Беларусь і "рускі мір": "Чыя мова -- таго і зямля!"


Яшчэ ў 1995-м Аляксандр Лукашэнка неяк прызнаўся, што будучыя пакаленні беларусаў праклянуць  яго за тое, што ён пасягнуў на святое -- на мову беларусаў і нацыянальныя гістарычныя сімвалы Беларусі.

Вынікі лукашысцкай культурна-нацыянальнай палітыкі(а не толькі лукашэнкаўскай, бо не адзін жа ён яе праводзіў), якая была і застаецца антыбеларускай па сваёй сутнасці і зместу, сапраўды ЖАХЛІВЫЯ.

Сёння рэальнасцю стала тое, што  беларускай мовай штодзённа карыстаюцца і размаўляюць на ёй па некаторых звестках толькі каля 1-2 % насельніцтва Беларусі. А гэта азначае, што Беларусі як дзяржаве і беларусам як несфармаванай палітычнай нацыі можа быць вынесены смяротны прысуд.

Выкажу сваё суб'ектыўнае, магчыма спрэчнае меркаванне: Беларусь як дзяржаву і беларусаў як нацыю ў постлукашэнкаўскі перыяд уратуе хіба што толькі моцная нацыянальная дыктатура.

Пакуль што Лукашэнка фармальна трымае нашу  незалежнасць. Але толькі фармальна. І толькі пакуль.

Шмат у чым незалежнасць, так бы мовіць, папяровую. Бо рэальнай незалежнасцю Лукашэнка 20 з гакам гадоў  больш-менш паспяхова гандляваў. За падтрымку Крамля і за халяўныя расейскія грошы і энерганосьбіты Лукашэнка ўвесь час абяцаў расейскаму палітыкуму  яднанне( единение) Беларусі і Расіі ў няскончанай дагэтуль інтэграцыйнай гульні.

Выкарыстоўваючы невылечную імперскую хваробу расійскага палітыкума, Лукашэнка дамогся неверагоднага: 23 гады запар аднаасобна кіраваць Беларуссю! І, што вельмі прыкра і трагічна, менавіта паўтаталітарную мадэль  дыктатуры Лукашэнкі ўзяла сабе на ўзбраенне Расія, дзе да ўлады напачатку  2000-х прыйшло бізнес-крыло ФСБ на чале з палкоўнікам Уладзімірам Пуціным.


Калі на вяршыне ўлады ў любой дзяржаве знаходзіцца прадстаўнік яе спецслужб -- гэта ўжо само па сабе ёсць небяспека для яе народа. А калі такі кіраўнік дзяржавы ў дадатак мае вельмі вялікія паўнамоцтвы -- гэта амаль катастрофа. Бо вельмі абцяжарваецца грамадскі і парламенцкі кантроль за спецслужбамі і сілавымі структурамі такой дзяржавы. Дый сам парламент у такой дзяржаве -- бутафорскі, лялечны.

Будучыня Расіі, як і будучыня яе апошняга сатэліта -- Беларусі, сёння непрадказальная. У агляднай перспектыве магчыма яшчэ маё пакаленне зможа назіраць  распад Расіі па ўзору СССР.

Але ж  ўсім нам яшчэ трэба дажыць да  распаду  хворай усходняй імперыі!  У незалежнай, хай пакуль і не зусім дэмакратычнай ці зусім недэмакратычнай Беларусі!

Вось зараз мяркую: калі б захопу(анэксіі) украінскага Крыма Расіяй папярэнічаў рэальны рэферэндум аб далучэнні Беларусі да Расіі як вынік шматгадовай палітычнай інтэграцыі і стварэння так званай "саюзнай дзяржавы" -- пра Беларусь як незалежную дзяржаву з яе міжнароднай правасуб'ектнасцю можна было б ужо забыцца.

Лукашэнка ў выніку свайго панавання на Беларусі і гандлю яе суверэнітэтам амаль вытруціў той нацыянальна-культурны пласт беларускага грамадства, што нараджаўся напачатку 90-х ХХ стагоддзя. І быў здольны яе, нашую незалежнасць, бараніць.

Аб гэтым яскрава засведчылі апошнія жахлівыя для Беларусі вынікі інфармацыі з перапісаў насельніцтва і даследаванняў ААН, прааналізаваныя даследчай групай Euromonitor International.

Калі ў 1994-м, г.зн. на момант прыходу Лукашэнкі да ўлады амаль палова жыхароў Беларусі лічылі асноўнай сваёй мовай беларускую мову -- 49,6%, то ў 2016-м іх засталося менш за 29%.

А вось мову суседняй дзяржавы -- Расіі, асноўнай у 2016-м сталі лічыць 71% жыхароў Беларусі, што ўжо падобна да катастрофы.  

Нацыянальна-культурны пласт беларусаў як нацыі ужо амаль растварыўся: хтосьці быў знішчаны, хтосьці памёр, значная частка з'ехала за мяжу. А частка, расчараваўшыся, падалася ва ўнутраную эміграцыю.
Новых свядомых беларусаў з-за шматгадовай антыбеларускай палітыкі нашага калгаснага "правадыра" у, фактычна, турэмнай у нацыянальна-культурным сэнсе атмасферы ў беларускім па назве, але тутэйшым ці расійскім па мове і духу грамадстве амаль не  нараджалася.  

Дый як ім было нарадзіцца, калі колькасць школ з беларускай мовай навучання з першага класа зменшылася з 80% у верасні 1995г. да 11% -- у 2016-м. І ніводнай ВНУ з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове! Не кажучы ўжо пра дзяржаўнае справаводства, законы і падзаконныя акты дзяржавы, мову тэлебачання і радыё і г.д.

І тое, што яшчэ нейкім цудам Беларусь як дзяржава, наперакор усім 23-х-гадовым намаганням Лукашэнкі ды іншых дагэтуль яшчэ існуе, ды яшчэ пад бокам магутнага імперскага суседа -- гэта сапраўды нейкі цуд.

Але чалавеку разумнаму, а тым больш палітыку, нельга верыць у цуд. І, тым больш, спадзявацца на цуд. Бо цуды ў нашым чалавечым жыцці калі і здараюцца, дык вельмі і вельмі рэдка.


Прыкра й дзіка пра гэта пісаць, але мушу. Неяк сярод школьнікаў і студэнтаў пачуў такое здзеклівае: "Я не знаю беларЮскі,потому что учіл рЮскі". Тут, як кажуць, ні дадаць,ні адняць.

Як палітык і дзяржаўны дзеяч А.Лукашэнка так і застаўся на ўзроўні кіраўніка адсталага савецкага саўгаса і лектара савецкага камуністычнага таварыства "Знание".

Людзі такога ўзроўню апрыёры ня здольныя спасцігнуць асноваў рынкавай эканомікі. І, тым больш, кіравання не толькі дзяржавай, але, нават і дробным прадпрыемствам у рынкавых умовах.

У палітычным  сэнсе людзі ўзроўню Лукашэнкі ўвогуле не разумеюць, што ёсць Беларусь як нацыянальная дзяржава.

Лукашэнка атрымаў у спадчыну толькі камуна-савецкае выхаванне, і ўспрыняў розумам і мазгамі  толькі "савецкую" гістарычную канцэпцыю фармавання нацый, народнасцяў і дзяржаваў. Іншага, адрознага ад камуна-савецкага ўспрыняцця гістарычных працэсаў Прырода і Бог Аляксандру Лукашэнку і яго памагатым, увы, не далі.

Людзі ўзроўню Лукашэнкі па свайму генатыпу ня здольныя ўспрыняць іншы,  так бы мовіць, "несавецкі" пункт гледжання на гісторыю ўтварэння той ці іншай нацыянальнай дзяржавы і фармавання нацыі(любой, а не толькі беларускай).

Менавіта таму ў лукашэнкавым ментальным  успрыняцці беларуская нацыя і беларускі народ -- гэта частка "исторической общности" -- "савецкага" народа, а самі беларусы -- "рускія са знакам якасці".

Паколькі Расія сёння -- працяг СССР і Расійскай імперыі, то ў разуменні Лукашэнкі рускі народ, яго мова і культура як асноўныя ў Расіі і ёсць той той вялікі народ, да якога належаць беларусы. Хіба толькі беларусы ў параўнанні з астатнімі рускімі ў разуменні Лукашэнкі -- больш прасунутыя і цывілізаваныя, так бы мовіць, са "знакам якасці".
 
Людзі выхавання і складу А.Лукашэнкі апрыёры ня здольныя зразумець сутнасць канцэпцыі "рускага міру" і ўсёй палітыкі Расіі ў дачыненні да Беларусі, Украіны і іншых суседніх дзяржаваў.

А сутнасць канцэпцыі "рускага міру" і ўсяе палітыкі Расіі ў дачыненні да суседзяў  ў канчатковым яе выражэнні зводзіцца да формулы: "Чыя мова -- таго і зямля!".


02.05.17 4:00



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Павел Знавец