Пра веру, хамства і "богохульство"

Часам бывае, што разумны чалавек, чытае тэксты і разважанні, да якіх ён унутрана не падрыхтаваны -- і не можа іх асэнсаваць. Хаця б паспрабаваць ўспрыняць іх сэнс і змест.

Таму не дзіўна, што адзін з чытачоў майго мінулага артыкула сп. Аляксандр Валчанін  вынес адносна мяне свае  безапеляцыйныя высновы наконт  маёй веры,  " хамства і богахульства".

Я так і не зразумеў, дзе ўбачыў шаноўны сп. Аляксандр Валчанін у маім  артыкулах непавагу да Бога, а таксама  "хамство і богохульство".

Пра сваё крытычнае стаўленне да любой рэлігіі як да часткі палітыкі, як і да  многіх рэлігійных дзеячоў, што паразітавалі і працягваюць паразітаваць дагэтуль на чалавечых страхах і бедах -- пра гэта я не хаваю.

Пра гэта я, як і шмат хто з разумных людзей,  кажу і  казаць буду. Бо  дзейнасць многіх з іх(асабліва з ліку РПЦ і яе служкаў) -- гэта прамая пагроза існаванню Беларусі і нас --беларусаў, як нацыі.

Ды пры чым тут Бог, якога я не адмаўляю?  І наяўнасць(ці адсутнасць) якога з-за абмежаванасці сваіх ведаў я не магу сцвердзіць, нейкім чынам даказаць або абвегнуць яго існаванне.

Пра Біблію як кнігу для чытання я выказаўся са знакам пытання. Бо яна, як і яе многія жахлівыя і спрэс супярэчлівыя пасажы,  з пункту гледжання нармальнага чалавека ХХІ стагоддзя могуць  быць не толькі  прадметам для даследаванняў гісторыкаў і спецыялістаў.  Але і служыць падручнікам па экстрэмізму,  выхаванню рэлігійных фанатыкаў і г.д.

У адрозненне ад сп. Аляксандра Валчаніна я сваіх продкаў і адыйшоўшых у іншы свет сяброў ушаноўваю і ўспамінаю не ў царкве ці іншым культава-рэлігійным будынку, а на могілках.

А потым, калі ёсць магчымасць, то і дома ці дзе-небудзь у коле сяброў ды аднадумцаў. А царква, касцёл, мінарэт, сінагога ды іншыя рэлігійна-культавыя будынкі -- гэта частка нашай гісторыі. Я успрымаю іх як аб'екты архітэктуры, куды людзі хадзілі і ходзяць па тых або іншых прычынах, па звычцы ці паводле звычаяў і г.д.  Вось у гэтым сэнсе я і наведваю раз-пораз гэтыя будынкі: каб нешта спазнаць, паглядзець, асэнсаваць...

Часам спрабую зразумець: чаму падчас нягод, няшчасцяў, іншых жыццёвых выпрабаванняў частка людзей не знаходзіць падтрымкі побач з сабой?  Ды йдзе ў першую культавую установу, што патрапіцца на шляху? І добра, калі гэта будзе сапраўды беларуская установа: беларускі касцёл ці царква...

Але ж, як правіла -- гэта новапабудаваныя "храмы РПЦ", якія спрэс ды паўсюль "аднавілі" па ўсёй Беларусі, у тым ліку амаль ў кожным мікрараёне Мінска.


І гэта вельмі небяспечна, бо гэтыя ўстановы -- не беларускія. Яны вельмі далёкія як ад Беларусі і нашай мовы, гэтак жа і ад Бога.

Дый згодна той жа Бібліі, сп. Аляксандр Валчанін, царква -- гэта не будынак, дзе моляцца і ўслаўляюць Бога і богачалавека Ісуса Хрыста. Царква --гэта супольнасць, тусоўка, калі прасцей, людзей, якія ў Бога і яго сына-богачалавека Ісуса сапраўды вераць. І Вам, сп. Аляксандр, як доктару і адукаванаму чалавеку, мяркую, гэта вядома.

Ды вось выкажу Вам сваё меркаванне: вы ў Бога, насамрэч, хутчэй не верыце. Чаму?

Ну, па-першае,  вы  -- чалавек адукаваны, з розумам вышэй сярэдняга. І, нягледзячы на ўзрост, карыстаецеся інтэрнэтам і нават чытаеце мае тэксты. А гэта значыць,  што усё яшчэ здольныя падвяргаць сумневу свае непахісныя перакананні, аб чым і сведчыць Ваша рэакцыя на мае "умозаключения".

Па-другое, як доктар і чарнобылец, вы, мяркую, не раз сутыкаліся са смерцю, жахлівыміі трагедыямі і катастрофамі іншых людзей. І, мусіць, задавалі сабе пытанне: чаму Бог гэтак іх пакараў? Падчас зусім невінаватых людзей!  Напрыклад, тых немаўлят, якія пакутліва паміралі ад радыяцыі і апраменьвання, асабліва ў першыя месяцы пасля аварыі на ЧАЭС!  І ўсё яшчэ спрабуеце шукаць адказ.

І па-трэцяе, вы(і я часткова) -- прадукт выхавання савецкай сістэмы адукацыі, дзе не было месца Богу, а рэлігія падавалася выключна па-марксісцку, як "опіум для народа".  Потым вы часткова ўпіталі рэлігійны мэйн-стрым часоў гарбачоўскай перабудовы. Які пазней у пошуках нацыянальнай ідэі ўзяў сабе на ўзбраенне дзеля бясконцага панавання і ўтрымання ўлады Аляксандр Лукашэнка.

І Лукашэнка аб'яднаў, падпарадкаваў сабе найперш РПЦ і яе аддзел(экзархат) у Беларусі на чале з былым мітрапалітам Філарэтам і, часткова, каталіцкі Касцёл .

Каб не Расійская Праваслаўная Царква(РПЦ) і яе беларускі аддзел(экзархат) -- мы жылі б у іншай, дэмакратычнай і заможнай Беларусі!

Каб  жа не РПЦ!!! Каб не гэтае агіднае, амаральнае філарэтаўскае блаславенне Аляксандра Лукашэнкі на "бесконечное служение народу", г.зн на  "вечное царствование в Беларуси" ад імя Бога ў лістападзе 1996г. --  пасля брутальнага дзяржаўнага перавароту і разгону Вярхоўнага Савета! Тады б і Чарнамырдзін з Селязнёвым-Строевым-Зюганавым не дапамаглі б!

Бо Барыс Ельцын, які тады быў Прэзідэнтам Расіі, але захварэў на сэрца, быў на баку дэмакратыі і не падтрымліваў дыктатарскія памкненні Лукашэнкі. Каб у гэтым пераканацца-- дастаткова паглядзець рэпартажы расійскіх тэлеканалаў лістапада 1996г., якія тады аб'ектыўна асвятлялі тыя  падзеі.

Каб не ўсе пазнейшыя блаславенні на царства нашага нязменнага правіцеля,якія мы усе гэтыя 22 гады дыктатуры бачылі і чулі ад імя РПЦ і яе аддзела у Беларусі -- у мяне, можа, яшчэ б былі рэшткі павагі да гэтай структуры з абрэвіятурай РПЦ.

Няма чаго здзіўляцца тэндэнцыі, што усе разумныя беларусы, асабліва моладзь пасля крывавай плошчы 2010-га года і чарговай "элегантнай" перамогі нашага "сонцападобнага", якую таксама блаславіла РПЦ і яе беларускі экзархат -- пасля такога вычварнага акту ніхто з разумных і паважаючых сябе беларусаў больш не паставіць свечку  ў  "храме", які належыць да РПЦ.

Перакананы, што пасля ўсяго, што адбылося,  ў РПЦ на Беларусі няма будучыні. Беларусы -- адукаваны народ.  І мы збудуем сваю незалежную дзяржаву, у якой любая рэлігія ці філасофія людзей будуць паважацца аднолькава. І існаваць асобна , не ўмешвацца ў дзяржаўныя справы, не перашкаджаць развіццю Беларусі.

І ў заключнай частцы прашу яшчэ раз, сп. Аляксандр Валчанін, зразумець мяне правільна. Я не супраць Бога.

Я супраць фундаменталісцкіх рэлігійных структур, якія пад выглядам веры ў Бога( хай то Ісуса, Аллаха або яго прарока Магамета) прапагандуюць нецярпімасць да іншых людзей, каторых адносяць да  "няверных", "ерэтыкоў" і г.д.

Я супраць таго, каб любая рэлігія ўмешвалася ў дзяржаўныя справы ў любой форме. Я супраць прысутнасці прысутнасці мітрапалітаў, кардыналаў, папоў і ксяндзоў на парламенцкіх, урадавых ды іншых пасяджэннях, як і іх прысутнасці на цырымоніях інаўгурацыі і г.д.

Я супраць гэтых пампезных, цынічных паказальных шоў з наведваннем рэлігійных культавых устаноў вышэйшымі прадстаўнікамі свецкай улады Беларусі, пачынаючы з чыноўніка нумар адзін, праваслаўнага атэіста Аляксандра Лукашэнкі.

Але я за тое, каб Вы, сп. Аляксандр Валчанін і вашыя нашчадкі, як і мае таксама, мелі права верыць ці не верыць у Бога, чытаць і самастойна, без прымусу, вывучаць розныя рэлігійныя трактаты. І спавядаць( ці не спавядаць) любога з багоў, у тым ліку і яго сына-збавіцеля ў выглядзе богачалавека.

І каб Вы, як доктар і адукаваны чалавек, на фінішным адрэзку свайго жыцця не баяліся непазбежнага яго канца, калі прыйдзецца аддаць зямлі цела, умураваць яго прах у сцяну, закапаць ці развеяць у паветры...

І не турбаваліся аб тым, што нейкі пастыр ці святар, якога вы да таго ж не ведаеце, вас  не правядзе ў апошні зямны шлях ці  "не адпяе". Вашыя страхі на гэты конт -- бессэнсоўныя.

Турбуйцеся аб сваіх родных і блізкіх, аб сапраўдных сябрах, якіх болей не становіцца.  

І, канешне, думайце аб сваёй Радзіме, аб нашай Беларусі.  Дзе Вам давялося пражыць. І давядзецца, калі не з'едзеце за мяжу, памерці.

Бо калі потым Вы ці вашая, так бы мовіць, душа, прадстане перад Богам, то Ён можа у Вас запытацца: а што ж вы зрабілі на Зямлі, на тым яе месцы, дзе жылі?  Што далі таму народу, сярод якога па маёй волі пасяліліся?

І можа пакрыўдзіцца Бог на Вашую душу!  Хаця б за тое, што вы, насамрэч, не Богу адзінаму верылі, не тыя кніжкі чыталі, не тое з іх чэрпалі, а верылі  розным прайдзісветам і махлярам, што ад Яго імя тлумілі Вам мазгі.

І нават грэбавалі мовай таго народа, сярод якога жылі. Не навучыліся ёй самі і не навучылі сваіх дзяцей...

І тым самым здзейснілі найвялікшы грэх і перад народам, які Ён стварыў, і перад Ім --  Богам.

І таму, калі Вы шчыра верыце ў Бога, то кожны дзень, пражыты на Зямлі, прасіце Яго -- усемагутнага Бога, па-беларуску, каб Ён  вам дараваў  гэты ваш найвялікшы грэх перад Ім і перад тым Народам, які Ён стварыў. І сярод якога пасяліў вас жыць на Зямлі.

І каб не паслаў  Бог вашую душу  навекі пакутаваць ў пекла.


31.10.16 15:38



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец