Завуаляваная хлусня

Тое, што ў БСДП(Грамада) унутрыпартыйны крызіс -- не навіна для чытачоў БП, журналістаў і, ўвогуле,  для ўсіх тых, хто цікавіцца палітыкай і станам беларускай паўдысідэнцкай апазіцыі.

Прычынаў крызісу шмат. Аб працы шэрагу партыйных актывістаў БСДП пад час мінулай прэзідэнцкай палітычнай кампаніі ў іншай палітычнай структуры, курыруемай на думку многіх, спецслужбамі -- кампаніі "Гавары праўду", шмат пісалася і гаварылася. Паколькі "Гавары праўду" -- палітычная структура, што пераследуе ўласныя палітычныя мэты і намагаецца стаць партыяй, партыйным таварышам, уключна з экс-намеснікам старшыні БСДП Ігарам Маслоўскім, якія працавалі ў гэтай сумніўнай структуры, было прапанавана вызначыцца: ці яны ў БСДП, ці ў "Гавары праўду".

Ігар Маслоўскі і К*, здаецца, вызначыліся на карысць БСДП(Грамада). Але на справе, застаўшыся ў БСДП, рабілі ўсё, каб шляхам інтрыгаў, з выкарыстаннем брудных метадаў  ажыццявіць рэйдэрскі захоп БСДП пад час апошняга з'езду партыі.

Сітуацыя на з'ездзе была крытычнай. Калі б групоўцы Маслоўскага ўдалося прапіхнуць паўнамоцтвы дэлегатаў БСДП ад Віцебскай вобласці, за якіх на сходах згодна ліпавым пратаколам галасавалі нават нябожчыкі -- БСДП(Грамада), мусіць, ужо б не існавала.

Але дзякуючы, мабыць, Богу, на з'ездзе ўсё ж такі перамагло здаровае ядро партыі. Тым не менш, групоўка І.Маслоўскага працягвала сваю раскольніцкую дзейнасць у партыі. А нядаўна  на старонках "Беларускага партызана" Ігар Маслоўскі публічна абвінаваціў  старшыню Цэнтральнай рэвізійнай камісіі партыі Анатоля Сідарэвіча і кіраўніцтва партыі (у прыватнасці,Ірыну Вештард, Ігара Барысава, Валянціна Аскірку), быццам яны патураюць рэжыму і падтрымліваюць лукашэнкаўскі дэкрэт "аб дармаедах".

Каб быць аб'ектыўным, прывяду цытату А.Сідарэвіча цалкам. І патлумачу што меў на ўвазе Анатоль Сідарэвіч, фармулюючы прычыну, што спарадзіла ўнутрыпартыйны раскол. Цытата:

"Праблема: як прымусіць працаваць і атрымліваць легальны заробак "прафесійных рэвалюцыянераў", якія нідзе не працуюць, не пішуць артыкулы, кнігі, нават не шукаюць працу і хочуць смачна есці, соладка піць, мякка спаць і наогул прыгожа жыць?".

На мой погляд, праблема пастаўлена досыць дакладна. Чаму пакрыўдзіўся І. Маслоўскі, і дзе тут ён ўбачыў падтрымку "дэкрэта аб дармаедах",  што яго так абурыла -- застаецца толькі здагадвацца. Праблема ўнутрыпартыйная, сфармулявана дакладна, тычыцца некаторых палітыкаў і невялікай групы палітычных актывістаў, прэтэндуючых на лідэрства. А не ўсіх 450 тысячаў грамадзянаў, што патрапілі пад раздачу згодна  лукашэнкаўскаму "дэкрэту аб дармаедах".

Праблема, дарэчы, характэрная не толькі для БСДП(Грамада). Але  і іншыя партыі з ёй сутыкаліся.

Той жа лідэр "Гавары праўду" сп. Андрэй Дзмітрыеў у свой час вельмі няблага  "пашчыраваў"  у АГП. Ды так, што мусіў адтуль сыйсці(ці мо выгналі -- не ведаю дакладна). Але ж сп.А.Дзмітрыеў(нягледзячы на вельмі маё неадназначнае стаўленне да яго як да асобы), усё ж сыйшоў з АГП у іншую структуру. І мушу канстатаваць, што ён ужо не можа муціць ваду ў АГП. А хіба толькі ва ўсёй "рознапоўсцевай" паўдысідэнцкай апазіцыі, змагаючыся за рэсурсы для ўласнага палітычнага існавання і існавання сваёй структуры пад назовам "Гавары праўду".

Калі ты лічыш сябе змагаром і рэвалюцыянерам, дык ты павінен сам шукаць сродкі як для барацьбы з рэжымам, так і для ўласнага існавання і выжывання ва ўмовах рэжыму. Не браць іх ад партыі, а ўкладаць іх у партыю. Ці, калі прынцыпова не згодны з яе кіраўніцтвам -- годна сыйсці, стварыць сваю структуру ці далучыцца да іншай, якая больш да спадобы.

Калі чалавек прэтэндуе на лідэрскія пасады ў партыі БСДП(Грамада) -- ён павінен быць не толькі сумленным, разумным, з веданнем беларускай і ангельскай моваў, але і паспяховым у жыцці,самадастатковым чалавекам.  Ігар Маслоўскі такім не з'яўляецца.

Ну а тое, што Ігар Маслоўскі прапануе сыйсці з партыі Анатолю Сідарэвічу і тым, хто партыю ўратаваў у найцяжэйшы час, хто з'яўляецца, без перабольшвання, яе гісторыяй, гонарам і сумленнем -- для мяне чуць такое ад спадара Маслоўскага нават агідна.  Не дачакаешся!

Ну але ж калі так, то ў сваю чаргу я таксама прапаную Ігару Маслоўскаму добраахвотна сыйсці з партыі. І перастаць хлусіць ды, як кажуць, муціць ваду.

Лічу, што маю права публічна звярнуцца з такой прапановай да сп. І.Маслоўскага. Бо з'яўляюся сябрам Грамады з сакавіка 1994г., быў намеснікам старшыні партыі ў 1995-96гг., дэпутатам апошняга легітымнага парламента -- Вярхоўнага Савета 13-га склікання, заснавальнікам і лідэрам "Маладой Грамады" (1995-1998г).

За 23 гады майго партыйнага сяброўства Грамада перажыла шмат крызісаў ды расколаў. Спадзяюся, што перажыве і гэты.


23.02.17 1:52



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец