Пра калгаснага пахана, мядзьведзя-шатуна і міжнароднае права

Дзесьці напачатку 2000-х пасля скрадання і забойства Ганчара і Захаранкі да мяне прыйшло ўсведамленне, што  наш калгасны "пахан" перакрочыў чырвоную лінію.  

І будзе, абапіраючыся на старую камуна-гвардыю Мясніковіча-Кебіча, рабіць усё, каб да смерці сваёй намі правіць. Ці, прынамсі, да той пары, пакуль не прыйдзецца збегчы ў пошуках паратунку.

 Ну а правіць намі для яго азначае:  
1)трымаць у пакорнасці й страху "народзец" ды перыядычна строіць і трэсьці чынуш, 
2)гуляць у хакей і катацца на роліках, 
3)перманентна ездзіць у Маскву за грашыма ды падарожнічаць па свеце.

 Пры такім стылі кіравання наш "пахан"(а для кагосьці па-ранейшаму "бацька") за атрыманыя ў Маскве грошы ва ўгоду свайму  ўсходняму спонсару-суседу з яго імперскай невылечнай хваробай мусіў планамерна знішчаць ва ўласнай вотчыне усё беларускае. Тым болей, што такі стыль кіравання адпавядаў ягонай "савецкай калгаснай натуры". 

А ў дадатак наш "пахан"  апроч грашовых крэдытаў ды іх перыядычнага спісання яшчэ атрымліваў танна нафту-газ, але пры гэтым  стараўся не здаваць  ўласнасць сваёй вотчыны( за выключэннем "Белтрансгазу") з захаваннем магчымасці друкаваць ўласныя грошы. 

 
Ну і яшчэ  ён "кляўся ў брацкай любві" суседу, абяцаў бараніць яго і "гніць з ім у адных акопах" у змаганні з ворагамі НАТО... 

Вось, бадай, і ўся яго "геніяльная" 22-гадовай працягласці палітыка.

 Паталагічна хворая на імперскі сіндром суседская душа -- ад халопа да цара -- на гэткую палітыку спраўна куплялася. Ды купляецца  й дагэтуль. І, пэўна, будзе купляцца аж да свайго скону. 

А тое, што імперыя калісьці сканае -- гэта гістарычная заканамернасць. 

Але вось неўзабаве здарылася так, што ад нашага усходняга імперскага суседа паспрабавала адчапіцца яго паўднёвая суседка -- Украіна. І прыйшлося ўсходняму суседу-імперыі за гэткае свавольства пайсці на сваю паўднёвую суседку вайной. І захапіць частку  яе тэрыторыі-- Крым і Данбас, якія былі населеныя пераважна сваімі "русскоязычными душами".

 Ды вось патрапіў усходні наш сусед за гэта пад эканамічныя санкцыі Еўропы ды Амерыкі і ў міжнародную палітычную ізаляцыю.

 Пасля гэтага ў нашага магутнага ўсходняга суседа паменела грошай. І нашага калгаснага "пахана"  ён стаў  падціскаць:
 маўляў, "хватит болтать, присоединяйся к нам -- и будешь пожизненно править в своём, то бишь уже нашем удельном "западном паханате". А не то -- уволим!".
 
Наш "пахан" заўпарціўся. Бо за столькі гадоў надта ж спадабалася аднаасобна ўладарыць, падарожнічаць па свету... І нават перыядычна наведваць ААН!  І часам пачуваць сябе амаль Богам! 

Прынамсі,вышэй за "удзельнага князя" з якога-небудзь Татарстана ці, там, да прыкладу, хвалёнага "чачэнскага Рамзана": у іх абодвух, разам узятых,  такіх магчымасцяў як у яго няма! 

Ды  вось дзе гарантыя, што  усходні сусед  дасць нашаму калгаснаму "пахану" магчымасць пажыццёва правіць пасля далучэння! Гэта ж могуць быць толькі абяцанкі-цацанкі...

Вось такі насамрэч,  навідавоку  і ўвесь расклад.  І той асноўны матыў, так бы мовіць,  "паказальнай упартасці" нашага  калгаснага "пахана". 

Ды калі захоча даціснуць яго  наш магутны сусед з Усходу -- то дацісне!  Ды так, што наш  калгасны "пахан", як маленькае кацяня, не здолее нават і пікнуць. 

А вось што будзе з яго ўладнай вотчынай, "паханатам" -- з Беларуссю...

У  атачэнні калгаснага "пахана" і ў яго пацешным парадным войску засталіся ў асноўным "трусливые дрожащие твари", гатовыя пры з'яўленні "зялёных" павесці сябе як данбаскія "нэлі штэпы", шахтары ды трактарысты.  

Гэта значыць, "построиться по указанию за поребрик".


                                     Дэнацыялізаванае  чынавенства як галоўная пагроза незалежнасці

 
Сярод "дрожащих тварей пахана" з ліку чынавенства ды пацешна-параднага войска 90% ня маюць, на жаль, ні нацыянальнага стрыжня, ні дзяржаўнага мыслення. Адсюль і вынікае галоўны выклік і галоўная пагроза для далейшага існавання нашай дзяржавы. 

Бо такія "дрожащие твари" ва ўладзе амаль спрэс ня ведаюць ні беларускай, ні ангельскай моваў, што проста неабходна сёння не толькі для паважлівага стаўлення да сябе з боку іншых, але і для ўсебаковых камунікацый, для нармалёвага дзяржаўнага кіравання.
 
Нашае дрыжачае, жлобскае і дэнацыялізаванае чынавенства -- галоўная пагроза незалежнасці. Калгасны пахан да такой ступені іх разбэсціў, прасеяў і перамалоў за 20 з гакам гадоў упівання ўладай, што сустрэць там не дрыжачага, не жлаба і нацыянальна-свядомага -- вялікая рэдкасць. 

Сумна ўсё гэта. І трывожна. Бо нават калі калгасны "пахан" збяжыць(а такое ўжо не выключана) -- ніхто не можа гарантаваць, што ў выніку забурэнняў яго месца не зойме такі ж самы пахан.  Ці яшчэ горшы. 

І калі так здарыцца, то такога кшталту яго наступнік пахавае Беларусь канчаткова.


                                   Пра патрэбу  моцнага нацыянальнага лідэра

 
Усё вышэйпададзенае штурхае да высновы, што для ўратавання Беларусі, дзеля дафармавання паўнавартаснай беларускай нацыі і нацыянальнай дзяржавы на нейкі пераходны перыяд спатрэбіцца вельмі моцны нацыянальны лідэр. Яшчэ мацнейшы, чым Парашэнка ва Украіне. 

Бо ва Украіне, прынамсі на захадзе і ў цэнтральнай яе частцы, украінская нацыя да моманту перамогі Еўрамайдана ўжо існавала. 

І менавіта гэты чыннік і ўратаваў Украіну ад яе распаду і падзелу згодна з распрацаваным у маскоўскім Крамлі праектам федэралізацыі і стварэння "Новаросіі" на усходніх і паўднёвых яе тэрыторыях.
 
На тле расійска-украінскай вайны кожны беларус дзесьці ў глыбіні душы задае сабе пытанне: як быць і што рабіць, калі й да нас "дабярэцца Данбас"?  Або як сябе паводзіць, калі захочуць нас "узяць як Крым"? 

Ня варта цешыць сябе мантрамі, што гэта амаль немагчыма, што нас уратуе міжнароднае права, "будапешцкі мемарандум"... 

Ужо да многіх, мусіць, прыйшло ўсведамленне, што кошт  такіх "мемарандумаў" ды іншых паперак часам варты хіба што рулона паперы для прыбіральні.
 
Цешыць сябе пасля Крыма мантрамі ды спадзевамі на ўсялякія "мемарандумы" ды іншыя паперкі -- прыкладна тое ж, што заняць позу "лотаса" для медытацыі, калі перад табой сядзіць мядзьведзь. Хай пакуль што не надта галодны і злы мядзьведзь. Але толькі пакуль.


                                             " Мядзьведзь-шатун" і міжнароднае права.

 
Вельмі сімвалічна, што нашага ўсходняга суседа па мапе ва ўсім свеце якраз і асацыююць з мядзьведзем.

Канешне, мядзьведзі бываюць розныя. І лагодныя, дрэсіраваныя, як у цырку. Але бываюць і хворыя. Або шатуны. 

І калі ўжо параўноўваюць з такім хворым мядзьведзем вялікую дзяржаву з ракетамі і ядравай зброяй на ўзбраенні яе войска -- трывога ахоплівае не толькі цывілізаваныя краіны, але і ўсё чалавецтва. 
 
Кажу і пішу гэта як юрыст-міжнароднік, былы выкладчык міжнароднага права Белдзяржуніверсітэта, дэпутат і член пастаяннай Камісіі па міжнародных справах апошняга легітымнага парламента Беларусі -- Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Пра які ў Еўропе ўжо, мусіць, і забыліся.  Як і забыліся пра свае фундаментальныя прынцыпы чалавечага вымярэння,  "Парыжскую хартыю  для новай Еўропы"  і г.д.

У мяне выклікае вялікую небяспеку і расчараванне тое, што ўся сістэма міжнароднага права, якое я выкладаў колісь ва ўнівесітэце, аказалася ў выніку захопу Крыма глыбока дэфармаванай. 

І пакуль што бяссільнай перад брутальным парушэннем з боку краіны-пастаяннага члена Савета бяспекі ААН -- Расійскай Федэрацыі, свайго асноўнага сістэмнага фундаментальнага прынцыпа -- тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. 

Колькі яшчэ чакаць выпраўлення такой глыбокай дэфармацыі, і што чакае свет на шляху такога выпраўлення -- не ведае дакладна ніхто.
 
Ну але ж нам, кожнаму па-асобку і ўсім разам трэба рабіць тое, што можам. А там -- будзь што будзе.


.
13.03.17 17:39



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец