Пра навагодняе "бла-бла-бла" "Адзінага палітыка"

Не буду нікога віншаваць з Новым 2017-м
годам. Хай гэта робяць іншыя, тым больш, што ёсць каму.

А ў маім жыцці дваццаць апошніх гадоў, па вялікаму рахунку -- змарнаваныя. І гэтак жа, па майму меркаванню, яны змарнаваныя і страчаныя  для Беларускай дзяржавы, якая  пастаўлена на мяжу выжывання.

Таму выкажу свае эмоцыі і адчуванні з нагоды навагодняга віншавання вядомага чалавека, з даўно сівымі валасамі на  з-большага лысай галаве, але чамусьці чорнымі вусамі .  Якога  некалі і толькі аднойчы ўсенародна абралі на пасаду чыноўніка пад нумарам 1 у нашай дзяржаве.

Я не называю назоў ягонае чыноўнае пасады. Тым больш, што гэты назоў, прынамсі без "двукосся" да нашага дэ-факта чыноўніка №1, я ніколі не ўжываў.  Гэта для мяне як юрыста недарэчы.

Дый, шчыра кажучы, за столькі гадоў ўсё настолькі абрыдла, што... Ну, проста ўсё гэта,  усе гэтыя слоўныя спалучэнні, датычныя да асобы займаючага пасаду чыноўніка  №1 у дзяржаве, сталі  гучаць неяк пагана.

Чалавек, які лічыць сябе Адзіным палітыкам(АП) на Беларусі, у апошнія хвіліны 2016-га ў дваццаць другі раз(!!!) прамовіў па зомбаскрыне сваё "бла-бла-бла", адрасаванае беларускаму народу.  Як і ўсе мінулыя разы, прамовіў не на мове, дзяжурна,  трошкі тэатральна "шчыра".  І, з-большага, выказаў адны чарговыя банальнасці і проста лухту.


За  22 гады аднаасобнага панавання "АП" амаль ушчэнт знішчыў Беларусь. Апора Беларускай дзяржавы і нацыі, яе мова, культура, гісторыя, нацыянальныя сімвалы або вынішчаныя, або забароненыя.

А гэны "адзіны палітык", колішні дырэктар саўгаса, зампаліт і лектар савецкага камуністычна-партыйнага таварыства "Знание" так і не здолеў падняцца ў сваім развіцці хоць крышачку вышэй. І засвоіць хаця б мову народа, які яго колісь абраў чыноўнікам нумар адзін.

Можа, ён не захацеў. А можа паленаваўся?  А можа з-за жывёльнага страху і нянавісці да БНФ(які  яму не пашчасціла  ўзначаліць у 1991-м) і асабіста да Зянона Пазьняка?

Усё можа быць. Але не будзем пакуль будаваць здагадкі. Зараз істотна іншае.

А менавіта: чаму  наш "адзіны палітык" працягвае так упарта грэбаваць  хаця б пад час урачыстасцяў карыстацца мовай свайго народа? І яму зусім не сорамна, што гэтым ён ганьбуе не толькі сябе, але і Беларусь перад усім светам.  Можа, ён ужо  скаціўся да такога стану, што баіцца рэакцыі Крамля?
Здаецца, ён нядрэнна ўмее чытаць па паперцы. І нават з экрана пад запіс на тэлекамеру. І, здавалася б, ў гэты трывожны для Беларусі,  для ягонае ўлады і ягонага жыцця час, мог бы прачытаць хаця б некалькі сказаў на мове свайго народа. Мы ж яшчэ памятаем  той яго першы ўрачысты выступ 27 ліпеня 1994-га, калі ён віншаваў Беларусь і беларускі народ з Днём Незалежнасці.

Але з тых часоў у яго не толькі мову адняло. Але, мабыць, і розум.  

У сваім памкненні захапіць маскоўскі Крэмль ён вельмі захапіўся гульнёй у  " інтэграцыю" і вяртаннем прывіда "саўка". Ды так захапіўся, што падчас доўгай, шматгадовай, так і не спыненай да гэтага часу інтэграцыйнай гульні літаральна вынішчыў усё беларускае ў Беларусі.

І ў гэткім сваім запале азартнага і эмацыйнага гульца ён падпіліў, падсек амаль усе апоры, на якіх пакуль што яшчэ трымаецца ягоная ўлада. І існуе Беларуская дзяржава.

Ён так і не разумее, што гэтае яго навагодняе "бла-бла-бла" можа быць апошнім ў ягоным жыцці. Ці, у лепшым выпадку, калі пашанцуе --  адным з апошніх.

Ён ўпарта не хоча гэтага бачыць. І, тым больш, не жадае ў гэта паверыць.

А між тым драматычныя ўзрушэнні і перамены ўжо мільгацяць недзе там,  у густым тумане на гарызонце. Пакуль што з-за туману іх мільгацення не разгледзець.

Але туман можа рассеяцца ў любы час.


01.01.17 4:56



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец