцей Мінска.

 

Няспраўджаныя надзеі.

 

Ёсць яшчэ адзін важны чыннік майго вяртання ў Беларусь.

 

У 1997-м  я некалькі месяцаў быў у ЗША. Як па палітычных меркаваннях( удзел у традыцыйным Тыдні паняволеных народаў, да якіх разам з Кубай, Паўночнай Карэяй, Зімбабве ды іншымі адносіцца і Беларусь), так і па чыста эканамічных. Трэба было зарабіць на жыццё, бо ў Беларусі ў мяне ўжо быў воўчы білет.

 

Працуючы на розных цяжкіх працах  у польскіх  будаўніча-рамонтных фірмах нелегальна і паўлегальна, я таксама пабраўся шлюбам, які блаславіў тады Мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Ізяслаў( Бруцкі) у  Нью-Ёркскім Саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне.

 

У тыя гады нас, дэпутатаў легітымнага, але разагнанага парламента Беларусі – Вярхоўнага Савета 13-га склікання, прызнавалі ў Еўропе і ЗША. І была яшчэ надзея на аднаўленне ў хуткім часе  канстытуцыйнай законнасці ў Беларусі.

 

Ды, на жаль, надзея не спраўдзілася. Некаторыя мае сябры, што з’ехалі за мяжу, расчараваўшыся ў перспектывах дэмакратычнай Беларусі, клікалі мяне да сябе. Вось, напрыклад, мой цёзка і сябра па юрфаку БДУ Павел Шаўцоў пісаў у лісце з Лондана ў 1998-м, праз год пасля майго вяртання з Амерыкі:

 

“Паўла, дружа, не будзь дурнем, саскоч на Захад, пакуль не позна! Ангельку мы тут табе знойдзем, а можа нават і беларуску. А лукашызм – гэта ўсур’ёз і надоўга. Вось пабачыш…”.  І спасылаўся пры гэтым на менталітэт нашага затурканага народа, да якога вярнуўся страх сталінскіх часоў.

 

Я тады не паслухаў свайго сябра Паўла Шаўцова. Які, дарэчы, дасканала ведаў ангельскую мову, а таксама эканоміку  і юрыспудэнцыю.  І  працаваў у  колішнім  Міністэрстве  знешніх эканамічных сувязяў Беларусі, якое ўзначальваў  Міхаіл Марыніч.  Хоць недзе ў глыбіні душы разумеў, што ён мае рацыю.

 

Зараз спрабую праз інтэрнэт адшукаць Паўла Шаўцова, які, па  маіх неправераных звестках асеў недзе ў далёкай Аўстраліі… Паўла, адгукніся, калі раптам прачытаеш гэта!  

 

Аўстралійская полька Лявона Вольскага.

 

Мне падабаецца музыка.  Дый з гітарай сябрую па жыцці. У студэнцкія гады апроч песень Віктара Цоя вельмі падабалася тая маладая  “МРОЯ”, што пазней пераўтварылася у НРМ. Яе альбом-кружэлку  “Дваццаць восьмая зорка” 1989-90гг. я й дагэтуль лічу найлепшым, непераўзыйдзеным узорам  меладычнага беларускага цяжкага року. А мае студэнцкія сябры – аматары рок-музыкі, ўвогуле тады казалі, што “МРОЯ” Лявона Вольскага – гэта нават больш крута, чым падобны па стылю легендарны  Deep Purple”.

 

На нядаўнім мімалётным спатканні з Лявонам Вольскім пад час імпрэзы з нагоды 70-годдзя Паэта Уладзіміра Няклява я выказаў Лявону сваю думку аб тым, што ён для цэлага пакалення беларусаў ўяўляе сабой легенду беларускага року ўзроўню легендарнага бітла Джона Ленана, хоць і сам пра гэта яшчэ не ўсведамляе.

 

І нагадаў яму тыя часы, калі ён з гітарай прыходзіў спяваць у беларускі дзіцячы садок, дзе яго дачка Адэля была разам ў адной групе з маім сынам Максімам.  Лявон  Вольскі прыветліва  усміхнуўся, хоць мне падалося, што сум з яго твару пасля сыходу з жыцця жонкі яшчэ не сышоў.

 

На імпрэзу Паэта-юбіляра да помніка Янку Купалу ў  сквер  я прыехаў на роварах  разам з 16-гадовым сынам Максімам, які воляй лёсу ўжо некалькі гадоў жыве і вучыцца ў  Маскве. Аказалася, што мой сын таксама ведае некаторыя песні Лявона Вольскага, хоць і музыкай асабліва не цікавіцца. Але вось яно –  наўпроставае сведчанне  ўплыву добрай музыкі ў спалучэнні з  пранікнёнымі словамі на думкі беларусаў розных пакаленняў!

 

Дык вось, у Лявона Вольскага часоў “МРОІ” ў  песні  “Аўстралійская полька” распавядаецца аб тым, як сябры клічуць яго з’ехаць ў Аўстралію. жыць. Маўляў,

 

“..Там беларусаў вельмі багата

Хоць у вясёлцы гадамі сядзі,

Там валацугі ня лаюцца матам,

Там нарадзілася  ASDS

 

“..А тут радыяцыя вынішчае нацыю.

Не ўратавацца чырвоным вінцом”

 

Шмат гадоў мінула з тае пары. Тады, на пачатку 90-х хіба што толькі радыяцыя вынішчала беларускую нацыю. А ужо з сярэдзіны 90-х да нябачнага знішчальнага ўздзеяння радыяцыі Чарнобыля дадаўся Чарнобыль духоўны, імя якому – лукашызм. З моманту адмены адзінага дзяржаўнага статусу мовы беларусаў і фактычнай забароны нацыянальных гістарычных сімвалаў знішчэнне ўсяго беларускага ў Беларусі набыло катастрафічныя маштабы.

 

 

”Аўстралійская полька”  заканчваецца двума куплетамі, якія адлюстроўваюць мае адчуванні ў той час, калі мяне клікаў “саскочыць на Захад” сябар студэнцкіх часоў  Паша Шаўцоў:  

 

Я цэлы тыдзень цягаўся у трансе,
Рукi i ногi дрыжалi ў мяне.
I ўжо зусiм на чужыну сабраўся,
Толькi рашуча сказаў сабе: «Не».
 
Я - патрыёт, я правёў iх на станцыю,
Я iм сказаў: «Хай я хутка памру,
Толькi, панове, свая радыяцыя
Мне даражэй за чужых кенгуру! ”
 
 
Вельмі прашу ўсіх маіх сяброў,хто з’ехаў з Беларусі: не падумайце нічога кепскага пра мяне. Што я, быццам, Вас асуджаю ці зайздрошчу. Ні ў якім разе! 
 
Я ганаруся Вамі і Вашым выбарам. І тым, што там, на чужыне, хай то ў Амерыцы ці далёкай Аўстраліі, Вы і Вашыя дзеці застануцца беларусамі, якія памятаюць свае карані.
 
Ну а ў жыцці, якое ідзе няўмольна толькі наперад, бессэнсоўна аб нечым шкадаваць. Трэба рушыць толькі наперад. 
 
І, мусіць, такое маё наканаванне лёсу: ўслед за Лявонам Вольскім ды іншымі выбітнымі Беларусамі заставацца тут, у Беларусі. Не ўсім жа з’яжджаць.
 
Хачу,каб і ў маёй роднай Беларусі было вольнае і заможнае жыццё. Такое, як ў найбагацейшай краіне-бацьку усяе Зямлі пад назовам Злучаныя Штаты Амерыкі.
 
Ці хаця б такое, як у  той далёкай Аўстраліі,дзе, мабыць, жыве мой сябра Павел Шаўцоў. І дзе ёсць  “зіхаценне каралавых рыфаў” і “залаты акіянскі прыбой”. 
 
І дзе таксама жывуць вольныя людзі.
 
А таксама кенгуру і качкадзюбы, якіх я,мабыць,  ужо ніколі, як пяецца ў песні “ня ўбачу жыўцом”.
Але аб гэтым ужо не шкадую.
 
А калі пытаюцца, чаму я ўсё ж не застаўся ў Амерыцы і вярнуўся ў Беларусь, адказваю так: 
”Ведаеце, панове, справа ў тым, што мне мая радыяцыя даражэй за чужых
кенгуру”.

P.S. Ёсць яшчэ адзін чыннік, што абавязваў мяне вярнуцца ў Беларусь.
Ён звязаны з асобай Віктара Ганчара. Але аб гэтым -- неяк у іншы раз.     
 

.
15.07.16 14:25



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец